Как прекратить «дружбу» с никотиновой зависимостью?

Здравоохранение

З 16 па 22 лістапада ў краіне праводзіцца інфармацыйна-адукацыйная акцыя па прафілактыцы курэння як фактара рызыкі развіцця анкалагічных захворванняў. Пра тое, як “спыніць сяброўства” з нікацінавай залежнасцю, расказвае псіхіятр-нарколаг Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Паліна Генадзьеўна ПУГАЧ:

– Згодна з Міжнароднай класіфікацыі хвароб, тытунёвая (нікацінавая) залежнасць адносіцца да фізіялагічных расстройстваў паводзін, звязаных з ужываннем псіхаактыўных рэчываў. Лячыць яе – працаёмкая справа, якая ў многім залежыць ад настрою пацыента. Каля 70 працэнтаў курцоў хацелі б развітацца са звычкай, 50 працэнтаў – спрабавалі гэта зрабіць на працягу апошняга года.

Існуе два асноўныя спосабы адмовы ад курэння: аднамомантны, пры якім чалавек кідае курыць раз і назаўсёды, а таксама паступовы. Першы падыходзіць для тых, хто толькі пачаў курыць, для дзяцей і падлеткаў. Загадзя настройце сябе, пастаўце канкрэтную дату (тыдні праз 2-3), скажыце знаёмым, што кідаеце курыць – яны пастараюцца дапамагчы. Другі ж рэкамендуюць курыльшчыкам са стажам або ва ўзросце звыш 50 гадоў. Тут варта карыстацца сістэмай самаабмежаванняў: не курыце нашча; пры ўзнікненні жадання закурыць пастарайцеся сябе чым-небудзь заняць; замяніце курэнне лёгкімі фізічнымі практыкаваннямі, прагулкамі, шклянкай соку, мінеральнай вады, жавальнай гумкай, несалодкай садавіной; штодня скарачайце колькасць выкураных цыгарэт на 1-2; кладзіце пачак далей ад сябе; не насіце з сабой запалкі; пасля кожнай зацяжкі (лепш неглыбокай) апускайце руку з цыгарэтай ўніз; выкурвайце цыгарэту толькі да паловы; купляйце цыгарэты розных марак, а не толькі свае любімыя; курыце стоячы або седзячы на нязручным крэсле; перастаньце курыць на рабоце, у кватэры.

Першыя дні без цыгарэты самыя цяжкія. Трэба хутчэй вызваліць арганізм ад нікаціну і іншых шкодных кампанентаў тытунёвага дыму. Для гэтага неабходна выконваць наступныя правілы: піце больш вадкасці: вады, сокаў, чаю з лімонам (апошні змяшчае вітамін С, які асабліва патрэбны тым, хто кідае курыць); адмоўцеся ад моцнай кавы, вострых страў – яны абвастраюць цягу да цыгарэты; ешце больш свежай агародніны, кісламалочных прадуктаў; кожны дзень з’ядайце лыжку мёду – ён дапамагае печані ачысціць арганізм ад шкодных рэчываў; падтрымлівайце высокі ўзровень фізічнай актыўнасці – фізкультура не толькі адцягвае ад курэння, але і ачышчае дыханне.

Лягчэй кінуць курыць, знаходзячыся на адпачынку, змяніўшы звыклую (рабочую, дамашнюю) абстаноўку. У дапамогу – чаромха: вазьміце галінку, вызваліце ад лісця, дайце падсохнуць, парэжце кавалачкамі да 1,5 см і насіце з сабой. Пры жаданні закурыць пакладзіце ў рот палачку і пажуйце – браць цыгарэту перахочацца. Пасля трох няўдалых самастойных спроб спыніць курэнне, рэкамендуецца звярнуцца да спецыялістаў, якія прызначаць псіхатэрапеўтычныя і лекавыя сродкі ў барацьбе з курэннем.

Арганізацыі аховы здароўя Віцебскай вобласці, якія ажыццяўляюць лячэнне нікацінавай залежнасці:

1. Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі (vit.pnd.vitebsk.by) – Віцебскі раён, п. Віцьба, Цэнтральная, 1а, (80212) 692960; г. Віцебск, вул. Церашковай, д.30, (80212) 614581, 614576 (ананімна);

2. Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца, псіханеўралагічны дыспансер (ncgb.by) – г. Наваполацк, вул. Гайдара, д.4, (80214) 371375;

3. Полацкая абласная псіхіятрычная бальніца (psixbolnicapolotsk.by) – г. Полацк, вул. 23 Гвардзейцаў, 4а, (80214) 773068, 774757.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *