Пешеходное движение уже возобновлено! Официальное открытие моста через реку Ушача в горпосёлке состоится 27 ноября

Общество

З двух бакоў Ленінскай ля моста яшчэ стаяць загароды, аднак пешаходны рух па ім ужо адноўлены. Толькі лічаныя адзінкі яшчэ спускаюцца на пантонны, ці не ведаюць пра дазвол, ці жадаюць апошнія разы адчуць пагойдванне вады пад нагамі.

Дзіўна, аднак уражанні, калі ступіла на блакітны пантон у маі і калі пазаўчора крочыла па цэнтры шырокай асфальтавай гладзі пад мокрым снегам, былі аднолькавымі. Дух захапляла. У першым выпадку – ад блізкай ракі, качак, хуткага лета. Зараз – ад незнаёмага, быццам пазычанага ў вялікім горадзе збудавання. Хоць і казалі, што мост будзе ранейшых памераў, на былых апорах, у ім не засталося нічога ад папярэдніка, хіба што ўспаміны. У такую пару яго нельга было няспешна перайсці, абавязкова кароткімі перабежкамі, каб чарговая машына не падзялілася з табой усёй вадой бруднай лужыны. Ну а пераадолець тратуар, каб засталіся сухімі ногі – маглі адзінкі эквілібрыстаў. Зараз усё ў былым. І красамоўны доказ таму ў асобе дзвюх ушачанак з сумкамі, што сустрэліся пасярэдзіне моста. Яны нікому не заміналі, з імі свабодна разміналіся школьнікі, пажылыя людзі, веласіпедысты, што кацілі свой транспарт.

– Мы разумеем, наколькі ўшачанам надакучыла спускацца па слізкіх узгорках, таму пешаходаў не заварочваем, – гаворыць майстар Вадзім Пяроў, якога спецыяльна адклікалі з падобнага аб’екта з Баранавічаў, каб замяніць захварэўшага калегу і здаць мост у запланаваны тэрмін. – Сёння пахавальную працэсію прапусцілі, каб людзі круг такі не рабілі. Зараз, калі ўжо ўкладзены асфальт, пагрозы пакрыццю няма. Не пускаем увесь транспарт у мэтах бяспекі людзей: работы ж яшчэ вядуцца, каб ніхто не трапіў пад колы.

“Ці паспееце да 27-га”, – удакладняю ў майстра. І чую адназначнае: “Канечне. Работы засталіся касметычныя: пафарбаваць поручні, зняць апалубку з водасцёку і зрабіць бутавую насыпку”. Менавіта гэтым і займаўся работнік на маленькім пагрузчыку – падвозіў і засыпаў на адхілы каменне, каб ліквідаваць яшчэ адну ранейшую праблему: патокі вады размывалі берагі, таму і рабілі зараз дрэнаж для сцёку.

Каб ажыццявіць запланаванае, увесь апошні месяц спецыялісты “Спецмастабуда” працавалі без выхадных і ў экстрэмальных умовах: надвор’е не балавала. На мінулым тыдні ўстанавілі бетонныя дэльта-блокі, што адбіваюць пешаходную частку моста ад праезнай, прыварылі поручні, дэманціравалі і паставілі новыя мачты асвятлення. Субпадрадчыкі з ДРБУ-202 з Лепеля ўклалі на гідраізаляцыю асфальт, а нашы ўшацкія будаўнікі за два дні з нуля зрабілі тратуары.

– Аб’ёмы невялікія, аднак работа працаёмкая, тут жа не было нічога акрамя разбітага старога пакрыцця, – кажа майстар ДРБУ-105 Павел Віхтар. – Таму ўстанаўлівалі бардзюр, насыпалі падушку з гравію, утрамбоўвалі, асфальтавалі. Ну а гэтымі днямі як нашы, так і сталічныя спецыялісты шчыравалі з такімі немудрагелістымі прыладамі, як рыдлёўкі, граблі, пэндзаль – раўнялі зямлю вакол асфальту і на схілах, фарбавалі поручні і падмяталі асфальт. Так, нават такая працэдура абавязковая перад здачай аб’екта. Дарэчы, у панядзелак на мосце пабывалі і спецыялісты Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута, якія зрабілі неабходныя замеры і правераць адпаведнасць усіх адлегласцяў праекту і нормам, паколькі асноўны крытэрый пры будаўніцтве мастоў – гэта бяспечны рух людзей і транспарту.

Ну а мінскія мостабудаўнікі хутка пакінуць здымныя кватэры і будуць прыемным словам прыгадваць танныя абеды ў “Папараць-кветцы”, кіраўніцтва раёна, якое заўсёды цікавілася справамі і дапамагала, а таксама маленькую раку Ушачу, якой хоць і далёка да Дняпра, аднак мост праз яе пакладзены як і праз любую буйную водную артэрыю – па ўсіх сучасных патрабаваннях.

Вольга Караленка.

З суботы – толькі ад аўтастанцыі

У сувязі з адкрыццём моста ў гарпасёлку, запланаванага на бліжэйшую пятніцу, з 28 лістапада крыху зменіцца расклад руху грамадскага транспарту. Так, адновіцца маршрут “Полацк-Кублічы (праз Ушачы)” – аўтобус па-ранейшаму будзе хадзіць двойчы ў дзень: раніцай і ўвечары. А вось на Сорзава курсіраванне будзе спынена. Як, дарэчы, і на Пуцілкавічы, што звязана найперш са скарачэннем колькасці пасажыраў.

Як расказала начальнік участка Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацка Кацярына Аркадзьеўна Марачкіна, пра ўсе гэтыя змены пасажыры загадзя праінфармаваны праз адмысловыя аб’явы на стэндзе аўтастанцыі.

Зразумела, што з адкрыццём моста выкарыстанне прыпыначнага пункта ля магазіна “Заходні” губляе актуальнасць. Набыць білет і адправіцца ў падарожжа па любым з маршрутаў з суботы можна будзе ад аўтастанцыі г.п.Ушачы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *