Выездной приём в Ягодках

Общество

У мінулую пятніцу, 15 кастрычніка, чарговы выязны прыём грамадзян па асабістых пытаннях у вёсцы Ягадкі Вяркудскага сельсавета правяла намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская. Мясцовыя жыхары сабраліся ў хаце старэйшыны вёскі А.П. Ягадка для абмеркавання існуючых пытанняў. Вольга Іванаўна ведае праблемы вяскоўцаў, таму і запрасіла на пасяджэнне прадстаўнікоў розных службаў раёна, якія маглі даць канкрэтныя тлумачэнні.

Хвалюючым пытаннем для вяскоўцаў з’яўляецца стан дарогі, разбітай у непагадзь. Да таго ж яна рэгулярна падтапляецца, бо з усіх бакоў знаходзіцца возера Крывое. Сваю “разбуральную” справу, як казалі вяскоўцы, робяць яшчэ і бабры. Усе гэтыя фактары ўскладняюць жыццё жыхароў Ягадак, бо трапіць у вёску можна толькі гэтай дарогай. А.І.Коцур, галоўны інжынер ДРБУ-105, які прысутнічаў на прыёме, запэўніў, што ў самы бліжэйшы час будуць зроблены падсыпка і грэйдзіраванне дарогі ад Дубраўкі да Ягадак, а таксама будзе разгледжана пытанне аб яе капітальным рамонце на наступны год пры наяўнасці фінансавых сродкаў.

Аднагалосна выказаліся вяскоўцы за вырашэнне праблемы з пітной вадой. Доўгі час прыходзілася прывозіць яе з далёкіх вёсак, бо ў суседняй Дубраўцы вада “ржавая”. Выратавальнікам мясцовыя жыхары бачаць возера Крывое, у якім, па іх словах, чыстая, якасная вада. Аднак для таго, каб карыстацца ёй, неабходны пэўныя ўмовы. Вяскоўцы прапанавалі выхад з сітуацыі: да калодзежа, які знаходзіцца ля возера, падключыць помпу і браць азёрную ваду. В.І.Карчэўская патлумачыла, што вырашаць такое пытанне трэба сіламі многіх арганізацый. Па-першае, трэба высветліць, ці з’яўляецца вада з возера прыдатнай для піцця, а для гэтага трэба правесці забор вады і зрабіць яе аналіз. Толькі пасля экспертызы можна будзе гаварыць пра далейшыя крокі. Старшыня Вяркудскага сельсавета В.П.Цянюга паабяцаў выдзеліць неабходныя для гэтага сродкі, дырэктар КУСГП “Дубраўка” Б.Т.Юргенс – дапамагчы тэхнікай, а намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская – арганізаваць адпаведную работу. Для вырашэння пытання аб водазабеспячэнні і водаспажыванні вады ў вёсцы Ягадкі прыцягнуты адпаведныя службы.

Усе астатнія пытанні вяскоўцаў мелі прыватны характар і былі вырашаны адразу на пасяджэнні ў рабочым парадку.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *