Детский хор школы искусств подготовил для ушачан музыкальный подарок к праздникам

Образование и молодежь

Каляды – адно з любімых нашых святаў, і творчыя калектывы раёна рыхтуюць да яго нумары, якія паказваюць на адмысловых канцэртах. Сёлета, праўда, эпідэмічная абстаноўка можа перашкодзіць многім ушачанам убачыць іх увачавідкі. А таму ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў прыдумалі праект: Узорны дзіцячы хор і юныя выканаўцы аддзялення народных інструментаў зладзілі невялічкі канцэрт, які мы запісалі на відэа і выклалі на наш YouTube-канал “Газета Патрыёт”.

“Удзел у калядных праграмах – добрая традыцыя нашага калектыву, – адзначае кіраўнік хору Ж.Савіцкая. – Ушацкія дзеці выступалі не толькі на раённых святах, а і выходзілі на знакамітую сцэну абласнога драматычнага тэатра імя Якуба Коласа – канечне, падобныя падзеі запомняцца ім на ўсё жыццё. Спадзяюся, што наш сёлетні калядны відэападарунак прынясе прыемныя эмоцыі і бацькам юных музыкантаў, і ўсім аматарам музыкі”.

У канцэрце задзейнічаны: малодшая група хору, якая выканала “Добрую песеньку” (канцэртмайстар – Л.Сляцкая); старэйшая (канцэртмайстар – В.Цітова) з творамі “Анёл” і “Калядная песня”; трыа цымбалістаў Аліна Заруба, Мікіта Крыжэўскі і Ульяна Хвошч (выкладчык – І.Коршун, канцэртмайстар С.Валова) з кампазіцыяй “Белавежская пушча”; дуэт баяністаў Глеб Кісель і Ілья Крахотка (выкладчык А.Іўліева) з п’есай “Святочная”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *