В Ушачи скоро начнётся вакцинация от коронавируса

Здравоохранение

Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі пачалася вакцынацыя ад каранавіруса расійскай вакцынай “Спадарожнік V”, выклікала ва ўшачан нямала пытанняў. За тлумачэннямі па некаторых з іх мы звярнуліся да галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ушацкага раёна Паўла Аляксандравіча САЎЧАНКІ.

– Калі прышчэпку можна будзе зрабіць ва Ушачах?

– Думаю, што ўжо ў канцы гэтага месяца. Адразу ўдакладню: разлічваць на яе пакуль могуць толькі работнікі сістэмы аховы здароўя, педагогі, а таксама спецыялісты інтэрнатных устаноў з кругласутачным знаходжаннем грамадзян (узроставае абмежаванне – ад 18 да 60 гадоў). Вакцынацыя для іх будзе добраахвотнай і бясплатнай.

Зараз чакаем размеркавання прэпарата ў наш раён, неабходныя для яго захоўвання халадзільныя камеры ёсць. Для астатніх катэгорый грамадзян вакцынацыя ад COVID-19 будзе даступная бліжэй да вясны.

– Прышчэпку трэба рабіць двойчы?

– Так. Вакцынацыя праводзіцца ў два этапы з перапынкам у 21 дзень. Як адзначаюць навукоўцы, другая доза патрэбна для выпрацоўкі працяглага імунітэту. Прэпарат уводзяць у цягліцу пляча. Перад гэтым чалавека агледзяць, змераць тэмпературу цела (калі яна будзе вышэйшай за 37 градусаў, прышчэпку рабіць не павінны).

– Каму вакцына супрацьпаказана?

– Тым, хто мае цяжкія алергічныя рэакцыі, вострыя інфекцыйныя і хранічныя захворванні, сутаргавы сіндром. Забаронена яна таксама цяжарным жанчынам, непаўналетнім. Ёсць супрацьпаказанні і для ўвядзення другога кампанента вакцыны: калі ў чалавека пасля першай дозы з’явілася алергічная рэакцыя, тэмпература ўзнялася да 40 градусаў – другую яму не ўвядуць.

– Апрабаваць расійскую вакцыну, чакаць замежную ці не рабіць прышчэпку ўвогуле?

– Як паведамлялася, у Беларусі плануецца выкарыстоўваць для вакцынацыі супраць каранавіруса 5-6 прэпаратаў розных вытворцаў, але тэрмін іх з’яўлення ў нашай краіне і непасрэдна ва Ушачах пакуль не вядомы. Прышчапляцца ці не ў бліжэйшай перспектыве, давядзецца вырашаць самастойна. Для гэтага раю ацаніць свой узровень рызыкі з улікам узросту, ладу жыцця (напрыклад, магчымасць захоўваць ізаляцыю), хранічных захворванняў, пракансультаваўшыся папярэдне з участковым тэрапеўтам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *