Работа на участке погрузки вагонов ушачскими лесоматериалами «кипит» практически без выходных

Экономика и малый бизнес

Каб дрэва трапіла з лясной дзялянкі да перапрацоўшчыкаў, а мы атрымалі гатовы прадукт, нямала сіл прыкладаюць работнікі лесу. Нам, звычайным абывацелям, бачны хіба што адзін з няпростых этапаў – калі гружоныя лесавозы натужна гудуць, едучы праз гарпасёлак. Спяшаюцца ж яны штодня з лесаматэрыялам на ўчастак пагрузкі вагонаў Ушацкага лясгаса на чыгуначнай станцыі “Ксты”. Пра гэты вельмі патрэбны ўчастак у агульным ланцугу работы і мусім сёння расказаць.

Адным з найбольш зручных і эфектыўных спосабаў трансферу лесаматэрыялаў з’яўляецца чыгунка. Праз наш раён яе шляхі не пралягаюць, а таму да заказчыкаў ушацкі лес адпраўляецца з Полацка. На спецыяльна абсталяваным участку непадалёк ад горада кожны дзень старанна працуюць ушачане.

В.Цвяцінскі, В.Анціпаў, Ю.Жодзік, Д.Муравей, С.Шамук.

– Лесавоз з прамежкавага лесаскладу дастаўляе кругляк да нас, выкладвае ўздоўж рэек ці непасрэдна ў вагоны пры іх наяўнасці. Загрузкай займаецца і аўтапагрузчык – з гэтай задачай у нас паспяхова спраўляецца вадзіцель Мікалай Варапаеў. На першы погляд падаецца, што склаў хуценька бярвёны і гатова! Насамрэч у гэтай справе мноства нюансаў і лес павінен быць укладзены строга па вызначаных правілах і параметрах, роўна і надзейна, а таму пасля падачы матэрыялу пагрузчыкам не абысціся без навальшчыкаў-звальшчыкаў, якія і адказваюць за ідэальную ўкладку. Калі будуць пэўныя адхіленні ад норм, вагоны могуць нават вярнуць назад, але мы ўсё робім надзвычай адказна і такіх выпадкаў не здаралася. Выдатна ведаюць фронт работ Андрэй Смаргун, Васіль Анціпаў, Віктар Цвяцінскі, Сяргей Шамук, Дзмітрый Муравей, – расказвае майстар участка Юрый Леанідавіч Жодзік, які працуе ў лясгасе без малага два дзясяткі гадоў і як ніхто выдатна валодае сітуацыяй.

Абавязкаў у майстра таксама нямала, напрыклад, перш чым прыступіць непасрэдна да пагрузкі, трэба скласці неабходную дакументацыю, зацвердзіць маршрут, затым пракантраляваць загрузку і адправіць вагоны ў шлях. Да слова, калі прадукцыя ідзе на экспарт, дакументы запаўняюцца на трох мовах. Менш вопыту, але не менш старання ў другога маладога майстра ўчастка Сяргея Ласкунова.

За апошні год Ушацкі лясгас прыкметна павялічыў аб’ёмы паставак лесаматэрыялаў на ўнутраны і знешні рынак. Так, за 2020 год толькі кругляку з участка было адпраўлена 1090 вагонаў. Не збаўляюць тэмпаў і ў новым годзе: у студзені было адгружана 105 вагонаў, а ў лютым – 108. У сярэднім за дзень загружаецца 4-6. Штомесячна адгрузка ажыццяўляецца двум дзясяткам прадпрыемстваў.

Куды накіроўваецца ўшацкі лес? Запатрабаваны ён у айчынных заказчыкаў. Сярод іх, напрыклад, вядомыя замежныя таварыствы з абмежаванай адказнасцю “Кранаспан”, “ВМГ Индустри”, якія займаюцца вытворчасцю высокаякасных драўняных пліт і смежнай прадукцыі, а таксама ААТ “Віцебскдрэў”, “Барысаўскі шпалапрапітачны завод”. І калі кругляк пастаўляецца на ўнутраны рынак, то шчапа – і за межы нашай краіны. Асноўны яе заказчык – літоўскае прадпрыемства “Gretvita”. Атрымліваюць жа шчапу з завезенага лесу пры дапамозе спецыяльнай машыны прама на станцыі.

Як бачна, без справы ўсім работнікам гэтага ўчастка сядзець не прыходзіцца, больш таго, не ведаюць тут звыклага ўсім графіка з 8 да 17 гадзін і праца кіпіць практычна без выхадных. Трэба адзначыць, што мароз, спёка, лівень, завея і іншыя капрызы надвор’я ніколі не адмяняюць і не адкладваюць працэс. Калі пададзены вагон не загружаны на працягу сутак, то можна атрымаць штрафныя санкцыі. Работнікі адносяцца да гэтага з разуменнем, калі нават трэба працаваць і ў начны час. Яны забяспечваюцца не толькі стандартным спецадзеннем, а і спецыяльнымі непрамакальнымі плашчамі на выпадак неспрыяльных умоў. Абсталяваны тут усім неабходным вагоны-бытоўкі для адпачынку, прыёму ежы.
– Работа на нашым участку сапраўды нялёгкая. За час маёй дзейнасці сюды прыходзілі працаваць дзясяткі новых людзей, але далёка не кожны здольны вытрымаць такую нагрузку, нават нягледзячы на высокую аплату працы. Застаюцца самыя адказныя і моцныя, – зазначае Ю.Л.Жодзік.

Усе этапы – ад вырошчвання лесу да адпраўкі яго па рэйках заказчыкам – несумненна, стратэгічна важныя. Работнікі Ушацкага лясгаса гэта выдатна разумеюць і працуюць хоць і ў розных месцах, але зладжанай камандай.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *