Участники разных возрастов проявляли себя на районном конкурсе чтецов и на лучшую литературно-музыкальную композицию «Путь к успеху”

Культура

Звычайна са сцэны раённага цэнтра культуры і народнай творчасці гучаць песні. У мінулы ж чацвер тут ліліся паэтычныя радкі. Больш за 30 прадстаўнікоў рознага ўзросту – асобна і ў складзе каманд – праяўлялі сябе на раённым аглядзе-конкурсе чытальнікаў і на лепшую літаратурна-музычную кампазіцыю “Шлях да поспеху”. У атмасферу паэзіі на дзве гадзіны акунуліся і мы.

Пакарыць журы і гледачоў трэба было не толькі ўдалым выкананнем – улічваліся таксама артыстызм, культура мовы, наяўнасць касцюмаў і рэквізіту, уменне трымацца на сцэне. “Вы толькі паглядзіце, падрастаючае пакаленне ўжо наступае нам на пяткі!” – і ў жарт, і ўсур’ёз казалі работнікі ўстановы культуры, калі старт конкурсу дала самая юная яго ўдзельніца Лізавета Яцына, якая прадстаўляла Селішчанскі сельскі клуб. У намінацыі “Чытальнікі” канкурэнцыю ёй складалі Кацярына Вацьковіч з Вялікадолецкага СДК і Паліна Літвінава з Арэхаўскага. Перамога ж ва ўзроставай групе да 18 гадоў за верш “Той дзень прапаў…” П.Панчанкі дасталася вучаніцы Ушацкай школы Дар’і Маковіч (кіраўнік – І.Леснічэнка). Глыбокія кранальныя творы – уласнага сачынення і паэта Э.Асадава – дэкламавалі работнікі культустаноў раёна Вольга Візгалава з Ушач і Вера Дрозд з Пліна. У першым выпадку была нагода задумацца над тым, якую ролю ў нашым жыцці адыгрывае маці, яе любоў, а ў другім – наколькі важна захаваць у сабе чалавечнасць, душэўнасць. Найбольш пераканаўчым, на думку журы, ва ўзроставай групе ад 31 года аказалася выступленне В.Дрозд.

Асобная намінацыя прысвячалася творам ваеннай і патрыятычнай тэматыкі. Свае аратарскія таленты ў малодшай групе годна дэманстравалі Максім Первянёнак з Сарочынскага сельскага клуба, Мікалай Баравікоў з Селішчанскага, а таксама Ірына Карабань і Кацярына Дунец з Плінскага. Дарэчы, у аснову сваіх выступленняў дзяўчаты паклалі вершы “Забораўна” і “Малая радзіма” свайго творчага кіраўніка Веры Дрозд. Сімвалічна, што яны набралі і аднолькавую колькасць балаў. Апярэдзіць сваю канкурэнтку ў конкурсе і сяброўку па жыцці Каці дапамог хіба што больш прадуманы ўбор. Ва ўзроставай групе 15-18 гадоў кранальны верш Э.Асадава “Магіла невядомага салдата” чытаў Кірыл Лягчылін з Матырынскага сельскага клуба. Гэтак жа дасканала перадала настрой твора А.Дзяменцьева “Балада аб маці” прадстаўніца Глыбачанскага СДК Ганна Рубіс. Але калі на сцэну выйшла вучаніца Ушацкай школы Паліна Сазонава, стала зразумела: перамога дастанецца ёй – настолькі душэўнымі былі словы, кранальнымі – музыка і эпізоды відэапрэзентацыі, уразіў сваёй праўдападобнасцю і штучны “Прарыў”, да якога ў канцы нумара ад імя ўсяго падрастаючага пакалення беларусаў дзяўчына ўсклала кветкі. Да глыбіні душы кранулі таксама выступленні старэйшых удзельніц намінацыі Святланы Грак з Вяркудскага СДК і Ганны Дзіульскай з Кубліцкага. Перамогу ж святкавала апошняя.

Шыкоўным упрыгожаннем конкурснай праграмы сталі літаратурна-музычная кампазіцыі “У.Высоцкі: “Мы не паспелі азірнуцца”, “І хай пакаленні памятаюць!..” ад вучняў Ушацкай школы (кіраўнік – Л.Трафімава) – з вершамі, песнямі, танцамі, цікавымі аповедамі. У часы далёкага 1942 года завочна трапіць дапамаглі ўдзельнікі драматычнага гуртка “Салаўкі” Вялікадолецкага СДК (кіраўнік – В.Смаляк) – на сцэну выйшлі героі любімага многімі кінафільма “А зоры тут ціхія” паводле аповесці Б.Васільева. Пасля гэтага выступлення ў зале доўга не змаўкалі авацыі, у вялікадальчан – “золата” конкурсу.

– У чарговы раз упэўніліся, што на Ушаччыне надзвычай многа талентаў! – падводзячы вынікі мерапрыемства, зазначыла старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Гардзіёнак. – Асабліва прыемна, што ў выступленнях канкурсантаў – як дарослых, так і зусім юных – бачны высокая грамадзянская пазіцыя, патрыятызм.

Усім удзельнікам “Шляху да поспеху” ўручаны дыпломы і падарункі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Участники разных возрастов проявляли себя на районном конкурсе чтецов и на лучшую литературно-музыкальную композицию «Путь к успеху”

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *