Юные футболисты Ушаччины не перестают радовать достижениями

Cпорт

Першы месяц лета быў насычаны футбольнымі падзеямі – і пакуль галоўныя зоркі самай папулярнай гульні змагаліся за месцы на еўрапейскім п’едэстале, яе юныя беларускія аматары высвятлялі лепшых у рэспубліканскіх спаборніцтвах “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Як мы ўжо паведамлялі, папярэдні занальны этап, паядынкі якога праходзілі на полі ля спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”, стаў трыумфальным для каманды нашага ФСК, дзе гуляюць хлопчыкі 2009-2010 гадоў нараджэння. Ушачане заваявалі пуцёўку на абласны этап, куды адбіраюцца толькі чатыры лепшыя дружыны з рэгіёнаў. І вось напрыканцы чэрвеня нашы землякі адправіліся ў горад Барань. Трэба адзначыць, што фармат турніру быў сёлета спецыфічным: усе тры матчы праходзілі ў адзін дзень, ды яшчэ ў такі спякотны! Гульні складаліся з трох таймаў па 20 хвілін, прычым у двух першых на поле выходзіла па сем розных ігракоў, а ў трэцім – любы склад. Вядома ж, для нашага ФСК сабраць паўтара дзясятка аднолькава моцных футбалістаў было няпроста і ўся надзея ўскладалася на касцяк каманды, што феерыў сёлета на таварыскіх турнірах.

М.Жаваранак, М.Жалейка і М.Бадзякін з трэнерам Р.Фядосенкам на праглядзе ў Оршы.

Пачалі ўшачане выдатна, разграміўшы полацкіх аднагодкаў з лікам 11:1. А вось у двух наступных гульнях спрацавалі нюансы нязручнага для нас фармату: ушачане вельмі стараліся, аднак ва ўпартай барацьбе саступілі лёзненскай камандзе 4:5 і лепельскай – 3:6. Тым не менш ганаровае трэцяе месца ў вобласці стала найлепшым вынікам за ўвесь час нашага ўдзелу ў “Скураным мячы”. Апроч таго, Аляксей Хадан атрымаў прыз лепшага абаронцы турніру. Такім чынам, варта павіншаваць футбалістаў і іх трэнера Р.М.Фядосенку з добрым выступленнем. “Хачу шчыра падзякаваць усім юным футбалістам за дастойную гульню ў кожным матчы, а таксама іх бацькам за пастаянную вялікую падтрымку, без якой нашы дасягненні былі б немагчымымі”, – зазначае Раман Мікалаевіч.

“Гэтыя падзеі сталі яркім завяршэннем футбольнага сезона, які, нягледзячы на эпідэмічны фактар, склаўся для нас паспяхова, – адзначае Р.Фядосенка. – Пастараемся радаваць усіх ушацкіх аматараў самай папулярнай гульні і ў наступным!”

Быў адметным пачатак лета і актыўнасцю беларускіх клубаў у пошуку юных талентаў. Так, у Оршы праходзіў фестываль, на якім ігракоў праглядалі трэнеры акадэміі футбольнага клуба “Дынама-Брэст”. Паказаць свае здольнасці тут вырашылі больш ста хлопчыкаў, сярод якіх былі і трое ўшачан. Прыемна паведаміць, што галкіпер каманды нашага ФСК Мацвей Жаваранак прайшоў адбор і атрымаў прапанову стаць навучэнцам філіяла акадэміі ў Ашмянах. Пяцёра юных ушацкіх футбалістаў адправіліся на падобны прагляд, які праводзіў ФК “Віцебск”. Яны здавалі лёгкаатлетычныя нарматывы, дэманстравалі сябе ў абводцы, гульні на розных пазіцыях. Спецыялісты адразу вылучылі нашага форварда Мікіту Бадзякіна і запрасілі ў футбольную акадэмію “Віцебска”. Такім чынам, хлопцы атрымалі шанс выйсці на новы ўзровень і зрабіць крок да здзяйснення сваёй мары – стаць прафесійнымі ігракамі. А яшчэ абяцалі трэнеру і сябрам абавязкова прыязджаць на турніры, каб весці да новых перамог родную каманду.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *