На Ушаччине идёт полным ходом осенняя призывная кампания

Общество

Гэтымі днямі актыўна праходзяць мерапрыемствы восеньскага прызыву 2021 года. І мы пабывалі на адным з пасяджэнняў раённай прызыўной камісіі, на якім прымаліся рашэнні аб прыгоднасці юнакоў да тэрміновай ваеннай службы, службе ў рэзерве, прадстаўленні ім адтэрміноўкі.

Станіслаў Пенкальскі слухае рашэнне камісіі.

У адасобленай групе ваеннага камісарыята Ушацкага і Лепельскага раёнаў у гэты дзень сабралася некалькі дзясяткаў прызыўнікоў. У залу хлопцы ўваходзілі па адным і ўжо нават па тым, як рапартавалі камісіі аб сваім прыбыцці, можна было скласці першае ўражанне аб настроі і характары кожнага. Нехта прадстаўляўся бойка і дакладна – хоць зараз у строй, хтосьці хваляваўся і саромеўся, што, прынамсі, нядзіўна для такой лёсавызначальнай падзеі. Члены камісіі, у якую, дарэчы, уваходзяць прадстаўнікі раённай улады, адасобленай групы, райбальніцы, міліцыі, тактоўна і скрупулёзна высветлілі ўсе нюансы асабістых спраў. “Мы прымаем на сябе вялікую адказнасць, бо ва Узброеныя Сілы павінны адправіцца толькі здаровыя і маральна ўстойлівыя грамадзяне, якія гатовы добрасумленна выконваць воінскі абавязак”, – падкрэсліла старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч.

Д.Мамон.

На жаль, сярод хлопцаў прызыўнога ўзросту заўсёды аказваюцца тыя, хто па стане здароўя не можа несці службу. Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Н.В.Дрозд агучыла вынікі медыцынскага агляду. У вердыктах медыкаў сёлета былі дыягназы розных профіляў – пераважалі праблемы са зрокам, сустракаліся выпадкі хваробы сэрца, суставаў, нырак, а таксама алергічнага і дэрматалагічнага профілю. Усіх гэтых юнакоў залічылі ў запас па медыцынскіх паказчыках. Адзін з прызыўнікоў адзначыў, што не зусім згодны з дыягназам, які адносіць яго да разраду годных для службы з абмежаваннямі, – члены камісіі патлумачылі, што на працягу тыдня ён павінен напісаць адпаведную заяву ў абласны ваенкамат, які накіруе яго на паўторны медагляд.

З больш станоўчымі пачуццямі камісія прадставіла адтэрміноўку маладому чалавеку, які з’яўляецца татам дваіх дзяцей, а таксама хлопцам, што атрымліваюць вышэйшую і першую сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Усяго на прызыўныя мерапрыемствы выкліканы сёлета 88 ушачан. На цяперашні момант раённая камісія прыняла рашэнні ў адносінах 34 чалавек. 14 з іх прызваны на тэрміновую службу, столькі ж залічаны ў запас, 6 атрымалі адтэрміноўку па стане здароўя, для працягу вучобы і па сямейных абставінах.

І асабліва прыемна, што даволі вялікая колькасць маладых людзей пачула ў гэты дзень словы: “Вы прызнаны годным для нясення службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь!”. Многія ў адказ адзначалі, што гэта падзея для іх жаданая. Так, з задавальненнем апрануць форму Дзмітрый Мамон, Дзяніс Яршоў, а Павел Кузняцоў і Антон Дробыш выказалі намер служыць па кантракце. “Хацелася б трапіць у 103-ю асобную паветрана-дэсантную дывізію!” – зазначыў Іван Парахавы, на што выконваючая абавязкі начальніка адасобленай групы В.Ю.Бяльковіч патлумачыла, што ўсе падобныя пажаданні прызыўнікоў будуць улічаны.

Як адзначылі члены камісіі, вынікі гэтага восеньскага прызыву ўжо зараз падаюцца паспяховымі, бо ўшацкі дэсант навабранцаў будзе найбольш масавым за апошнія гады. Мерапрыемствы прызыву тым часам працягваюцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *