Ушачанин Виталий Ревенко — мастер на все руки и специалист уникальный

Общество

Калі б прапанавалі назваць самых разнапланавых герояў нашых артыкулаў, В.Рэвенка дакладна б аказаўся ў іх ліку. Пра мнагадзетную сям’ю ўшачаніна мы пісалі не раз. Але такі фармат усё ж не дазваляў раскрыць усе грані яго таленту. А Віталь Анатольевіч і майстар на ўсе рукі, і спецыяліст унікальны: умудраецца спалучаць прадпрымальніцтва ў сферы будаўніцтва з сацыяльнай работай і нават творчасцю.

Знайсці ў яго шчыльным графіку свабоднае месца аказалася задачай не з простых. Каб сустрэцца, давялося “ахвяраваць” абедзенным перапынкам і “ўкліньвацца” ў розныя па спецыфіцы справы мужчыны.

– Зараз еду з Градзянца, – пачаў гутарку ён. – У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН вяду гурток па вырабе сувенірнай прадукцыі з дрэва. Неабходныя дэталі раблю дома, дзе ёсць неабходнае дрэваапрацоўчае абсталяванне, на занятках жа займаемся іх зборкай, афарбоўкай. Ці прыносіць такі творчы занятак задавальненне? Безумоўна!

Дарэчы, з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна ў В.Рэвенкі даўнія і трывалыя сувязі. З’яўляючыся індывідуальным прадпрымальнікам, нярэдка аказваў сацустанове спонсарскую і іншую дапамогу. Не змог застацца ў баку і калі даведаўся, што некалькім пажылым людзям са Строктаў патрэбны паслугі сацработніка – паколькі такога спецыяліста знайсці было праблематычна, яго функцыі ўзяў на сябе Віталь.

– Так, з мая 2020 года займеў сабе траіх пажылых падапечных, – расказвае ён. – Асвоіцца было проста: па-першае, заўсёды лёгка знаходжу з людзьмі агульную мову, ну а па-другое, адну з бабуль добра ведаў. Але ж прызнаюся: надоўга майго аптымізму не хапіла. Калі не стала адной падапечнай, праз два месяцы – другой, меркаваў звольніцца: успрыняў гэта блізка да сэрца. Але калегі адгаварылі, прывёўшы важкі довад: “А хто іншым пажылым дапамагаць будзе?”

Цяпер на абслугоўванні В.Рэвенкі па-ранейшаму трое грамадзян. Двойчы на тыдзень спяшаецца ён па адрасах у Строктах і райцэнтры, каб прынесці вады, пратапіць печку, ды і ўсім неабходным – прадуктамі, лекамі – падапечных (дарэчы, двое з іх маюць інваліднасць) забяспечыць. Трэба тэрмінова нешта купіць, падрамантаваць? Ніякіх праблем! Нумар тэлефона сацработніка заўсёды пад рукой – а Віталь Анатольевіч гатовы да ўзаемадзеяння, у тым ліку і ва “няўрочны” час.

Паколькі загаварылі пра рамонтныя работы, нельга не ўзгадаць, што гэта, па-сутнасці, асноўная сфера дзейнасці героя нашага аповеду. Па прафесіі ён тынкоўшчык-маляр, на тэхніка-будаўніка вучыўся у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы. У свой час працаваў у будаўнічых арганізацыях раёна і сталіцы, а ў 2013-м адкрыў сваю справу. Зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, пачаў аказваць паслугі, у асноўным звязаныя з аддзелачнымі работамі.

– Рукасты і сумленны хлопец! Толькі паглядзіце, якую прыгажосць зрабіў! – падзялілася з намі жыхарка аднаго з дамоў па вуліцы Е.Лось, куды ехаў у прыгаданы дзень В.Рэвенка. – Я толькі ідэю “падкінула”, а ён нават яшчэ лепш, чым меркавала, рэалізаваў.

Дарэчы, так характарызуюць Віталя многія, хто яго ведае і хто звяртаўся за яго дапамогай. Аб добрай рэпутацыі майстра сведчыць і той факт, што заказы ў яго распісаны на некалькі месяцаў наперад – некаторыя кліенты спецыяльна чакаюць чаргі, каб даверыць пераўтварэнне жылля менавіта В.Рэвенку.

Нямала спраў чакае мужчыну і ва ўласным доме па Калінінскай, дарэчы, узведзеным практычна яго сіламі. Дзеці падрастаюць – трэба ўдасканаліць інтэр’ер, ды і любімую жонку Вераніку абнаўленнем парадаваць.

– Адзінае месца, дзе, напэўна, ніколі не бывае парадку, – гэта мая працоўная майстэрня, – усміхаецца Віталь. – Заўсёды трэба штосьці выпілоўваць, падразаць… Ды і старэйшыя сыны праходзяць тут са мной першую “практыку”.

Так, нават пасля самага насычанага на справы дня В.Рэвенка не кладзецца, як робяць многія мужчыны, перад тэлевізарам на канапу, маўляў, я моцна стаміўся. Наадварот, яму патрэбны зносіны з блізкімі: у другой палавіны пацікавіцца, як прайшоў дзень у дыягнастычнай лабараторыі райбальніцы, дзе яна працуе фельчарам-лабарантам, пагутарыць з дзецьмі пра школу, сяброў. На вялікім савеце абавязкова сплануюць, чым зоймуцца ў нядзелю. Гэты дзень у Рэвенкаў – у многім асаблівы: разам ходзяць у царкву, збіраюцца за вялікім сталом, радуюцца поспехам адзін аднаго.

– Я па-сапраўднаму шчаслівы чалавек, – не хавае эмоцый Віталь. – А робяць мяне такім мая сям’я і любімы занятак, магчымасць радаваць людзей, дапамагаць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Ушачанин Виталий Ревенко — мастер на все руки и специалист уникальный

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *