Учреждения здравоохранения возвращаются к привычному режиму работы

Здравоохранение

Да звыклага рэжыму

Са стабілізацыяй абстаноўкі з распаўсюджаннем COVID-19 установы аховы здароўя краіны пачалі вяртацца да прывычнага рэжыму работы. У іх ліку і Ушацкая ЦРБ. Як нам расказала загадчык паліклінікі П.Г.Пугач, з пачатку бягучага месяца інфекцыйны кабінет, куды прадугледжаны асобны ўваход, зноў працуе выключна ў будныя дні. Па выхадных жа ў выпадку вострай неабходнасці па-ранейшаму можна звярнуцца да дзяжурнага ўрача (у першай палове дня) ці ў прыёмнае аддзяленне райбальніцы. Інфекцыйнае ж з 4 сакавіка пераведзена ў разрад “чыстай зоны” – лячэнне тут праходзяць пацыенты з іншымі паталогіямі. Тыя ж, якія маюць каранавірус і патрэбу ў шпіталізацыі (дарэчы, такіх нямнога), накіроўваюцца ў медустановы Полацка.

Вакцынацыя ў дапамогу

І ўсё ж расслабляцца, як сцвярджаюць медыкі, не варта: новыя выпадкі заражэння на COVID-19 рэгіструюцца на Ушаччыне амаль штодзень. Прычым, у большасці сваёй церпяць ад віруса менавіта неправакцынаваныя грамадзяне. За доказам далёка хадзіць не трэба. Напэўна, многія ў лютым сутыкнуліся з праблемамі ў паштовым абслугоўванні: вялізныя чэргі да аддзялення ва Ушачах, усяго адна адкрытая каса, неатрыманыя своечасова выданні… А ўсё таму, што большая частка калектыву адначасова пайшла на бальнічны. З 35 работнікаў тут было праімунізавана ад каранавіруса толькі 9.

У цэлым жа статыстыка з вакцынацыяй выглядае ў нас даволі аптымістычна. Як расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна П.А.Саўчанка, на 9 сакавіка першую дозу вакцыны атрымалі 7936 чалавек (64,2 працэнта насельніцтва), другую – 7750 (62,7). Прышчэплена ўжо 113 дзяцей, 17 цяжарных жанчын, рэвакцынавана 980 грамадзян. Своеасаблівае першынство ў гэтым сэнсе занялі працоўныя калектывы Ільюшынскага ясляў-сада і магазіна “Дабраном”, дзе імунізацыю прайшлі абсалютна ўсе работнікі. Годныя паказчыкі прадэманстравалі таксама супрацоўнікі Ушацкага раёна газазабеспячэння – 97,4 працэнта; цэнтра банкаўскіх паслуг №221 ААТ “ААБ “Беларусбанк” – 90,9; райаддзела па надзвычайных сітуацыях – 88,2; Глыбачанскай сярэдняй школы – 85,3. А вось у спісе тых, хто акрамя прыгаданых вышэй паштавікоў упарта ігнаруе магчымасць падстрахаваць сябе ад каварнага віруса, – калектывы ААТ “Дземенец” – усяго 11 працэнтаў правакцынаваных; участка г.п.Ушачы АТП №6 г.Наваполацка – 20; філіяла “Маяк-Ушацкі” – 25; ДРБУ-105 – 25,4; ясляў-сада №2 г.п.Ушачы – 25,9; ПМК-66 – 28,6.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *