Работники лесного хозяйства Беларуси 18 сентября отмечают профессиональный праздник

Общество

Калі працаваць – дык па максімуме

12 гадзін за штурвалам харвестара праводзіць кожную сваю змену ў любую пару года машыніст лесанарыхтоўчай машыны Васіль Міхайлавіч Мамонаў. Прычым, працуе і днём, і ноччу. Безумоўна, гэта няпроста, але да напружанага графіка і складанасцей за больш дзясятка гадоў працы ўжо прывык адзін з лепшых работнікаў Ушацкага лясгаса.

Пагутарыць напярэдадні свята з В.М.Мамонавым і заадно паглядзець у дзеянні на знакаміты харвестар “PONSSE Scorpion King 8W” фінскай вытворчасці хацелася прама на дзялянцы. Аднак, аказалася, што гэта няпроста: па-першае, сучасная тэхніка працуе ў цяжкадаступных месцах, ды і змена мужчыны якраз прыпадала на ноч. “У радыусе дзясятка метраў бачна, як днём, – папярэджваючы маё пытанне, зазначае Васіль Міхайлавіч. – Раней быў заняты на айчынным “Амкадоры”, а давераная летась адзінка больш прадукцыйная, мае высокую праходнасць. Уявіце сабе, што толькі за адну сваю змену нарыхтоўваю столькі, колькі самы старанны вальшчык за месяц. Нават на такой тэхніцы складана было разбіраць ветравалы падчас нядаўняй камандзіроўкі ў Крычаве, стыхія там не пашкадавала лес. Дарэчы, ёсць і розніца, якое дрэва “валіць”, напрыклад, са стройнымі хвоямі спраўляешся хутчэй, чым з бярозамі ці асінамі”.

Васіль Міхайлавіч адносіцца да той кагорты людзей, якія выкладваюцца па максімуме. Таму і атрымліваецца, што даведзеныя планы заўсёды перавыконвае. Напрыклад, летась пераўзышоў норму амаль на 20 працэнтаў. За 12 гадзін не дазваляе сабе частых перапынкаў, хіба толькі рэдкі перакур. І размаўляючы аб тым, як вытрымаць такі рэжым, з усмешкай зазначае, што не ведае, дзе растуць грыбы: “Многія думаюць, што работнікі лесу – знаўцы ўсіх грыбных месцаў, і часта пытаюцца, маўляў, падкажы, у які бор паехаць. Аднак на гэта ў нас зусім няма часу, тым больш што ад аб’ёмаў зробленага залежыць і заработная плата”.

Змяняюць мужчыну на харвестары не менш вопытныя і старанныя машыністы Сяргей Сяргеевіч Ярмош і Анатоль Анатольевіч Дайлідзёнак.

Дома з работы Васіля Міхайлавіча чакае надзейны тыл – жонка і дзве дачушкі. Адпачнуўшы пасля змены, ён прымаецца за мужчынскія клопаты – на ўласнай сядзібе ў гарпасёлку іх хапае.

На гэтым тыдні В.М.Мамонаў у складзе дэлегацыі Ушацкага лясгаса быў запрошаны ў Віцебск на ўрачыстае мерапрыемства з нагоды ўшанавання лепшых работнікаў лесу вобласці. За добрасумленную і плённую працу ў лясной гаспадарцы, узорнае выкананне сваіх абавязкаў ён удастоены высокай узнагароды – Ганаровай граматы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. На сцэне абласной філармоніі ўшацкаму працаўніку паціскаў руку і віншаваў асабіста міністр Аляксандр Кулік.

Ну а прафесійнае свята В.М.Мамонаў правядзе на рабочым месцы. І да такіх супадзенняў ён заўсёды адносіцца з разуменнем.

Вольга КАМАРКОВА.

 

Справа для сапраўдных мужчын

“Гэта наш міні-харвестар!” – вобразна адрэкамендавалі нам у лясгасе вальшчыка лесу Сяргея Валер’евіча Краўчанку. Параўнанне з магутнай машынай – прыемны камплімент, і гумару ў ім не так многа: канечне, па прадукцыйнасці названая тэхніка пераўзыходзіць аб’ёмы працы цэлай брыгады, але чалавек з пілой усё роўна застаецца незаменным. А тым больш такі адказны, моцны і ўмелы!

Трапіў Сяргей у лясгас выпадкова: 15 год таму шукаў месца, дзе можна было часова ўладкавацца, і дырэктар А.П.Рудасаў прапанаваў паспрабаваць сябе ў нядаўна створанай брыгадзе па нарыхтоўцы лесу. Паўгода папрацаваўшы лесарубам, малады чалавек зразумеў, што гэта яму па душы, прайшоў навучанне на вальшчыка – і “часовая” работа стала справай жыцця.

– Некаторыя людзі мараць сядзець у офісе ды націскаць на кнопкі, мне ж такое зусім не цікава, бо люблю фізічную мужчынскую працу, – прызнаецца С.Краўчанка. – З меркаваннем, што прафесія вальшчыка нятворчая і манатонная, я зусім не згодны. Цяжкая – з гэтым не паспрачаешся. Прычым, ва ўсіх сэнсах – немалыя грузы даводзіцца падымаць і на сабе больш дзясятка кілаграмаў пастаянна насіць: бачыце, якія “бронекасцюмы” нас ад траўмаў абараняюць, каб у выпадку паломкі пілы цэп не змог параніць цела. Увогуле наша справа патрабуе надзвычайнай канцэнтрацыі ўвагі, бо любы недакладны рух пагражае бядой. А якая ж можа быць манатоннасць, калі кожнае дрэва – асаблівае, і перш чым яго спілаваць, трэба вызначыць траекторыю падзення, улічыць вугал натуральнага нахілу, напрамак і сілу ветру, шэраг іншых нюансаў.

Штомесяц С.Краўчанка нарыхтоўвае 200-250 кубаметраў драўніны, а яго асабісты рэкорд – 320.

Брыгада вальшчыкаў, у складзе якой таксама выходзяць на дзялянкі Васіль Волах, Сяргей Караваненка і Аляксандр Мялешка, дзейнічае па скандынаўскай тэхналогіі: працуюць індывідуальна, без напарніка-лесаруба і звыклай “вілкі”, якой ён дапамагае дрэву падаць. Траекторыя ж задаецца падпілам і ўбіваннем кліна на супрацьлеглых баках ствала: работа філігранная, некалькі імгненняў дрэва стаіць усяго на 2-сантыметровым недапіле.

Вядома ж, умеюць вальшчыкі працаваць і па ранейшай тэхналогіі: звярнуцца да яе прыйшлося, напрыклад, падчас сёлетняга ліквідавання наступстваў стыхіі на Крычаўшчыне, бо для бураломаў наватарскі фармат не падыходзіць. Пра гэтыя акалічнасці Сяргей расказваў з непадробным натхненнем. А яшчэ адным з “плюсаў” сваёй прафесіі назваў фізічную форму: штодзённыя трэніроўкі на дзялянках накачваюць мышцы лепш за любыя трэнажоры.

Падкрэсліў ён і тое, як камфортна адчувае сябе ва Ушачах: “Бываў у вельмі многіх райцэнтрах, аднак такога ўтульнага і маляўнічага ў Беларусі больш няма! Падабаецца і Мінск – як месца, куды можна паехаць на выхадныя да сяброў: “Прыроды” мне хапае на рабоце, таму ў вольны час хочацца звярнуцца да выгод цывілізацыі”. Напрыканцы ж мусім дадаць яшчэ маленькі штрых да характарыстыкі яго асобы. Калі для фотаздымка прапанавалі Сяргею прысесці на спілены ствол дрэва, ён патлумачыў, што гэта забаронена па тэхніцы бяспекі, а значыць, выключэння не будзе нават для прыгожых кадраў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 

Аўтапарк буйны, а двор пустынны

Ушацкі лясгас – шматпрофільнае прадпрыемства, якое выконвае цэлы шэраг розных задач. Але ёсць у яго структуры падраздзяленне, без якога праца ўсіх іншых была б немагчымай: размова ідзе пра службу механізацыі, тэхнічнага абслугоўвання і рамонту тэхнікі.

Я.Полазаў, В.Рудзёнак, С.Пацэйка.

Сярод усіх арганізацый раёна лясгас мае самы буйны аўтапарк, у якім каля 150 адзінак тэхнікі. У яе ліку 45 трактароў, 9 сартыментавозаў, 3 харвестары і столькі ж фарвардараў, шматлікі грузапасажырскі транспарт. Клопат пра тое, каб усё гэта спраўна выходзіла на работу, ускладзены на галоўнага механіка Васіля Уладзіміравіча Рудзёнка, інжынераў-механікаў Ягора Ягоравіча Полазава і Сяргея Васільевіча Пацэйку. У майстэрнях рамонтна-механічнага ўчастка шчыруюць таксама чатыры слесары, два зваршчыкі і токар. Усе работнікі старанныя і ўмелыя, а ветэран вытворчасці Сяргей Захаравіч Касяк, які заняты слясарнай справай, прысвяціў лясгасу 42 гады свайго жыцця.

За апошні час парк прадпрыемства адчувальна абнавіўся. Нарэшце спісаны старыя УАЗы, якія яшчэ нядаўна дастаўлялі на аб’екты работнікаў лясніцтваў, на новых “Нівах” аб’язджаюць свае ўчасткі ляснічыя, сучасная тэхніка аблегчыла работы па доглядзе і абнаўленні лесу, ахове яго ад пажараў, камфортна выконваць рэйсы вадзіцелям новых МАЗаў.

Зрэшты, работы ў тэхнічнай службы ўсё роўна шмат. Адна з яе галоўных задач – не дапускаць прастояў шматаперацыйнай тэхнікі, і менавіта за гэты сектар адказвае С.Пацэйка. “Як вядома, летась у нас з’явіўся фінскі “Скарпіён” – такіх машын у краіне толькі некалькі. Летам ён выдатна праявіў сябе на экстранных работах у Крычаўскім раёне: за тры месяцы нашы аператары нарыхтавалі 22 тысячы кубаметраў драўніны – у тры разы больш, чым на звычайных харвестарах. З такой тэхнікай мы раней справы не мелі, і каб якасна праводзіць тэхабслугоўванне, кансультуемся з афіцыйнымі дылерамі, шукаем інфармацыю ў інтэрнэце”, – расказвае Сяргей Васільевіч. Увогуле ўсе харвестары і фарвардары, нават тыя, што сышлі з айчынных канвеераў, не менш чым на палову ўкамплектаваны імпартнымі вузламі і агрэгатамі, набыць зараз для іх запчасткі вельмі складана, таму даводзіцца шукаць выйсце: штосьці па заказах вырабляюць у заводскіх цэхах бліжэйшых гарадоў, а тое, што не патрабуе высокіх тэхналогій – у лясгасаўскіх майстэрнях. Так, нядаўна вярнулі ў строй фарвардар – новую крышку тандэмнага моста змайстравалі для яго на адным з наваполацкіх прадпрыемстваў.

Як вядома, вытворчы працэс у той жа лесанарыхтоўцы арганізаваны ў дзве змены і без выхадных – па адпаведным графіку працуюць і рамонтнікі. Пры гэтым усе спецыялісты гатовы выехаць на любы аб’ект. Напрыклад, калі ў крычаўскіх лясах зламаўся сартыментавоз, прадстаўнікі службы знайшлі ўсе патрэбныя дэталі, пераадолелі 350 кіламетраў і да канца дня вярнулі машыну ў строй. “Работа ў нас напружаная, але цікавая і вельмі патрэбная. А лепшы паказчык яе эфектыўнасці – калі ў разгар працоўнага дня тэрыторыя ўчастка застаецца пустой”, – зазначыў В.У.Рудзёнак. У час нашага візіту, дарэчы, двор быў блізкі да ідэалу, і каб фота спецыялістаў службы ўсё ж было вытворчым, давялося лавіць у кадр МАЗы, якія вярнуліся з палёў падшэфных гаспадарак і цяпер зоймуцца сваёй асноўнай справай – абслугоўваннем лясных дарог.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *