Профессиональный праздник мелиораторов

К профессиональному празднику

Пачуццё адказнасці за зямлю ўласціва не толькі хлебаробам, аб яе ўрадлівасці клапоцяцца і ўшацкія меліяратары, якія па традыцыі ў першую нядзелю чэрвеня адзначаюць сваё прафесійнае свята. Асноўная задача меліяратараў – асушэнне зямель, яны ж абслугоўваюць і трымаюць у належным стане сістэмы, якія дазваляюць з максімальнай аддачай выкарыстоўваць асушаныя землі, атрымоўваючы з іх ураджай. З 16,6 тысячы гектараў асушаных у раёне зямель 11 тысяч менавіта сельскагаспадарчага назначэння. Меліяратары ажыццяўляюць таксама тэхнічны догляд каналаў агульнай працягласцю 868 кіламетраў, пракладваюць новыя сеткі, вядуць агратэхнічныя мерапрыемствы з элементамі меліярацыі.
Аб’ём падрадных работ за 2010 год выкананы на 4 мільярды 302 мільёны рублёў, у тым ліку рамонтна-эксплуатацыйных на 500 мільёнаў рублёў. Атрыманы прыбытак у суме 161 мільён рублёў.

“Чыстыя палі”

Гэта назва праграмы, зацверджанай Віцебскім аблвыканкамам і прыгожы вынік працы меліяратараў, якія яе выконвалі. Сапраўды, чыстыя палі стаяць абапал дарог, выразна бачны каналы, зробленыя для сцёку вады. А сэнс праграмы ў гэтым і заключаецца, каб можна было араць участкі, на якіх расло кустоўе, стаялі вымачкі і складана было пускаць тэхніку з-за малой контурнасці. Падобных участкаў у нашым раёне многа, а паколькі ідзе інтэнсіўнае пашырэнне пасяўных плошчаў, то і гаспадарак, жадаючых атрымаць паслугі меліяратараў за бюджэтны кошт, канечне, нямала. Толькі сёлета ж на рэалізацыю праграмы “Чыстыя палі” выдзелена 700 мільёнаў рублёў. Работы выкананы на 400 гектарах на землях “Дубраўкі”, “Глыбачан”, “Ільюшынскага”. Зямля не павінна пуставаць, таму гэтыя работы вядуцца да пачатку пасяўной ці пасля ўборачнай. 

Заўсёды запатрабаваныя

Каб зарабіць, шукаюць заказы і за межамі раёна. Сёлета, як і ў мінулым годзе, вядуць работы на “Нафтане”. Акрамя гэтага асноўныя аб’екты прадпрыемства меліярацыйных сістэм – рэканструкцыя зямель у “Глыбачанах”, аграмерапрыемствы і рамонт меліярацыйных сістэм на вялікадолецкіх землях, будаўніцтва ачышчальных збудаванняў ва Ушачах. Вялікая работа зроблена, і многае яшчэ трэба зрабіць на будаўніцтве дамоў у вёсцы Ліпавец – пракладваюцца інжынерныя сеткі, дарога, пешаходныя дарожкі. Тут нават будзе закладзена дзіцячая пляцоўка, якую зробяць менавіта працаўнікі ПМС.

Над зямлёй і пад зямлёй

Звычайна лічылася, што работа меліяратараў пад зямлёй і для людзей нябачная. Аднак, гэта ў мінулым. Ушачане выдатна знаёмы з прадпрыемствам па водаправодзе і інжынерных сетках, па новых вулі- цах з тратуарамі і газонамі, якія налічваюць не адзін кіламетр. Як будаўнікоў бачна па новабудоўлях, так нашых меліяратараў па добраўпарадкаваных вуліцах. Так, у мінулым годзе зроблены тратуар па Камсамольскай, які цяпер радуе жыхароў гарпасёлка. Нядаўна распачата пракладванне тратуара па вуліцы Школьнай (часова работы прыпынены з-за адсутнасці сродкаў). Пакуль толькі 80 мільёнаў выдзелена на добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі па Ленінскай,16. Але працаўнікі спадзяюцца, што ў рэшце рэшт у названым двары стане ўтульна і прыгожа, ажыццявіцца запланаванае. 
Меліяратары, як людзі цесна “прывязаныя” да зямлі, працуюць не толькі на выкананне сваіх вытворчых планаў, але і аказваюць гаспадаркам раёна значную дапамогу ў час некаторых работ. Так, напрыклад, сёлета дапамагалі вывозіць арганіку на палі КУСГП “Арэхаўна”, “Дубраўка”, “Глыбачаны”, ААТ “Селішча”. Таксама аказвалі дапамогу лясгасу ў будаўніцтве гадавальніка ў Вялікадолецкім лясніцтве.
Для выканання вытворчых задач на прадпрыемстве ёсць усе перадумовы, і праца меліяратараў з’яўляецца запатрабаванай. Па ініцыятыве Прэзі- дэнта Беларусі гэтай галіне зноў удзяляецца асаблівая ўвага, 2011-2015 гады аб’яўлены ў краіне пяцігодкай меліярацыі, а значыць будзе працягвацца і далейшае тэхнічнае пераўзбраенне меліярацыйных прадпрыемстваў.

Трывалы асноўны рэзерв

Усе вытворчыя паказчыкі, тая работа, якой славіцца прадпрыемства, безумоўна, немагчыма без старанных работнікаў, а яны тут сапраўды працавітыя і адказныя, здольныя выканаць любую работу. Сёння на прадпрыемстве працуе 107 чалавек. Тут не прыжывецца гультай ці аматар спіртнога. Гэта стабільны ўзорны калектыў, дзе ідзе пастаянны пошук новых аб’ектаў, каб у складаных умовах развівацца, плаціць людзям дастойны заробак, атрымліваць прыбытак і зноў знаходзіць меры, каб заахвочваць лепшых. І калі трапляе ў гэты спіс работнік, то можна не сумнявацца, што ён сапраўдны працаўнік. На прадпрыемстве вядзецца работа па папаўненні калектыву маладымі кадрамі.  Спецыялісты прыходзяць з Лепельскага тэхнікума і сельскагаспадарчай акадэміі, абучаюць і пераабучаюць іх прама на рабочых месцах. Каля 20 працэнтаў калектыву – маладыя людзі. Адразу бачна, хто прыходзіць у гэту справу, што называецца, па прызванні і адчувае сябе на сваім месцы. Малады майстар Віктар Шуневіч нядаўна з’явіўся на прадпрыемстве, а ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе адказным работнікам і неабыякавым спецыялістам. Як і малады машыніст экскаватара Аляксандр Каваленка, які цяпер выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі на аб’екце ў Ліпаўцы. Маладым ёсць у каго павучыцца і ў каго пераймаць вопыт. Заўсёды выконваюць пастаўленыя задачы і гатовы падзяліцца сваім вопытам прараб Ю.А.Сазанкоў, старшыя майстры С.М.Семіоненка, М.А. Дырко, машыністы-экскаватаршчыкі А.П.Высоцкі, С.Л.Гарбаценка, У.І.Пашута, П.Д.Прытыка, вадзіцелі С.В.Клубаеў, А.Ф.Лёля, работнікі рамонтнай майстэрні Ю.У.Саўчанка, М.П.Чобат. Добра ведаюць сваю справу С.М.Сарокін, А.У.Анкудовіч, В.В.Дрозд. Заўсёды добразычлівая атмасфера пануе ў бухгалтэрыі, дзе не першы год працуюць галоўны бухгалтар С.М.Усцін, бухгалтар Т.Я.Шчукіна. Кіраўніцтва прадпрыемства з цяжкасцю вылучае лепшых, бо ўсе імкнуцца працаваць, паколькі ведаюць, што ад паказчыкаў работы залежыць і заработная плата, а яна сёння сярэдняя на прадпрыемстве складае 1 мільён 37 тысяч рублёў. А калі чалавек заслугоўвае – гэта трэба прыкмячаць і заахвочваць. Таму заўсёды абнаўляецца Дошка гонару прадпрыемства, а кандыдатуры лепшых з лепшых выносяцца і за яго межы. Так, сёлета Ганаровай граматай КУП “Віцебскмеліяводгас” узнагароджаны машыніст бульдозера Васіль Васільевіч Лёля і мантажнік Уладзімір Аляксандравіч Лявонцьеў. У намінацыі “Лепшы па прафесіі” дыпломам другой ступені ўзнагароджаны Аляксандр Васільевіч Чэвідаеў. Знакамі “Ганаровы меліяратар” узнагароджаны Пётр Данілавіч Прытыка, Сяргей Леанідавіч Гарбаценка. На мерапрыемства з нагоды свята ў абласны цэнтр запрошана і ветэран працы, былы бухгалтар прадпрыемства Ганна Аркадзьеўна Палячэнка.
Прыжыліся і калектыўныя падарожжы, выезды на рыбалку, актыўна прымае калектыў удзел у спартыўных спаборніцтвах. 
Сёння, напярэдадні прафесійнага свята, калектыў прадпрыемства збіраецца разам на ўрачыстае мерапрыемства, каб падвесці вынікі зробленага. Лепшым працаўнікам будуць уручаны прэміі і каштоўныя падарункі.
Моцны і згуртаваны калектыў – гэта галоўная каштоўнасць прадпрыемства, лічыць яго дырэктар Васіль Станіслававіч Спірчонак. А значыць новыя вытворчыя вышыні ва Ушацкага ПМС яшчэ наперадзе. Поспехаў вам, паважаныя меліяратары!
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *