К юбилею Олега Салтука

Наши земляки

Ушаччына наша багатая на літаратараў самага высокага літаратурнага звання – народных. Ёсць і тыя, хто лёсам звязаны з гэтым прыгожым азёрным краем, месцам, якое паліта крывёй змагароў у гады вайны, авеяна славай мірнага будаўніцтва. Яны арыентуюцца на літаратурныя традыцыі, застаюцца вернымі тэме любові да Радзімы, бацькоўскім запаветам, гераічнаму мінуламу краю. Сярод такіх – паэт Алег Уладзіміравіч Салтук.

Нарадзіўся будучы журналіст і літаратар 25 жніўня 1946 года ў вёсцы Рыжэнькі Шумілінскага раёна. Скончыў Мішкаўскую сярэднюю школу. Калі паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова, стаў спрабаваць пісаць вершы. Першы з іх быў апублікаваны ў газеце гэтай навучальнай установы “Голас філолага”.
Паступова творы пачынаючага, але падаючага надзеі аўтара з’яўляюцца ў газетах “Магілёўская праўда”, “Піянер Беларусі”, Шумілінскай раённай “Герой працы”.
Некаторы час А.Салтук папрацаваў у Даўгапольскай школе-інтэрнаце Гарадоцкага раёна, пасля заканчэння інстытута служыў у Савецкай Арміі. А ў 1969-1973 гадах Алег Салтук – супрацоўнік нашай газеты “Патрыёт”: спачатку – літработнік, потым – адказны сакратар. Калектыў быў творчы, цікавы. Выводзіў на новы і новы ўзровень свае вершы Сяргей Законнікаў. Схільным да вершаванай творчасці быў Пётр Пратасевіч. Спрабаваў сябе ў прозе працуючы тады рэдактарам Вадзім Грынкевіч. Прыхільна ставіўся да тых, хто працаваў і жыў ва Ушачах, гатовы быў дапамагчы Рыгор Барадулін. Такая спрыяльная атмасфера давала крылы для творчасці, да гэтага прыкладаўся талент і настойлівасць маладога творцы. І ў 1974 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выходзіць у свет першы зборнік паэзіі Алега Салтука “Пачатак дня”. Далей з’яўляюцца яго кнігі “Працяг”, “Святло зямлі”, “На далонях жыцця”, “Трывога лёсу”, “Не разлюбі”, “На вейцы веку”…
Першы зборнік, дарэчы, выйшаў той парой, калі Алег Салтук стаў уласным карэспандэнтам абласной газеты “Віцебскі рабочы”, пераехаў у Глыбокае. Пазней, пачынаючы з 1980-га, на працягу шэрагу гадоў быў сакратаром абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Зноў працаваў у абласной газеце.
Калі характарызаваць творчасць А.Салтука, то трэба адзначыць, што яна прасякнута любоўю да роднай зямлі, да тых куткоў, якія сталі дарагімі яму: Шуміліншчыны і Ушаччыны. Тут самыя прыгожыя краявіды, самыя сардэчныя людзі і незвычайна багатая гісторыя. Гераічнае мінулае краю – скразная рана паэта, бо бацька яго змагаўся ў партызанскай брыгадзе, на фронце, быў паранены. Менавіта ўспаміны змагара за Перамогу давалі сыну багаты матэрыял для творчасці. У такіх яго вершах – чыстыя пачуцці, прызнанне старэйшаму пакаленню ва ўдзячнасці і вернасці.
І са сваімі творамі паэт найперш знаёміў бацькоў, якія пераехалі ў вёску Якаўкі Глыбачэнскага сельсавета ў 1963 годзе.
Паэт не спыняецца ў сваёй творчасці. З году ў год з’яўляюцца новыя творы, у тым ліку і паэмы. А.Салтук спрабуе сябе і як перакладчык з розных моў. Яго творы таксама перакладаліся.
А.У.Салтук – лаўрэат літаратурных прэмій імя У.Караткевіча і Ленінскага камсамола Віцебшчыны, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ганаровы член саюза пісьменнікаў Беларусі. Мае дыплом Беларускага саюза журналістаў “Залатое пяро”.
Днямі Алег Уладзіміравіч адсвяткаваў 65-гадовы юбілей. Віншуем калегу, жадаем натхнення і творчых поспехаў!
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

Загушкала возера лодку,
I думае думу рыбак.
За белай ганяецца плоткай
Зялёны, як хваля, шчупак.

Ласіца прыбегла напіцца
3 ласяткам вушастым сваім.
Прабіла трывала зарніца
Блакітнага мроіва дым.

Пад сонцам аж млее лілея,
Канюк над альхоўем крычыць.
I сізае воблачка змеем
Дзіцячым кудысьці ляціць.
Мне вайну малявалі маланкі
Пад грымучага грому раскат.
Як застаўся, маленькі, на ганку
Пасярод устрывожаных хат.

Асляпляльна маланкі ляцелі,
І грымелі пагрозна грамы.
Мае ногі дзіцячыя млелі,
І язык мой рабіўся нямым.

Апрытомнеў, пачуў – нехта плача:
Побач бацька, як прывід, стаяў…
І ў руках папяроску камячыў –
Ён вайну зусім іншую знаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *