Витебской области — 75 лет!

Юбилейные даты

Наш родны кут

Віцебская вобласць размешчана на тэрыторыі больш 40 тысяч квадратных кіламетраў. У яе склад уваходзіць 21 раён і 4 гарады абласнога падпарадкавання. На Віцебшчыне пражывае 1 мільён 214 тысяч чалавек, гарадское насельніцтва складае 73 працэнты, сельскае – 27; 85 працэнтаў жыхароў вобласці – беларусы, 10,2 – рускія.
Віцебшчына – развіты прамысловы рэгіён, больш 30 працэнтаў працаздольнага насельніцтва занята ў прамысловасці, асноўныя галіны якой – нафтаперапрацоўчая, машынабудаўнічая, хімічная, дрэваапрацоўчая, лёгкая, харчовая. На Віцебшчыне вырошчваюцца збожжавыя, кармавыя культуры, лён, бульба. Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак. У структуры перавозак важнейшае месца займаюць чыгуначны і аўтамабільны транспарт.
Вобласць займае першае месца ў Беларусі па шчыльнасці рачной сеткі, па колькасці і агульнай плошчы азёр. Больш за трэцюю частку тэрыторыі вобласці пакрываюць лясы.
Рэгіён мае багатую культурную спадчыну – больш трох тысяч помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры, архітэктуры. Віцебшчына ганарыцца імёнамі знакамітых землякоў, пакінуўшых адметны след у развіцці цывілізацыі – Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Марка Шагала, Васіля Быкава і многіх іншых.

Як гэта было

15 студзеня 1938 года сесія Вярхоўнага Савета СССР зацвердзіла пастанову ЦВК БССР аб стварэнні ў рэспубліцы пяці абласцей: Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай. У 1939 годзе пасля ўз’яднання з БССР Заходняй Беларусі тэрыторыя апошняй была падзелена на 5 абласцей: Баранавіцкую, Беластоцкую, Брэсцкую, Вілейскую і Пінскую. Умовы ваеннага часу выклікалі неабходнасць стварэння ў 1944 годзе трох новых абласцей – Бабруйскай, Гродзенскай і Полацкай (у склад апошняй увайшоў і Ушацкі раён), а Вілейская была пераўтворана ў Маладзечанскую. У 1945 была скасавана Беластоцкая вобласць. У пасляваенны час наспела рэформа адміністрацыйнага дзялення, якая пачалася з узбуйнення абласцей. У 1954 годзе былі скасаваны Баранавіцкая, Бабруйская, Пінская, Палеская і Полацкая вобласці, у 1960 – Маладзечанская, пасля чаго сфарміравалася сучаснае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Беларусі, у склад якой уваходзяць шэсць абласцей і горад Мінск.

Інавацыі, інвестыцыі, ініцыятыва

Комплексная праграма інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця на 2011-2015 гады, распрацаваная па ініцыятыве губернатара Аляксандра Косінца, не мае аналагаў у краіне. У ёй усё трымаецца на трох кітах – інавацыях, інвестыцыях і ініцыятыве.

Комплексная праграма ахоплівае многія галіны вытворчасці і жыццядзейнасці і складаецца з 19 падпраграм. Іх рэалізацыя паспяхова пачата: з прадугледжаных 42 трыльёнаў рублёў за два гады асвоена 19. Найбольш актыўна ўвасабляюцца ў жыццё падпраграмы “Вітгандаль”, “Паўночная сталіца”, “Дзецям Віцебшчыны”, “Вітнафтахім”, “Вітмаш”, “Віцебская фармацыя”, “Здароўе”, праграма развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. Апераджальнымі тэмпамі ідзе выкананне падпраграмы “Вітдрэўмэбля”. Як вынік – станоўчая адзнака работы дрэваапрацоўчай галіны вобласці Прэзідэнтам краіны А.Р.Лукашэнкам падчас яго візіту на ААТ “Віцебскдрэў”. Па падпраграме “Пяцьсот” асваенне сродкаў перавысіла заданне больш чым у паўтара раза: толькі за апошні год створаны 38 паляўнічых домікаў, 121 аграэкасядзіба, 40 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, добраўпарадкавана 119 зон адпачынку на вадаёмах.
Адметна, што ў ходзе выканання комплекснага плана ў Прыдзвінні створана каля пяці тысяч новых працоўных вакансій. Напрыклад, па падпраграме развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў у сельскай мясцовасці з’явілася 322 працоўных месцы, што немалаважна для замацавання людзей, якія жадаюць працаваць на зямлі.
Каля ста мільярдаў рублёў асвоена па праграме “Транспартна-лагістычныя цэнтры Віцебшчыны”. Ёсць пэўныя поспехі па ўвасабленні ў жыццё падпраграм “Вітбуд”, “Віцебскрыба”, “Віцебская крыніца”, “Малая энергетыка Віцебшчыны”, “Вітагра”, “Віцебскі лён”, “Віцебскі мех”, але работы тут яшчэ шмат.
Рэалізацыя праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця павінна прывесці да павышэння канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі, а значыць, і да росту дабрабыту жыхароў Віцебшчыны.

Храналогія падзей

1939 г. – у Віцебску адкрыты помнік А.С.Пушкіну.
1941 г. – пад Оршай першы залп па гітлераўцам нанесла батарэя “Кацюш”.
1942 г. – у вобласці шырока разгарнуўся партызанскі рух; у Віцебску вяла дзейнасць група падпольшчыкаў Веры Харужай.
1943 г. – ураджэнец Сенненшчыны, лётчык А.Гаравец у паветраным баі збіў 9 нямецкіх самалётаў.
1944 г. – вызваленне вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
1958 г. – пачатак будаўніцтва г.Наваполацка і нафтаперапрацоўчага завода.
1959 г. – на плошчы Свабоды ў Віцебску знойдзена першая на тэрыторыі Беларусі берасцяная грамата ХІІІ века.
1960 г. – пачала работу Віцебская студыя тэлебачання.
1963 г. – рабочы пасёлак Полацкі ператвораны ў горад Наваполацк.
1964 г. – пачата будаўніцтва Лукомльскай ДРЭС.
1966 г. – адкрыты Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат.
1967 г. – Віцебская вобласць узнагароджана ордэнам Леніна.
1968 г. – уведзены ў дзеянне Полацкі хімкамбінат.
1974 г. – у Віцебску на плошчы Перамогі адбылося адкрыццё манумента вызваліцелям; ва Ушацкім раёне адкрыты мемарыяльны комплекс “Прарыў”; адчыніў дзверы Наваполацкі політэхнічны інстытут.
1976 г – пачаў работу Віцебскі тэлезавод.
1978 г. – у Віцебску на маршрут выйшаў першы тралейбус.
1980 г. – у Віцебску адкрыты помнік П.М.Машэраву.
1985 г. – у в.Пуцілкавічы Ушацкага раёна адкрыты Дом-музей П.Броўкі.
1988 г. – адкрыўся летні амфітэатр у Віцебску, прайшоў Першы фестываль польскай песні.
1989 г. – у Полацку ўзнавіў дзейнасць Спаса-Ефрасіньеўскі жаночы манастыр; у Віцебску створана сумеснае савецка-германскае прадпрыемства “Белвест”.
1990 г. – узноўлена дзейнасць Полацка-Віцебскай епархіі.
1992 г. – у Віцебску прайшоў І Міжнародны фестываль “Славянскі базар”.
1993 г. – у Віцебску створана абутковае прадпрыемства “Марка”.
1995 г. – адкрыты Віцебскі абласны дыягнастычны цэнтр; створаны Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”.
1996 г. – у Паставах адбыўся першы фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.
1999 г. – у Віцебску пабудаваны Палац спорту; у Полацку ўстаноўлены помнік святой Еўфрасінні Полацкай.
2000 г. – ураджэнец Віцебска Ж.Алфёраў атрымаў Нобелеўскую прэмію.
2001 г. – гасцямі Х Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” сталі прэзідэнты А.Р.Лукашэнка, У.У.Пуцін і Л.Д.Кучма.
2002 г. – у Полацку адбыўся фестываль “Дажынкі-2002”; у Наваполацку адкрылася вучылішча алімпійскага рэзерву; у Оршы – музей У.Караткевіча.
2003 г. – Орша прыняла першы рэспубліканскі экалагічны форум; у Полацку адкрыўся помнік Сімяону Полацкаму і знак, прысвечаны літары “Ў”.
2004 г. – у в.Бычкі Ушацкага раёна адкрыты сядзіба-музей В.Быкава.
2005 г. – у Паставах адкрыта лінія па вырабе мікрахвалевых печаў.
2006 г. – Віцебская вобласць заваявала першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па вытворчасці зерня.
2008 г. – праведзена рэканструкцыя Віцебскага радзільнага дома №1.
2009 г. – атрыманы герб і сцяг Віцебскай вобласці.
2010 г. – праведзена рэканструкцыя плошчы Перамогі ў Віцебску; у Полацку ўстаноўлены памятны знак “Геаграфічны цэнтр Еўропы”.
2012 г. – на Віцебшчыне сабраны рэкордны ўраджай зерневых за апошнія 36 гадоў – 1,4 мільёна тон зерня.

Прыярытэт – аб’ектам сацыяльнай сферы

У 2013 годзе інвестыцыйнай праграмай Віцебскай вобласці прадугледжана будаўніцтва школы на 1020 навучэнцаў у мікрараёне Білева-2 у Віцебску, басейна ў сярэдняй школе №2 у Навалукомлі, базавай агульнаадукацыйнай школы ў вёсцы Літусова Сенненскага раёна.
Прадугледжана выдзяленне сродкаў на ўзвядзенне ў мікрараёне Поўдзень-7 абласнога цэнтра паліклінікі, рэканструкцыю тэрапеўтычнага корпуса дзіцячай абласной бальніцы, завяршэнне будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы ў Міёрах, а таксама на іншыя аб’екты аховы здароўя.
Спартыўныя аб’екты таксама ўвайшлі ў абласную інвестпраграму. З бюджэту будзе прафінансавана завяршэнне будаўніцтва Лядовага палаца ў Оршы, палаца гульнявых відаў спорту ў Полацку, водна-аздараўленчага цэнтра ў Докшыцах, лыжа-ролернай трасы ў Гарадку. Таксама праграма прадугледжвае рэстаўрацыю і рэканструкцыю Свята-Духаўскага жаночага манастыра, помніка архітэктуры ХIХ стагоддзя – будынка былога манастыра бернардынцаў у Дуброўне. Будзе рэканструявана аўтастанцыя ў Гарадку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *