Службе гостехнадзора Беларуси — 55 лет

Юбилейные даты

18 красавіка 1958 года ўрадам СССР было прынята рашэнне па свабодным продажы трактароў і сельскагаспадарчых машын калгасам і саўгасам краіны. Каб ажыццяўляць тэхнічны нагляд за станам машынна-трактарнага парка ў калгасах і саўгасах і была створана служба дзяржтэхнагляду, а ў рамонтна-тэхнічных станцыях уведзены пасады інжынераў па тэхнічным наглядзе. У 1961 годзе са стварэннем “Саюзсельгастэхнікі” служба перайшла ў яе склад, а ў лютым 1969-га была ўведзена ў склад Міністэрства сельскай гаспадаркі як дзяржаўная інспекцыя па наглядзе за тэхнічным станам машынна-трактарнага парка ў калгасах, саўгасах і іншых сельскагаспадарчых прадпрыемствах і арганізацыях. У 1986 годзе пры стварэнні Дзяржаграпрама органы дзяржсельнагляду пераўтвораны ў органы дзяржтэхнагляду.
Са студзеня 1991 года ў Рэспубліцы Беларусь на службу ўскладзены функцыі па наглядзе за тэхнічным станам падкантрольнай тэхнікі, якая знаходзіцца на прадпрыемствах і ў арганізацыях рэспублікі незалежна ад форм уласнасці і іх ведамаснай падпарадкаванасці, у кааператывах, а таксама асабістай уласнасці грамадзян. З 1992 года работай органаў дзяржтэхнагляду кіруе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Віцебская абласная інспекцыя ўключае ў сябе 21 раённую і 1 гарадскую інспекцыі дзяржтэхнагляду.

З 1986 па 2005 год Ушацкую раённую інспекцыю дзяржтэхнагляду ўзначальвалі Канстанцін Аляксандравіч Крахотка, Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, Іван Генрыхавіч Лянец. З 2005 года і па сённяшні дзень начальнікам з’яўляецца Іван Мікалаевіч Пухальскі. Напярэдадні юбілейнай даты службы мы пагутарылі з ім аб некаторых накірунках дзейнасці.

Іван Мікалаевіч, Вы, як ніхто, добра ведаеце пра наяўнасць тэхнікі ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна, яе спраўнасць.
– Па стане на 1 студзеня 2013 года ў раёне налічваецца 709 адзінак трактароў і самаходных трактароў з рухавікамі, а таксама 136 прычэпаў. З іх непасрэдна ў гаспадарках – 223 трактары, у прыватнікаў – 244. На ўліку ў інспекцыі знаходзіцца 73 зернеўборачныя і 26 кормаўборачных камбайнаў. У 2012 годзе на гарантыйным абслугоўванні знаходзілася 395 адзінак новай тэхнікі. За год пры тэхаглядзе было праверана 549 адзінак тэхнікі, забаронена эксплуатацыя 136 адзінак, з іх 123 трактары. За парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў прыцягнуты 1 кіраўнік, 3 інжынеры, 1 трактарыст-машыніст, выдадзена 53 прадпісанні.
Уладальнікі тэхнікі, а гэта юрыдычныя і фізічныя асобы, штогод праходзяць тэхнічны агляд. Якія праблемы ўзнікаюць у іх пры яго праходжанні?
– Адразу хочацца адзначыць, што прыватнікі рыхтуюць свае трактары намнога лепш. Пэўна таму, што маюць толькі адну адзінку. Спраўныя, пафарбаваныя ў большасці выпадкаў яны адразу ж праходзяць агляд. Да таго ж спрацоўвае той фактар, што да ўласнага людзі адносяцца больш беражліва і ўважліва, чым да агульнага. У гаспадарках жа часта існуе недахоп запчастак, на іх не хапае грошай і тэхніка часта рыхтуецца за лічаныя дні, немалаважным з’яўляюцца асабістыя вартасці тых, хто за ёй замацаваны, таму бываюць праблемы і са спраўнасцю, знешнім выглядам і дакументамі.
Адным з накірункаў работы з’яўляецца выдача пасведчанняў трактарыста-машыніста. Ведаю, што Вы не даяце ніякіх паслабленняў тым, хто плануе садзіцца за руль тэхнікі.
– З пачатку года інспекцыяй выдадзена 45 пасведчанняў трактарыстаў-машыністаў. На экзамене я не патрабую ад будучых трактарыстаў нічога недасягальнага, толькі дасканалае веданне правілаў, экзаменацыйных білетаў. Бо кожны з тых, хто хоча мець пасведчанне, павінен усведамляць, што гэта ўжо вялікая адказнасць, бо ён становіцца ўдзельнікам дарожнага руху. 50 працэнтаў з першага разу здаюць экзамен без праблем, некаторыя наогул пасля няўдалых спроб адмаўляюцца ці перадумваюць мець пасведчанне, іншыя ўпарта ідуць да канца, пераздаючы экзамен па некалькі разоў. Ёсць сярод іх і рэкардсмены – адзін такі мой экзаменуемы толькі з 12 разу вытрымаў выпрабаванне і атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста.
Пэўна, абсалютную большасць рабочага часу Вы праводзіце ў розных арганізацыях раёна па-за межамі свайго кабінета. У якія дні Вы прымаеце грамадзян?
– Прыём грамадзян у інспекцыі па пытаннях дзяржтэхнагляду праводзіцца ў панядзелак з 9 да 13 гадзін і чацвер з 8 да 13 і з 15 да 17 гадзін. Гэта адзіныя прыёмныя дні інспекцый па ўсёй рэспубліцы.
– Якія цяжкасці ўзнікаюць у Вашай рабоце? Тым больш, што Вы з’яўляецеся адзіным работнікам інспекцыі, а тэхнічны парк раёна пастаянна папаўняецца…
– Аб’ём работы, канечне, немалы, аднак спраўляюся адзін без асаблівых цяжкасцей. За перыяд работы выпрацаваны стыль, рэжым, наладжаны сувязі з кіраўніцтвам і інжынернымі службамі гаспадарак. Раён у нас невялікі, а таму ўжо добра ведаю многіх уладальнікаў тэхнікі, лепшых механізатараў і патэнцыяльных парушальнікаў. Калі я толькі прыйшоў на гэтую пасаду, тэхнікі было намнога менш, аднак складаней было весці ўлік, зараз жа хоць тэхнікі больш, але ўвесь улік камп’ютарызаваны, створана спецыяльная база, куды занесена тэхніка, яе ўладальнікі і г.д.
Дзякуй, Іван Мікалаевіч, за размову і супрацоўніцтва з рэдакцыяй. Жадаем Вам здароўя, дабрабыту, выканання прафесійнага доўгу на такім жа высокім узроўні, далейшых поспехаў у выкананні ўскладзеных на службу задач!
Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *