Вторая жизнь пластиковой бутылки

Калейдоскоп

Наўрад ці можна знайсці штосьці найбольш распаўсюджанае і ў той жа час шкоднае, чым пластыкавая бутэлька: раскладаецца яна ў прыродзе некалькі сотняў гадоў, пры згаранні выдзяляе высокатаксічныя рэчывы. Штогод колькасць гэтай тары на сметніках павялічваецца на 15-20 працэнтаў, што пагражае экалагічнай катастрофай. Адзіны аптымальны выхад — перапрацоўка.

З 10 ПЭТ бутэлек можна вырабіць адну тратуарную плітку, з 20 — уцяпляльнік для зімовай курткі, 3 60 — 1 квадратны метр дывановага пакрыцця.

ПЭТ бутэлька была запатэнтавана ў 1973 годзе амерыканскім хімікам Натаніэлем Вэйсам, а ўжо з 1977 гэтую тару пачалі перапрацоўваць і вырабляць з яе розныя рэчы.
Пластыкавая бутэлька можа адрадзіцца ў выглядзе коўдры або аўтамабільнага паліва. З яе вырабляюць валакно, якое можна ператварыць у шчаціну для дарожных і аўтамыечных шчотак, упаковачную стужку, тратуарную плітку, чарапіцу. З другаснай сыравіны вырабляюць корпусы для мабільнікаў. Знакамітая Coca Cola займаецца перапрацоўкай бутэлек з-пад свайго напітку і выпускае з гэтага матэрыялу модныя сумкі, а ў брытанскіх універмагах паспяхова прадаюцца «бутэлечныя» жаночыя касцюмы.
Існуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы ПЭТ бутэлек і ў Беларусі. Абсталяванне для такога тэхналагічнага працэсу выпускаюць, напрыклад, у Наваполацку. Ужо некалькі гадоў даюць другое жыццё палімерным адыходам заводы па перапрацоўцы другасных рэсурсаў у Магілёве, Віцебску, Мінску. Плануецца, што сёлета вытворчае аб’яднанне «Магілёўхімвалакно» пачне перапрацоўваць вырабленыя з пластыкавых бутэлек хлоп’я і гранулы ў валакно, якое будзе выкарыстоўвацца ў лёгкай прамысловасці — магчыма, хутка і ў нашых магазінах з’явіцца «бутэлечнае» адзенне.
Ёсць і яшчэ адзін спосаб з карысцю ўтылізаваць ПЭТ тару — рабіць з яе розныя арыгінальныя рэчы. Мы ўжо расказвалі, якія цудоўныя дэкаратыўныя кветкі, дрэвы і нават альтанкі з каляровага пластыка майструюць нашы ўмельцы.
А напрыканцы — парада для тых, хто з павагай адносіцца да паняцця беражлівасці не толькі ў асабістым, але і ў грамадскім сэнсе. Перад тым, як выкінуць пластыкавую бутэльку ў кантэйнер для смецця, зніміце з яе накрыўку. Гэта простае дзеянне дазволіць скараціць транспартныя расходы камунальнай службы — закручаная бутэлька вельмі дрэнна прасуецца, і ў выніку ў кожнай машыне з бытавым смеццем перавозіцца да 50-60 працэнтаў паветра! А сарціровачныя прадпрыемствы нават вымушаны набіраць людзей, якія ўручную знімаюць накрыўкі з бутэлек, каб яны сталі годнымі для перапрацоўкі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *