Как ушачане сражались с разъярённой стихией

Общество

Веснавы дзень 15 сакавіка 2013 года жыхары Беларусі будуць памятаць доўга: снежны ўраган Хаўер, які сфарміраваўся ў Міжземнамор’і і набраў моц, праляцеўшы па Заходняй Еўропе, асноўны свой удар нанёс па нашай краіне. Метэаролагі своечасова папярэдзілі аб небяспецы, аднак такіх прыродных катаклізмаў наўрад ці хто чакаў. І хоць наш раён не быў у самым эпіцэнтры раз’юшанай стыхіі, Хаўер даставіў масу непрыемнасцяў ушачанам, прымусіўшы іх адкарэкціраваць свае планы на выхадныя, а многія мясцовыя службы і ўвогуле іх пазбавіліся.

Вядома ж, больш за ўсё клопату буран прынёс дарожнікам і камунальнікам. Работнікі ДРБУ-105, ДЭУ-37, УП ЖКГ шчыравалі дзень і ноч, каб максімальна хутка аднавіць рух па замеценых дарогах. “Працавалі ў дзве-тры змены, – расказвае начальнік ДРБУ-105 А.І.Коцур, – і людзі гэтае выпрабаванне вытрымалі дастойна, чаго не скажаш аб тэхніцы, значная частка якой выйшла са строю”. На раніцу панядзелка ўсе дарогі рэспубліканскага значэння, а таксама вуліцы гарпасёлка знаходзіліся ў нармальным стане, аднак каля 20 працэнтаў невялікіх населеных пунктаў усё яшчэ заставаліся без пад’езду – работы па іх “вызваленні” працягваліся. На жаль, жыхары і школьнікі некаторых з іх у панядзелак не змаглі трапіць на работу і заняткі. У асобных вёсках снежную цаліну штурмавалі ў некалькі заходаў, але нават магутная дарожная тэхніка распісвалася ў сваім бяссіллі.
Дзейсную дапамогу дарожнікам аказвалі сельвыканкамы, на барацьбу з заносамі выйшла тэхніка сельгаспрадпрыемстваў, асабліва вызначыліся ў гэтым плане ААТ “Ільюшынскі”, “Райаграсэрвіс”, КУСГП “Кублічы” і “Арэхаўна”. Не сядзелі склаўшы рукі і самі жыхары: у ход ішла і прыватная тэхніка, і лапаты.
Шмат хваляванняў прынёс буран энергетыкам. Але, на шчасце, ушацкія электрасеткі ўдар стыхіі вытрымалі – абышлося без значных аварый, а некалькі дробных адключэнняў былі аператыўна ўхілены. Не паступіла сумных звестак і ад работнікаў ДАІ: падчас разгулу стыхіі дарожна-транспартных здарэнняў на дарогах раёна зарэгістравана не было.
Пачатак на 1-й стар.
Прыбавіў работы цыклон ушацкім выратавальнікам, якія двойчы на сваёй тэхніцы спяшаліся дапамагчы насельніцтву. Кампанія маладых людзей у ноч з 16 на 17 сакавіка ехала на аўтамабілі, у вёсцы Чарапоўшчына іх машыну занесла на абочыну, адкуль яны ўжо не маглі выбрацца, у начны час ды ў такое надвор’е можна было спадзявацца толькі на дапамогу выратавальнікаў. Супрацоўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага паста вёскі Двор Пліна аператыўна аказалі дапамогу.
Вызваляць са снежнага палону траіх мінчан, якія прыехалі ў наш раён на рыбалку, прыйшлося выратавальнікам глыбачанскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Амаль на суткі давялося затрымацца рыбаловам у вёсцы Пола: зламаўся аўтамабіль, і снежная завіруха літаральна заблакіравала іх на дарозе. Выратавальнікі дапамаглі мужчынам выбрацца з нечаканага палону. Ніхто не пацярпеў.
Ураган наклаў адбітак і на работу іншых службаў. Былі адменены многія аўтобусныя рэйсы. Жыхары сельскіх населеных пунктаў у суботу былі пазбаўлены паштовых паслуг. Але, як паведаміла намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі В.М.Закрэўская, карэспандэнцыю і пенсіі вяскоўцы атрымалі ў панядзелак – гэты дзень у сувязі з надзвычайнымі абставінамі паштавікі зрабілі працоўным. А вось для культработнікаў выхадныя нечакана прайшлі ў “аблегчаным” рэжыме: з-за непагадзі былі адменены запланаваныя забаўляльныя мерапрыемствы.
***

Большасць ушачан з разуменнем аднеслася да часовых цяжкасцей. Былі, канечне, і незадаволеныя тэмпамі і якасцю расчысткі. Мы папрасілі А.І.Коцура адказаць на пытанні чытачоў, якія звярнуліся ў рэдакцыю. Жыхаркі Анікеўшчыны Кубліцкага і Гара Вяркудскага сельсаветаў былі засмучаны тым, што дарожнікі не спяшаюцца расчышчаць іх вёскі. “Нават пры ўсім жаданні мы не здольныя адразу навесці парадак на ўсіх дарогах раёна, таму ў першую чаргу чысцім маршруты, па якіх павінны ехаць аўтобусы, потым – вёскі з большай колькасцю жыхароў, а затым – маланаселеныя. Як правіла, дарогі ля такіх вёсак вузкія і чысціць іх больш складана”, – паведаміў Анатоль Іванавіч. А вось жыхар Лутава Сяльца выказаў прэтэнзію наконт таго, што пад’езд да яго хаты застаўся нерасчышчаным. Як патлумачыў А.І.Коцур, гэтая дарога лічыцца з’ездам у двор, таму не стаіць на балансе па абслугоўванні і даглядаць яе павінен сам гаспадар сядзібы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *