Первую высоту в изучении биологии взяла ученица Ушачской школы Настя Раговешка

Наши дети

Прадстаўнік кожнай галіны імкнецца дасягнуць вяршыні прафесійнага майстэрства: даярка – дабіцца рэкорднага надою, хірург – зрабіць унікальную аперацыю, сышчык – раскрыць “злачынства стагоддзя”, а зорны час педагога – калі вяршынь майстэрства дасягае яго выхаванец. Каб гэта адбылося, аднаго прафесіяналізму мала: трэба, каб у клас да настаўніка прыйшоў той самы вучань-аднадумца, гатовы падзяліць усе цяжкасці і выпрабаванні на шляху да агульнай мэты. Ва Ушацкай сярэдняй школе такім плённым тандэмам сталі настаўніца біялогіі Аксана Васільеўна Смірнова і вучаніца 9 “В” класа Насця Рагавешка (на здымку). Сёлета імі была ўзята і першая вяршыня – дыплом трэцяй ступені абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.
Адкуль гэтая цікавасць да ведаў аб прыродзе? Напэўна, з найпрыгажэйшай вёскі Казімірова, дзе дзяўчына з дзяцінства гасцюе ў бабулі з дзядулем. Непараўнальныя краявіды, магчымасць назіраць за птушкамі, вывучаць звычкі жывёлы ўдала спалучыліся з уласцівай ёй дапытлівасцю. “Гэта былі першыя зімовыя канікулы, якія Насця не змагла правесці ў любімай вёсцы, аб чым вельмі перажывала падчас падрыхтоўкі да алімпіяды,” – расказвае яе настаўніца. Ёсць і яшчэ адзін немалаважны фактар – мама Насці Галіна Мікалаеўна Аўсіенка выкладае біялогію ў Ільюшынскай школе. Але гэта не значыць, што лёс дзяўчыны быў адразу вызначаны: маці ніколі не навязвала ёй свой прадмет у якасці галоўнага занятку, наадварот, давала дачцэ права выбару, імкнулася развіваць усебакова – а здольнасцяў у яе шмат. Прычым дзякуючы надзвычайнай працавітасці і адказнасці, Насця дасягае максімальных вынікаў ва ўсім, за што бярэцца: яна выдатна асвоіла ігру на баяне ў школе мастацтваў, удзельнічае ў конкурсах эрудытаў і спартыўных спаборніцтвах, спрабуе сябе ў якасці журналіста ў аб’яднанні па інтарэсах “Залатое пяро”.
Ды ўсё ж галоўныя яе дасягненні звязаны менавіта з біялогіяй, вывучаць якую, дарэчы, не так лёгка, як іншым здаецца. І калі ў праграме сярэдніх класаў ёсць адносна простыя, нават забаўляльныя тэмы, то біялогія ў старэйшых цесна пераплецена з такімі дакладнымі навукамі, як хімія, фізіка, матэматыка. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды давялося штудзіраваць тэмы, якія вывучаюцца толькі на 2-3 курсе ўніверсітэтаў, прапрацаваць усе заданні алімпіяд апошніх гадоў, засвоіць складаную тэрміналогію, без ведання якой не зразумееш нават умоў заданняў. Але, як кажуць, цяжка ў навучанні – лёгка ў баі. “З некаторымі заданнямі алімпіяды справіцца мне было нескладана, – прыгадвае Насця. – Напрыклад, калі трэба было пазнаць па малюнках птушак і вызначыць, да якой экалагічнай групы яны адносяцца”. І сапраўды, гэтыя істоты – “каронка” дзяўчыны, яна з дзяцінства вывучае іх павадкі, робіць здымкі і нават з’яўляецца пераможцам абласнога фотаконкурсу “Птушкі на кармушцы”. Менавіта практычны аспект біялогіі найбольш вабіць Насцю і не толькі яе: Аксана Васільеўна і некалькі вучняў стварылі групу, якая займаецца эколага-даследчай дзейнасцю, актыўна супрацоўнічае з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якая дапамагае школьнікам метадычнай літаратурай. Зараз аб’ектам іх інтарэсу з’яўляюцца грыбныя хваробы раслін хваёвых парод. Школьнікі і іх настаўніца даследуюць лясныя насаджэнні, робяць ацэнку іх стану і ступені здароўя, вызначаюць, да якога класу біялагічнай устойлівасці адносяцца пэўныя ўчасткі лесу. Аксана Васільеўна лічыць, што такім чынам можна не толькі абудзіць у школьніках цікавасць да біялогіі, але і выклікаць неабыякавасць да экалагічных праблем нашага рэгіёну.
Апроч таго, сумесная работа згуртоўвае, замацоўвае сяброўскія адносіны. І настаўнікі, і вучні хваляваліся за Насцю, калі яна абараняла гонар школы на абласным узроўні, і шчыра радаваліся яе поспеху, які, у сваю чаргу, з’яўляецца добрым арыенцірам для іншых школьнікаў – бо ў кожнага з іх наперадзе свая вяршыня, свой зорны час.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *