На очередном заседании Ушачского райисполкома рассмотрены вопросы организации посевной кампании, работы предприятий промышленности и социальной сферы

Официально

Павестка дня пасяджэння Ушацкага раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла 28 сакавіка, была змястоўнай і рознабаковай. На пасяджэнні прысутнічалі намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Раіса Пятроўна Саўрыцкая і першы намеснік старшыні Дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзім Уладзіміравіч Заранкін, якія прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні дакладаў, уносілі слушныя прапановы і дапаўненні па прымаемых рашэннях.

Пачалося ж пасяджэнне з самай актуальнай зараз тэмы — падрыхтоўкі сельгаспрадпрыемстваў да палявых работ і стварэння трывалай кармавой базы. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Аляксандравіч Чэрнікаў падрабязна ахарактарызаваў стан спраў.

Сёлета ў раёне ўстаноўлена гібель азімых зерневых на 886 гектарах, што складае 11,6 працэнта ад агульнай плошчы азімых. Найбольш пацярпеў рапс, які загінуў на трэцяй частцы плошчаў — 667 гектарах, а вось зерневыя перанеслі маразы больш стойка — знішчана 219 гектараў або 3,8 працэнта ад пасеянага.

Сёлета ў раёне пасяўныя плошчы яравых культур складуць 15288 гектараў. Амаль на 11 тысячах гектараў будуць пасеяны зерневыя і зернебабовыя, на 1300 — рапс, 2900 — кукуруза, на 210 — бульба і агародніна.

Усе гаспадаркі раёна забяспечаны насеннем яравых зерневых, праблемы з гэтым меліся толькі ва «Ушацкім райаграсэрвісе».

Даволі няпростае становішча сёлета з угнаеннямі. Пад яравую сяўбу неабходна ўнесці каля 6,2 тысячы тон мінеральных, вывезці на палі 200 тысяч тон арганікі. На канец мінулага тыдня забяспечанасць гаспадарак мінеральнымі ўгнаеннямі складала толькі каля 40 працэнтаў. У сувязі з гэтым старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч параіў пры сяўбе асобных культур кампенсаваць недахоп калійных і фосфарных угнаенняў арганікай.

Для правядзення вясенніх палявых работ у гаспадарках маецца 163 трактары, з іх 28 — энерганасычаных, 30 глебаапрацоўчых прычапных машын, 39 сеялак і пасяўных агрэгатаў, 41 раскідвальнік мінеральных і 22 — арганічных угнаенняў. На жаль, не ўся гэта тэхніка была падрыхтавана да старту пасяўной, прайшла дзяржаўны тэхагляд, горш за іншых у гэтым пытанні спрацавалі «Арэхаўна», «Кублічы», «Райаграсэрвіс».

Няпростае становішча склалася з шынамі. Так, з 28 энерганасычаных трактароў укамплектаваны спаранымі коламі толькі 5. Для набыцця неабходнай колькасці шын патрэбна больш трох мільярдаў рублёў. У сувязі з гэтым кіраўнік раёна зазначыў, што тэрмін эксплуатацыі шын складае каля трох гадоў, тады як у нашых гаспадарках «пераабуваць» трактары мусяць практычна штогод. Відавочна, што адбываецца гэта ў многім з-за няправільнай эксплуатацыі, неберажлівых адносін да тэхнікі.

Усяго на правядзенне пасяўной гаспадаркам раёна неабходна 66 мільярдаў 561 мільён рублёў, з іх 45870 мільёнаў — затраты на мінеральныя ўгнаенні, 7303 — гаруча-змазачныя матэрыялы, 6294 — запчасткі, 4441 — сродкі аховы раслін, 2653 — насенне. Затраты на адзін гектар яравых складаюць 5,5 мільёна рублёў. Каб толькі акупіць іх, а таксама затраты на ўборку, гаспадаркам трэба атрымаць 40 цэнтнераў з гектара зерневых і 18 — рапсу.

Вялікія планы сёлета і ў жывёлагадоўлі — трэба атрымаць 14,2 тысячы тон малака, 1,8 тысячы тон мяса буйной рагатай жывёлы. Гэта нельга ажыццявіць без якасных кармоў. Іх агульны аб’ём павінен скласці 56,3 тысячы тон кармавых адзінак, у тым ліку 31,7 — травяністых. На адну ўмоўную галаву жывёлы прыйдзецца 59,3 цэнтнера кармавых адзінак усіх відаў кармоў, з якіх 33,3 — травяністых.

Кадравая забяспечанасць — абавязковая ўмова паспяховага правядзення сяўбы. Сёлета на пасяўных работах будзе задзейнічана 196 механізатараў. Недахоп 53 чалавек кампенсуюць работнікі прамысловых прадпрыемстваў раёна і г.Полацка, пераведзеныя з іншых работ працаўнікі саміх гаспадарак (32 чалавекі і 30 адзінак тэхнікі прыехалі на дапамогу аграрыям з раёна, 4 механізатары, столькі ж рабочых па рамонце і 3 аўтамабілі з вадзіцелямі выдзеліў горад Полацк.) Усе сельгасарганізацыі (акрамя КУСГП «Кублічы») забяспечаны агранамічнымі кадрамі. Распрацаваны рэкамендацыі па аплаце працы, меры па кантролі за якасцю сяўбы, эканоміяй ГЗМ. В.В.Родзіч загадаў кіраўнікам гаспадарак узяць на кантроль пытанні харчавання і медыцынскага забеспячэння механізатараў, а замацаваным за кожнай гаспадаркай адказным асобам весці пільны кантроль за якасцю работ і захаваннем тэхналогіі сяўбы.

Падчас пасяджэння актыў раёна абмеркаваў таксама пытанні аховы працы, дэмаграфіі, развіцця сацыяльнага абслугоўвання. Калі ж тэарэтычная частка мерапрыемства была вычарпана, яго ўдзельнікі накіраваліся на агароднінасушыльны завод і ў хлебапякарны цэх. «Мы і надалей будзем практыкаваць наведванне прадпрыемстваў, рабіць выязныя пасяджэнні ў аграгарадках, каб на месцы знаёміцца са станам спраў, аналізаваць выкананне вытворчых паказчыкаў», — адзначыў старшыня райвыканкама.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *