О достигнутом и планируемом шла речь на очередном заседании райисполкома, в котором принимал участие В.П.Андрейченко

Официально

Нядаўна адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. На ім былі абмеркаваны вынікі работы народнай раёна ў 2011 годзе і задачы па выкананні асноўных параметраў у 2012, вынікі выканання бюджэту раёна, стан разлікаў і задачы па якасным выкананні бюджэту ў надышоўшым годзе. У пасяджэнні прымаў удзел Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.

У абмеркаванні дакладаў, якія рабілі па першым пытанні намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка і начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарча В.Л.Хамёнак, прынялі ўдзел старшыня ААТ “Агра-Селішча” В.В.Кажан, кіраўнік райспажыўтаварыства У.М.Круглік. Яны расказалі, як спрацавалі ў мінулым годзе іх прадпрыемствы, акрэслілі планы на гэты год. Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Н.Р.Дубоўская асобна спынілася на праблеме вяртання сельгаспрадпрыемствамі даўгоў у раённы бюджэт. Па словах Наталлі Рыгораўны, на цяперашні час цалкам разлічылася з бюджэтам толькі ПУП “Сарочына”.

Наш дэпутат У.П.Андрэйчанка, як заўсёды, прымаў у пасяджэнні самы актыўны ўдзел. Было відавочна, што Уладзімір Паўлавіч загадзя грунтоўна вывучыў пытанні павесткі, бо літаральна па ўсіх рабіў слушныя заўвагі. У сваім выступленні ён таксама падвёў вынікі года, але ў маштабах краіны, вызначыў станоўчыя моманты, спыніўся на недапрацоўках. “Не сакрэт, што даходы нашага насельніцтва за апошні час зменшыліся, таму задача, якую паставіў Прэзідэнт, – да канца 2012 года вярнуцца да папярэдняга ўзроўню жыцця”, – сказаў Уладзімір Паўлавіч. Ён прааналізаваў вынікі работы раёна і зазначыў, што хваліцца валавымі паказчыкамі – справа мінулага. Задачы эканамічнага росту трэба рашаць, па-першае, за кошт эфектыўнасці вытворчасці. Другая невычэрпная крыніца – павелічэнне экспарту, і яе Ушацкі раён выкарыстоўвае пакуль недастаткова. Зараз амаль не існуе былых перашкод для эканамічных зносін з замежжам. Трэба пастаўляць свой тавар у краіны ЕўрАзЭС, больш смела асвойваць Адзіную эканамічную прастору. Трэці напрамак – інвестыцыі. Над іх прыцягненнем у раён ушачане таксама папрацавалі не на поўную моц, хоць пэўныя зрухі ёсць. Трэба шукаць прамых замежных інвестараў, актыўна рэкламаваць раён, яго прыродныя рэсурсы праз інтэрнэт, удзел у выстаўках і іншых праектах.

Асобна спыніўся Уладзімір Паўлавіч на сельскагаспадарчай тэме, у прыватнасці, на жывёлагадоўлі, якая, што грэх утойваць, з’яўляецца слабым месцам раёна: “Аб якіх надоях можна казаць, калі кожная трэцяя карова не мае цяля? Трэба нешта рабіць: збіраць спецыялістаў, аналізаваць становішча, паляпшаць племянную работу…” Ён нагадаў рэспубліканскую задачу, якую паставіў Прэзідэнт, – кожная несучасная ферма павінна быць рэканструявана. 

Адзначыў прамоўца і станоўчыя моманты работы раёна, у прыватнасці,  тое, што на Ушаччыне шмат зроблена па добраўпарадкаванні. А скончыў сваё выступленне прыемнай місіяй – уручыў дырэктару цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Л.Ф.Голуб двухтомнік энцыклапедыі “Беларусь стваральная”. Яшчэ адну кнігу ў падарунак атрымаў Ушацкі райвыканкам.

На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні аб стане выканання заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй, і аб мерах па прадухіленні злачынстваў, здзейсненых асобамі, якія маюць судзімасць. Разглядаліся таксама іншыя пытанні павесткі дня.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *