В ушачском клубе «Муза»

Мир увлечений

Ушанаванне тых, хто піша вершы, стварае песні, карціны, займаецца рукадзеллем наладжваецца ў РДК. Такая вечарына адбылася нядаўна.P1010019

Уразіў гледачоў па-сапраўднаму творчы прадстаўнік сферы адукацыі Уладзімір Пятровіч Нікіценка. На Ушаччыну ён прыехаў некалі са Слаўгарада. З трох братоў толькі адзін вярнуўся на Магілёўшчыну. Двое жывуць тут. І сястра таксама. Яна прысутнічала на вечарыне. Як і дачка, жонка, свацця, братавая. Пра тое, што сын у гэты дзень выступае, ведала і яго маці ў Слаўгарадзе. Ён з раніцы павіншаваў яе з днём нараджэння і сказаў, што будзе выконваць песню пра яе, самую дарагую ў свеце. Праспяваў як поўнасцю сваю, так і на тэкст Сяргея Уладзіміравіча Каранеўскага. Гучалі таксама напісаныя зноў жа У.Нікіценкам на тэксты іншых удзельнікаў творчага клуба пры РДК Вольгі Дані- шэўскай, Любові Міхайлаўны Карабань, у якой у гэты дзень таксама быў юбілей. Дапамагалі ў выкананні песень, а іх усяго было восем, Вольга Гірсёнак, Іна Клімава, Ганна Краўчонак. Зачараваў Уладзімір Пятровіч сваёй творчасцю залу. А галоўнае, маладыя людзі, гледачы, атрымалі ўрок любові гэтага педагога і творцы да сваёй Радзімы, да маці, якая выхавала дванаццаць дзяцей, наогул да людзей. Усё гэта ў яго песнях.

Гераіняй урачыстасці стала і былая работніца цэнтральнай раённай бальніцы Соф’я Уладзіміраўна Бумага. Калі яна жыла на Лепельшчыне, то з першага класа і да апошняга захаплялася музыкай, іграла на домры. Школьны сцэнічны калектыў пабываў у Оршы, Мінску, Маскве. Актыўнай у мастацкай самадзейнасці была Соф’я Уладзіміраўна і ў калектыве бальніцы. А цяпер самае любімае яе захапленне – вышыўка. Сабор Васілія Блажэннага, родныя краявіды, яркія, радуючыя вока і душу кветкі. Усё гэта справа яе рук. На вечарыне карціны былі прадстаўлены на сцэне. І сама майстрыха сядзела, слухаючы аповед аб сабе, а калі да яе выйшла дачка Таццяна з баянам (на здымку), яна – музычны кіраўнік дзіцячага сада №4, і выканала песню «Матуля», бо ў мамы нядаўна быў юбілей, то жанчыну гэта вельмі ўсхвалявала. Таццяна і яе дочкі, студэнтка і вучаніца Ушацкай школы, таксама вышываюць карціны. Такая пераемнасць заслугоўвае прызнання.

А закончылася вечарына песняй на верш Рыгора Барадуліна аб яго любові да Ушаччыны. Сапраўды, цудоўная наша старонка. Яна лепшым чынам дае натхненне самым розным творцам. І яшчэ важна тое, што «Мы дорым творчасць маладым». Менавіта так і называлася гэтая сустрэча з цудоўным, якую наладзіў клуб «Муза».

Г.ВАРАТЫНСКАЯ
 
 
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *