Ученик Ушачской школы Паша Гардиёнок побывал на главной ёлке страны во Дворце Республики и поделился своими впечатлениями

Наши дети

Перад Новым годам у маім жыцці адбылася, напэўна, самая яскравая і запамінальная падзея: мне давялося пабываць у Палацы Рэспублікі на галоўнай ёлцы краіны. Такая паездка — мара любога школьніка, узнагарода за выдатную вучобу, актыўнасць і добрыя паводзіны, а таму было надзвычай прыемна ўвайсці ў лік 2 тысяч беларускіх дзяцей, якія атрымалі сёлета запрашэнне на свята.
Разам са мной Ушацкі раён прадстаўлялі на ім Ксюша Паршонак з Кубліцкай школы і Юля Жданава з Ушацкай — адразу скажу, што правесці гэтае падарожжа ў іх кампаніі было вельмі прыемна і мы адразу пасябравалі. Два дні паездкі праляцелі для нас як адно імгненне. Першы вечар у сталіцы мы правялі ў цырку, дзе нам прапанавалі прадстаўленне «Чароўны сон у зімнюю ноч» з удзелам экзатычных жывёл. Ну а ўражанні, якія мы атрымалі, калі прыехалі на наступны дзень у Палац Рэспублікі, нават цяжка апісаць словамі — настолькі велічнымі, шыкоўнымі былі залы, дэкарацыі, асвятленне і сама галоўная ёлка краіны. І, канечне, усе мы з вялікай цікаўнасцю чакалі выступлення Прэзідэнта Беларусі, які традыцыйна прыйшоў павіншаваць школьнікаў са святам. Прамова Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі была простай і шчырай. Кіраўнік краіны пажадаў нам здароўя, стараннай вучобы, бо гэта асноўны падмурак нашай будучай паспяховасці. Адзначыў, што 2015 абвешчаны ў краіне Годам моладзі, а таму нашым справам і праблемам будзе надавацца яшчэ больш увагі. А таксама параіўся з намі наконт павелічэння школьнага тыдня: «Многія настаўнікі кажуць мне, што трэба суботу зрабіць вучэбным днём… Вы з гэтым згодныя?» Вядома ж, мы хорам адказалі: «Не!» «Ну вось, а некаторыя заходнія палітыкі гавораць, што ў Беларусі мала дэмакратыі… Ды ў нас кожны школьнік можа сказаць «не» кіраўніку краіны!» — пажартаваў Прэзідэнт. І ўжо сур’ёзна параіў выкарыстоўваць суботы не для камп’ютарных гульняў, а для добрых спраў: займацца спортам, творчасцю, чытаць кнігі, што-небудзь майстраваць. Дарэчы, менавіта зробленыя рукамі дзяцей карціны былі ўручаны ў якасці навагодняга падарунка Прэзідэнту і яго сыну, пасля чаго яны занялі месцы ў зале (дарэчы, зусім непадалёк ад нас), каб паглядзець навагодняе прадстаўленне. Пастаноўка пра Школу Дзедаў Марозаў аказалася вясёлай і цікавай. Усё мы пакідалі Палац Рэспублікі з самымі ўзнёслымі эмоцыямі і, вядома ж, з падарункамі, якія будуць нагадваць пра гэтую незабыўную паездку. А яшчэ мы вырашылі, што і далей абавязкова будзем старацца радаваць сваіх бацькоў, настаўнікаў, апраўдваць давер землякоў.
Павел ГАРДЗІЁНАК,  вучань Ушацкай СШ.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *