Хто з нас, жанчын, ніколі не спрабаваў сябе ў вязанні? Напэўна, кожная хоць раз, натхніўшыся прыгожымі вязанымі рэчамі, брала ў рукі кручок ці пруткі і пачынала тварыць. У адных усё цудоўна атрымлівалася, другія закідвалі клубок ды пруткі на паліцу, у трэціх проста не хапала часу і фантазіі на карпатлівую работу. Але галоўнае ў гэтай справе, як сцвярджае Алеся Дукмасава, ні спадчынны талент, ні наяўнасць часу, а ўсяго толькі жаданне!
Убачыўшы на дачушцы сваёй сяброўкі прыгожую цёплую і ў той жа час арыгінальную шапачку ў выглядзе пчолкі, я падумала, што купіла яна яе ў горадзе ў нейкім асаблівым дзіцячым магазіне. Аказалася ж, што ўбор у падарунак змайстравала яе калега Алеся, для якой вязанне з’яўляецца самай любімай справай. Калі глядзіш на рэчы, якія яна вырабляе сваімі рукамі, здаецца, што займаецца яна вязаннем з маленства, на самой жа справе – усяго два гады. Да гэтага часу спрабавала вышываць, а калі аднойчы ў сваёй знаёмай убачыла прыгожыя вязаныя кручком рэчы, падумала: чаму б і мне не паспрабаваць? Узяла з маміных запасаў кнігу пра вязанне кручком яшчэ 70-х гадоў, пачала глядзець відэаўрокі ў інтэрнэце і зусім не чакала, што гэта так зацягне. Прычым навучылася ўсяму, пакуль была ў дэкрэтным адпачынку з другім дзіцем.
– З першай дачушкай, здавалася, ледзь-ледзь хапала часу, каб прыгатаваць ежу, зрабіць усе дамашнія справы – і не думала нават пра вязанне. Цяпер жа з дзвюма паспяваю ўсё і хочацца тварыць кожны дзень. Бывае, што па якіх-небудзь прычынах не атрымаецца ўдзяліць час творчасці, дык адразу адчуваю, што чагосьці мне не хапае, – гаворыць жанчына.
Вельмі падабаецца Алесі вязаць для сваіх дачушак – Насці і Ксюшы. Гэта шапачкі, шалікі, камізэлькі, сукенкі, кофтачкі і іншае. Не забывае і пра мужа – праявіла фантазію і звязала да аднаго са святаў яму тапкі ў выглядзе танкаў. Вельмі рэдка вяжа рэчы сабе. Шмат у яе “багажы” і цацак – як для сваіх дзяўчынак, так і ў падарункі знаёмым. Адзін з апошніх шэдэўраў, канечне, козачка – сімвал новага 2015 года, а паколькі па ўсходнім календары гэта год сіняй казы, то і ўбор на ёй адпаведны – сіні вязаны сарафан.
Напярэдадні Новага года Алесі прыйшлося не толькі прыдумаць касцюмы для сваіх дачок на навагоднія ранішнікі, але і шмат папрацаваць над імі. Вязаць іх пачала загадзя і не раз перароблівала, прымярала, дапрацоўвала. Так, старэйшая Насцюша на навагоднім ранішніку была прыгожай Снягуркай, а малодшая Ксюша яркай пчолкай. Аксесуары да касцюмаў – заколкі, банцікі, карону – Алеся таксама майстравала сама.
Акрамя вязання А.Дукмасава знайшла сябе і ў іншых відах творчасці. Вельмі падабаецца ёй займацца дэкорам бутэлек. Апошнім часам вельмі папулярным стала афармленне вясельнага шампанскага ды бакалаў у самых розных варыянтах і танах. Ну а паколькі няшмат знаёмых ды сяброў спраўляюць вяселле, Алеся афармляе бутэлькі для сваіх сямейных святаў, напрыклад, на іх навагоднім стале стаяла шампанскае, дэкарыраванае ў прыгожую елачку.
Асвоіла Алеся і тэхніку канзашы – усходняе мастацтва вырабу кветак з тканіны. Такімі кветкамі на Усходзе ўпрыгожвалі адзенне, прычоскі і дом. У наш час канзашы стала папулярным, як выраб кветак для заколак, брошак і іншых аксесуараў. Вось і звязаныя сваімі рукамі рэчы гераіня нашага аповеду дапаўняе кветкамі з атласных стужак, прыгожымі заколачкамі. Праўда, зрабіць іх удаецца толькі познім вечарам ці ноччу, калі шустрыя дачушкі ўжо спяць, бо працэс уключае ў сябе работу з гарачым прадметам.
Нямала ў нашай майстрыхі і работ, якія спалучаюць адразу некалькі відаў мастацтва і ўпрыгожваюць інтэр’ер дома – гэта пано, рамкі для фатаграфій, падстаўкі пад тэлефон і іншае.
Вось так, без вялікіх укладанняў, дзякуючы свайму старанню і ўменню можна парадаваць родных сваімі вырабамі, упрыгожыць дом. Жаночыя рукі могуць тварыць цуды.
Вольга КАМАРКОВА.