Личное хозяйство для поддержки семейного бюджета. Почти сотню кроликов и двух коз держит Василий Гардиёнок

Личное подсобное хозяйство

Тут цэлая сістэма клетак, кожная з якіх мае сваё прызначэнне, і нават пад падлогай ёсць загоны для ўтрымання трусоў – кожны сантыметр плошчы ў невялічкім хляве выкарыстоўваецца з толкам, дзякуючы чаму на 12,5 квадратных метрах Васіль Іванавіч Гардзіёнак умудраецца трымаць пад сотню галоў. Больш таго, разам з імі на невялікай тэрыторыі без праблем ужываюцца і дзве козачкі, а прадукцыі гэтай міні­фермы з лішкам хапае для “харчовай бяспекі” асобна ўзятай сям’і.

– Малако казы ўтрымлівае вітаміну А больш каровінага ў два разы, – з веданнем справы расказвае Васіль Іванавіч.– Ад сваіх за дзень атрымліваю па тры літры, а вось племянныя чэшскія козы, якія даюць да 6 літраў малака за дзень, ёсць у гаспадара ў Лепельскім раёне, але каб іх набыць, людзі гадамі чакаюць чаргі.

Зорка і яе двухгадовая дачка Маша – жывёлы бязрогія і вельмі паслухмяныя. Ад хлявоў, дзе ўладальнікі кватэр дамоў па вуліцы Ленінскай трымаюць жывёлу, да базы ПМК­66 В.І.Гардзіёнак са сваімі козамі можа хадзіць без павадка. “Яны нікуды ад мяне не адыходзяць, адданыя, як сабакі, нават калі насустрач хто ідзе, то яны бляяннем мяне папярэджваюць!”. Адходы піламатэрыялаў з будаўнічай арганізацыі Васіль Іванавіч накіроўвае на будоўлю жылля для “вушастай” часткі сваёй гаспадаркі, а пілаванне ідзе на подсціл, бо трусы адчуваюць сябе камфортна і радуюць гаспадара прывагамі толькі ў чысціні, якая, як вядома, з’яўляецца залогам здароўя не толькі для людзей, – клеткі ўбіраюцца рэгулярна.

Звяркам патрэбна свежае паветра, таму для вентыляцыі ў столі памяшкання зроблены люкі: меншы адкрываецца зімой, большы – летам. Гэта адзін з нюансаў, якіх трэба ведаць вельмі многа, таму Васіль Іванавіч прачытаў не адну сотню старонак спецыяльнай літаратуры. З­за такой кучнасці пражывання інфекцыі для трусоў смяртэльна небяспечныя, але ў гэтай справе скрупулёзны гаспадар адступіў ад кніжнай навукі і прышчэпкі трусам зараз не робіць – дорага. Аднойчы пайшоў на эксперымент: ушчыльніў адтуліны памяшкання плёнкай, завесіў мешкавінай дзвярны праём хлеўчука – перакрыў шлях камарам і мухам. Павышаныя санітарныя патрабаванні з’яўляюцца і адной з прычын таго, што Васіль Іванавіч не трымае свіней. Зімой пагалоўе тут адносна невялікае, а вось да пачатку лета, калі з’яўляецца дастаткова травы, яго колькасць узрастае да 70­80 галоў.

Свайго першага труса ён завёў яшчэ 15­гадовым юнаком, калі жыў у Лепельскім раёне. Пражыў звярок у Васіля Іванавіча зусім нядоўга – кот суседа “пастараўся”. Але ж галоўнымі ворагамі для жыхароў клетак з’яўляюцца пацукі. Гаспадар расказвае, што драпежнік, які прарваўся ў клетку, знішчыў увесь прыплод з памёту акрамя аднаго трусяня, які “падкаціўся” пад самку. Ад няпрошаных гасцей заўсёды ставіць атруту, а брусы і рэйкі, прылягаючыя пры будаўніцтве клетак да сцен хлява, абавязкова абабівае жалезам, каб пацукі не прагрызлі сабе ходу.

Стаж у гэтым спецыфічным відзе жывёлагадоўлі ў Васіля Іванавіча набліжаецца да паўвекавога. І хоць для людзей у гадах поснае дыетычнае мяса трусоў карыснае, але ж і праца па доглядзе за імі для чалавека ва ўзросце не з лёгкіх. Трусоў выгадна трымаць у выпадку, калі кармы свае, а не пакупныя. Зімой аснова рацыёну складае зерне, сена і караняплоды, летам – трава, у асноўным канюшына. Каб выкарміць аднаго труса да ўзросту забою (каля 6 месяцаў), трэба 23­30 кілаграмаў зерня, 20 кілаграмаў сена і пуд агародніны. Вада павінна быць свежай і зімой, і летам, а траву, наадварот, неабходна даваць сухой. Складанасць у тым, што не паўсюдна яе і адкосіш: у нашай мясцовасці расце больш 10 відаў, якія для трусоў ядавітыя або шкодныя для здароўя. 17 сотак канюшыны, што Васіль Іванавіч сеяў мінулым летам, не хапіла. Выручаюць знаёмыя – нарыхтоўваў сена на ўчастку суседа. Апроч гэтага садзіць буракі, таксама на корм ідзе дробная бульба, нестандартная морква, капусныя лісты.

Ёсць і спецыялізаваныя кармы, камбінаваныя, але каштуюць яны дорага, ды і ў нас іх адшукаць складана. У працэсе адкорму ёсць свае сакрэты і напрацоўкі. Кармушкі для сухога корму сканструяваныя такім чынам, што залезці жывёла туды не можа, але дастае корм свабодна – таму, напрыклад, зерне можна насыпаць і з запасам. Звяркі цягаюць сухую траву праз металічную сетку. Асобная гордасць гаспадара – матачнікі для атрусення, дзе гняздо зроблена па спецыяльнай тэхналогіі, якая дапамагае выжываць маладняку ў неацепленым памяшканні нават у мароз.

Васіль Іванавіч сцвярджае, што нават пачынаючаму трусаводу рэальна ад адной самкі атрымаць два­тры вывадкі маладняку за сезон. Нармальным лічыцца нараджэнне пяці малых, але бывалі выпадкі, што самка нараджала 13 – і ўсе выжывалі. Ад здаровай маладой самкі “ў ідэале”, можна атрымаць да чатырох прыплодаў за год. Трусы хутка дасягаюць рэпрадуктыўнага ўзросту і ўжо праз тры месяцы самак ад самцоў адсаджваюць.

З адной дарослай жывёлы атрымліваецца 2­2,5 кілаграмы мяса. Пароды ў Васіля Іванавіча разнастайныя, зараз пераважаюць белы і шэры веліканы, шыншылы і бельгійскі фландэр. За гады вопыту разабраць адну жывёліну за 10­12 хвілін для яго не складае ніякіх цяжкасцяў. Тушкі на спецыяльнай прыладзе раздзяляюцца на мяса, якога хапае радні, знаёмым і сябрам, а шкуркі амаль заўсёды ідуць у адходы. Цана на іх зараз не вартая намаганняў па выпрацоўцы футра, ды і рэалізаваць складана – больш патраціш на паліва для дастаўкі ў Віцебск.

– Каўбасу ў магазіне мабыць і не набываеце? – пытаюся ў Васіля Іванавіча.

– Чаму ж, купляю для разнастайнасці, – усміхаецца суразмоўца. – Аднак, канечне ж, не часта.

Падсобная гаспадарка заўсёды дапамагала яму падтрымліваць сямейны бюджэт, асабліва ў цяжкія дзевяностыя і калі вучыўся сын. У наш час не кожны сельскі жыхар трымае на падворку скаціну. А вось у Васіля Іванавіча доміка на вёсцы няма, але дзякуючы працавітым рукам і кемлівасці аддача з невялікай падсобнай гаспадаркі, па яго словах, “не горш чым з вялікай дачы”.

Дзмітрый Раманоўскі.



2 комментария по теме “Личное хозяйство для поддержки семейного бюджета. Почти сотню кроликов и двух коз держит Василий Гардиёнок

  1. Он проживает в Ушачи Подумаешь кролики и козы Вон в Ушачи женщина держит две коровы

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *