Посевная в «Ореховно»

Сельское хозяйство

Любому чалавеку, нават не звязанаму з сельскай гаспадаркай, не трэба тлумачыць, якой адказнай і важнай для аграрыяў з’яўляецца пасяўная пара.SDC12254

КУСГП “Арэхаўна” на сёлетняй пасяўной не ў ліку лідэраў, і работы ў параўнанні, напрыклад, з “Дземенцам” ці “Агра-Селішчам” у іх яшчэ вельмі шмат. Аднак праца не спыняецца да позняга вечара, і тым больш у выхадныя. Толькі яравога кліну неабходна пасеяць 1083 гектары. І да сяўбы прыступілі тут пазней за некаторых іншых, бо заехаць на многія палі было немагчыма. Пачалі засяваць спачатку асобныя ўчасткі, дзе магла прайсці тэхніка. Задача ўскладняецца і тым, што з восені не ўзнята ўсё зябліва, а таму нядаўна на сухіх участках узворванне глебы вялося і ў начны час.

Сёння работы ідуць амаль у поўную сілу, штодзень засяваюць каля дваццаці гектараў.

Калі ўшачане працавалі на суботніку, на палях “Арэхаўна” за вёскай Пятніцы кіпела работа. Працавала тэхніка на ўзворванні, тут жа ўносілі мінеральныя ўгнаенні. І ў толькі што ўзараную зямлю лажыліся зярняткі. Комплекс гэтых работ кантраляваў аграном.

У гаспадарцы ўсе плошчы пакуль засяваліся адным пасяўным агрэгатам. Толькі некаторыя ўчасткі падсявалі сеялкай. Хутка на дапамогу прыйдзе тэхніка з “Райаграсервіса”.

Мікалай Леанідавіч Магерка (на здымку) працуе ў гаспадарцы не так даўно, а ўжо зарэкамендаваў сябе толькі з лепшага боку. Яго рабочы дзень пачынаецца з самай раніцы і ўвесь праходзіць у полі за штурвалам “Палесся” з пасяўным агрэгатам.

Пакуль што ў гаспадарцы пасеяна 448 гектараў, што складае 41,4 працэнта да плана. Тэмп работы залежыць, на жаль, не толькі ад саміх працаўнікоў, але і ад надвор’я, якое, спадзяюцца тут, не будзе перашкаджаць ім у бліжэйшы час.

В.ПОЛАЗАВА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *