Чем заинтересовать туристов на Ушаччине?

Общество

Экспарт турыстычных паслуг для нашага раёна павінен стаць важкай крыніцай даходаў, аднак пакуль гэты патэнцыял выкарыстоўваецца недастаткова. Тое ж можна сказаць і пра ўвесь прыдзвінскі рэгіён. Менавіта ў мэтах развіцця турызму, прыцягнення ў гэтую сферу інвестыцый была прынята падпраграма “Пяцьсот” Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011­2015 гады, для паспяховага выканання якой застаецца зусім нямнога часу.

Тэме экспарту турыстычных паслуг было прысвечана нядаўняе пасяджэнне, удзел у якім прынялі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Н.М.Марковіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф.Сыроўчанка, іншыя спецыялісты турыстычнай галіны раёна, прадстаўнікі арганізацый, якія аказваюць замежным грамадзянам турыстычныя паслугі, а таксама загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама С.А.Астаніна. У час канструктыўнага дыялогу было прааналізавана становішча ў названай сферы, акрэслены шляхі, якія павінны прывесці да паляпшэння паказчыкаў. Святлана Аляксандраўна дала канкрэтныя парады, якія датычацца ў прыватнасці вядзення справаздачнасці па экспарце паслуг, комплекснага падыходу да іх аказання.

Зацікаўленым і эмацыянальным было выступленне дырэктара санаторыя “Лясныя азёры” Ігара Аляксеевіча Шыяна. Недавыкананне раёнам у 2014 годзе даведзенага задання па экспарце паслуг абумоўлена ў вялікай ступені аб’ектыўным фактарам – абвалам расійскага рубля адносна долара. Ігар Аляксеевіч і іншыя ўдзельнікі пасяджэння выказалі прапанову аб мэтазгоднасці змянення адзінкі вылічэння паказчыка экспарту турыстычных паслуг, якой зараз з’яўляецца амерыканскі долар. “Калі лічыць па ложка­днях, то за прайшоўшы год наш санаторый аказаў паслуг расійскім кліентам на 33 працэнты больш, чым у 2013­м годзе, адпаведна, прынёс у раённую казну больш валюты. Калі ж рублі пералічылі ў долары, аказалася, што даведзены паказчык нявыкананы. Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя”, – аналізаваў становішча І.А.Шыян. Аб цяжкасцях, выкліканых нестабільнасцю курсаў валют і высокімі цэнамі на паляўнічыя пуцёўкі для замежных грамадзян, казалі старшыня РГА “БТПР” В.І.Шэршань і паляўніцтвазнаўца Ушацкага лясгаса А.М.Скарабагаты. Вельмі знізіла цікавасць паляўнічых да нашых угоддзяў і неспрыяльная эпізаатычная сітуацыя, а дакладней, забарона на вываз здабытага падчас палявання мяса дзікоў.

С.А.Астаніна адзначыла, што ў такой няпростай сітуацыі трэба як ніколі беражліва падыходзіць да кожнай магчымасці прыцягнуць на Ушаччыну турыстаў. У прыватнасці, развіваць аб’екты прыдарожнага сэрвісу (іх у раёне зараз налічваецца 8), абсталёўваць пляцоўкі для аматараў моднага зараз кэмпінг­турызму, добраўпарадкоўваць зоны адпачынку і, канечне, актыўна рэкламаваць турыстычны патэнцыял раёна – зрабіць гэта, дарэчы, можна будзе падчас адмысловай выставы, якая хутка пройдзе ў Мінску.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Чем заинтересовать туристов на Ушаччине?

  1. Цікавыя людзі… Ну, навошта шукаць чорную котку у цёмным пакоі, тым больш што коткі там няма. Трэба ўсяго толькі кланаваць «Лясныя азёры».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *