Комендант Кубличской зоны. Из воспоминаний И.К.Подворного

70-годдзе Перамогі

Я ўжо прыгадваў пра брыгаду Манохіна, якая выйшла з акружэння і размясцілася ў глыбіні лясоў. Яна наладжвала сувязь з мясцовым насельніцтвам праз сваіх разведчыкаў, партызаны праводзілі агітацыйную работу. Так, член брыгады Кальцоў наладзіў кантакт з камсамольцамі нашай вёскі Старына, а ў красавіку 1942 была арганізавана сустрэча і вярталіся ў лясы былыя вайскоўцы ўжо з 4 маладымі настаўнікамі, у тым ліку і з маім братам Міхаілам. А каб не было ганенняў на сем’і, імітавалі арышт камсамольцаў – ім звязалі рукі, паднялі стральбу і вывелі з вёскі, дзе іх чакала падвода. Пазней мы даведаліся, што група Манохіна перабралася ў Мядзельскі раён.

У раёне ўжо дзейнічае дзве брыгады – Дубава і Чапаева, падпольны райкам партыі і камсамола. Па заданні апошняга мы сачылі за паліцаямі і перамяшчэннем немцаў, вывешвалі зводкі інфармбюро. Савецкія самалёты скідвалі партызанам зброю, тол, аднак гэтага было мала, таму збіралі зброю ў дотах і рамантавалі ў партызанскіх майстэрнях. У партызаны прымалі толькі тых, хто прыходзіў са сваёй зброяй. Летам 1943 года прайшла аперацыя “Котбус” па разгроме партызан, супраць партызан пусцілі танкі, самалёты, войскі. У нашым сельсавеце былі спалены вёскі Тухоціна, Ралля, Бабовішча. Аднак поспеху немцы не дабіліся і ў жніўні пакінулі раён, а вось прыток вяскоўцаў у партызаны павялічыўся.

У верасні немцы сабралі па вёсках сельсавета каля сотні падвод, на якіх вывезлі ўвесь скарб Вялікадолецкага гарнізона спачатку да Кубліч, а потым да Зябак. Так у раёне застаўся толькі адзін гарнізон ва Ушачах. А хутка і той быў штурмам узяты партызанамі. Уцалеўшыя немцы на машынах уцякалі ў накірунку Полацка, а ўжо да новага 1943 года ва Ушачах на льнозаводзе размясціўся штаб аб’яднаных партызанскіх сіл. Запрацавалі аэрадромы ў Сержанах і ля вёскі Пліна. Налічвалася ўжо 4 брыгады, да названых вышэй далучыліся імя Сталіна і Панамарэнкі, у 10­ты атрад якой быў залічаны і я (моладзь 1925 года нараджэння з рэзерву пераводзілася ў партызанскія брыгады). Стралковай зброяй мы ўжо валодалі, а тактыцы нас вучыў афіцэр Чырвонай Арміі, трапіўшы ў палон да немцаў і потым служыўшы ў рускай вызваленчай арміі, які са сваёй ротай перайшоў на бок партызан і трапіў у нашу брыгаду. Спачатку мы абураліся такому настаўніку, аднак пасля работы палітрука прайшлі курс маладога байца і на выхадзе добра разбіраліся ў вінтоўцы, аўтамаце ППШ, гранатах Ф­1, РГД, з бікфордавым шнуром і многім іншым. За вясну 1943 двойчы хадзілі з вопытнымі падрыўнікамі на чыгунку. У раён пачалі прыбываць новыя партызанскія злучэнні – спачатку 16­я Смаленская брыгада, потым іншыя, кожнай з якіх адводзілася свая тэрыторыя. Штаб нашай брыгады хоць і размяшчаўся ва Ушачах, аднак зона за ёй была замацавана Кубліцкая, камендантам якой мяне і прызначылі. Адпаведна атрыманай інструкцыі я ўстанавіў сувязь са старастамі Кубліч і шасці навакольных вёсак, знайшоў дзве кватэры – у старасты Філімонава ў мястэчку і ў Сялявінскім двары ў Дзмітрыя Шамшуры. Меў павозку і карослівую кабылу, бельгійскую вінтоўку, 5 патронаў да яе і гранату Ф­1 (лімонку). Хутка пасля назначэння я атрымаў загад арганізаваць вытворчасць спірту для партызанскіх шпіталяў, якія былі ў кожнай брыгадзе (наш размяшчаўся ў Арэхаўне). Са старастам Філімонавым абышлі ўсіх самагоншчыкаў, іх набралася 7 чалавек, і назначылі галоўным Харашкевіча. Яму здавалі самагон (павінен быў гарэць на пальцы) для перапрацоўкі ў спірт. Харашкевіч, дарэчы, меў нават спіртометр.

“Заводы” запрацавалі, пачалася нарыхтоўка бульбы, у лесе я вызначыў 4 сховішчы, у якія заклалі 4 тоны бульбы і 2 тоны зерня. Яны былі замаскіраваны, нанесены тайныя меткі іх знаходжання, а месцы – на план мясцовасці, які адпраўлены ў штаб.

На працягу тыдня я прымаў і размяшчаў па кватэрах падрыўнікоў з брыгады, якія ішлі на чыгунку, трымаў сувязь са старастамі, сувязнымі з іншых брыгад. У асноўным гэта была гаспадарчая нескладаная работа, клапотна было, калі нашы падрыўнікі пускалі пад адхон эшалоны са спіртам ці гарэлкай і пад уздзеяннем трафею пагаршалася дысцыпліна.

Пакуль мяне не было дома, высветлілася, што ў партызанах ужо мой брат Віктар і бацька – шаўцом брыгады імя Кароткіна. Сям’я ўжо жыла ў лазні, паколькі яшчэ летам 1943, калі немцы скідвалі на вёску кантэйнеры з запальваючымі бомбачкамі, дом згарэў. Кантэйнер раскрываўся высока ў небе і ахопліваў вялікую плошчу, вёска пачынала адразу гарэць на ўсёй тэрыторыі, паколькі дахі былі саламяныя.

Хачу расказаць, як сярод партызанскіх злучэнняў з’явілася 1­я Антыфашысцкая брыгада. Мы ведалі, што карнікі падышлі да былой польска­савецкай мяжы, сувязны даклаў, што размаўляюць яны на рускай мове. Камандаванне прыслала мне кулямётны разлік. Я ўстанавіў яго на яўрэйскіх могілках, перад якім – чыстае поле, добры агляд. Хваляваўся толькі, што не змагу іх спыніць, калі выйдуць з лесу не строем, а ланцугом.

З’явіліся яны раніцай, у нямецкай форме, ішлі ланцугом. Загадаў адкрыць агонь – праціўнік залёг і пачаў страляць з вінтовак і ручных кулямётаў, аднак кулі ляцелі вышэй нашага разліку. Флангі пачалі заходзіць наперад, а цэнтр страляў. Я вымушаны быў даць загад  кулямётчыкам на адход, каб не трапіць у палон. Падмацавання нам чакаць не было адкуль. Карнікі ж увайшлі ў Кублічы, забралі ў насельніцтва двух парсюкоў і тут жа пачалі гатаваць абед. Потым накіраваліся ў бок Ушач, аднак дайшлі да Селішча – і назад, не заходзячы ў Кублічы, на Зябкі. Падышоўшыя потым з Ушач партызаны падбіралі па дарозе скрыні з патронамі і нямецкімі (з даўгімі ручкамі) гранатамі, і запіскі на рускай мове са словамі прывітання партызанам. Праз некаторы час яны разбілі гарнізон у Круляўшчызне, другі на станцыі Параф’янава і прыйшлі ў раён з боку Зябак. Так былыя карнікі, а яшчэ раней палонныя вайскоўцы пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Гіль­Радыёнава сталі 1­й Антыфашысцкай брыгадай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *