Посевная-2015: Большие дела на небольших площадях ОАО «Агро-Селище»

Сельское хозяйство

З пачатку тыдня сонейка прыгрэла нават не па­веснавому – у асобныя дні слупок тэрмометра ўзнімаўся за 20 градусаў цяпла. Хутка падсыхала ўзараная глеба, асабліва на селішчанскіх пагорках, сёлета і так не спешчаных вільгаццю. Зрэшты, мясцовыя механізатары, якія выходзяць на завяршаючы этап сяўбы зерневых і зернебабовых, асаблівасці розных участкаў зямель гаспадаркі ведаюць выдатна. Як і сваю справу, што дазваляе ім эфектыўна выкарыстоўваць дэфіцытныя тэхніку і час, кампенсуючы іх недастачу высокай працаздольнасцю і адказнасцю.

Адзін у полі не воін – гэта не пра іх. У ААТ “Агра­Селішча” практычна кожны з асобна ўзятых механізатараў з’яўляецца незамянімым, бо гаспадарка не можа пахваліцца лішнімі адзінкамі тэхнікі ў машынна­трактарным парку. Анатоль Мікалаевіч Жаваранак, напрыклад, прачынаецца намнога раней сваіх біялагічных “цёзкаў”, хаця кладзецца спаць увечары заўсёды пад поўнач – фронт работ на яго долю прыпадае вельмі вялікі. Адзіны энерганасычаны МТЗ­-3022 у гаспадарцы эксплуатуецца ад цямна да цямна, колькі раз за апошні час даводзілася перачапляць па чарзе плугі і дыскатар – вопытны трактарыст­машыніст і не падлічыць.

– Цёпла сёння, – выціраючы пот з ілба, жмурыцца на яркім сонцы Анатоль Мікалаевіч, які ў панядзелак працаваў на меліяраваных землях ля Воцькавіч. – Сёння вось дыскую глебу. Прыходзіцца і ў некалькі слядоў праязджаць, дзе цяжка, але нічога не зробіш, бо сеялка ідзе нармальна толькі там, дзе глеба добра апрацавана.

На “культурах” (так мясцовыя механізатары называюць 200 гектараў меліярацыі за Селішчам) усю глебу пад сяўбу ён рыхтаваў практычна адзін. За паказчыкам больш чым у 600 гектараў – сотні гадзін напружанай працы і тоны зрасходаванага паліва. Ад зары да зары шчыруюць на сяўбе і астатнія механізатары “Агра­Селішча”. На ўзворванні зараз задзейнічаны Алег Крывёнак на МТЗ­1221 з чатырохкорпуснымі плугамі, а тэхніка ідзе адна за адной услед. На момант гутаркі з удзельнікамі сяўбы перад дыскатарам А.Жаваранка “круціўся” МТЗ-­82 Генадзя Хадасевіча з раскідвальнікам мінеральных угнаенняў, а неўзабаве на гэтыя ўчасткі перамясціўся і трохметровы пасяўны агрэгат, зачэплены за адрамантаваным напярэдадні комплексам “Палессе” П.Ф.Караткевіча.

– Авёс ужо пасеялі, рапс таксама, перасеялі зерневымі 75 гектараў загінуўшага азімага рапсу, – загібае пальцы Пётр Феліксавіч і паказвае ў бок Селішча. – На тым баку дарогі сеялі ячмень, тут, ля Воцькавіч, будзе пшаніца. Наша справа маленькая – тэхніку навесці ды сачыць, каб агрэхаў не было, а дзе якія работы весці – дык дырэктар распарадзіцца.

З прычыны сціпласці пакрывіў душой вопытны механізатар, бо ніяк не назавеш невялікай справу, ад якой залежыць восеньскі намалот, хіба што плошчы мясцовай гаспадаркі не ўражваюць памерамі. Ды і ў размове з удзельнікамі сяўбы пераканаўся, што ходам веснавой кампаніі яны цікавяцца нават у раённых маштабах, а асновамі аграноміі, як і належыць сапраўдным вясковым жыхарам, валодаюць усе без выключэння. Занятыя на загрузцы сеялкі насеннем рабочыя Віктар Мялешка і Анатоль Белы паведамілі, што зараз у сельгаспрадпрыемстве працуюць выключна мясцовыя механізатары, а трактары шэфаў з ліку “дарожнікаў” і “сувязістаў”, якія былі задзейнічаны на розных відах работ, зламаліся: “Не вытрымлівае іх тэхніка працы на палях, не тое што наша!” – усміхаюцца мужчыны. А мясцовага ўраджэнца, вартаўніка ўшацкага аддзялення Дэпартамента аховы Юрыя Юркевіча, які ў свабодны ад службы час працуе ў родным прадпрыемстве на ўнясенні мінеральных угнаенняў, тут справядліва лічаць сваім, бо ўжо некалькі гадоў запар ён дапамагае роднай гаспадарцы на самых розных відах сезонных работ.

На раніцу серады хлебаробы “Агра­Селішча” на сяўбе ўпэўнена трымаліся сярод раённых перадавікоў, усяго 0,1 працэнта саступаючы “Дземенцу”, дзе было пасеяна 60 працэнтаў ад запланаваных плошчаў яравога кліна. Калі ж браць асобна зерневыя і зернебабовыя культуры, то тут паказчык селішчанскіх сейбітаў яшчэ больш унушальны – 81 працэнт, але расслабляцца рана. Да таго, што з заканчэннем яравой сяўбы на сваіх тэрыторыях ім давядзецца весці пасяўную і на кубліцкіх, яны маральна гатовы. Дарэчы, гэты факт з’яўляецца адной з прычын цікаўнасці селішчанскіх механізатараў да лічбаў раённых зводак. Прыклады сумеснай працы ёсць ужо сёння, бо працаўнікі “Агра­Селішча” дапамагалі кублічанам сеяць рапс, а трактары суседняй гаспадаркі некалькі дзён працавалі на іх землях, ну а вынікі сумеснай дзейнасці пакажа восень.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *