Тема пожарной безопасности не теряет актуальности. В Ушачском районе с начала года произошло 9 пожаров

Cлужба-101

Тэма пажарнай бяспекі не губляе сваёй актуальнасці. Менавіта ёй было прысвечана выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло на мінулым тыдні на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета. У рабоце прэзідыума прынялі ўдзел старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, абраннікі раённага і базавага ўзроўняў.

Абстаноўка з пажарамі і гібеллю людзей на іх на тэрыторыі раёна застаецца складанай нягледзячы на тое, што ў бягучым годзе адбылося менш пажараў, чым у мінулым – 9 супраць 19. Для нашага невялікага раёна гэта вялікая лічба. З пачатку года знішчана 8 пабудоў, эканамічныя страты ад пажараў склалі 600 мільёнаў рублёў, загінула 2 чалавекі. Прычынай трох з дзевяці пажараў стала выпальванне сухой расліннасці, таксама ў ліку прычын неасцярожнае абыходжанне з агнём, няспраўнасць электраабсталявання, падпал. Рост пажараў назіраецца ў Вяркудскім сельсавеце, змяншэнне – у Сарочынскім і Ушацкім.

Як адзначыў першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў, калі ў мінулым годзе гібель людзей на пажарах была звязана з неасцярожным абыходжаннем з агнём у нецвярозым стане ці пры курэнні, то двое сёлетніх загінулі па іншых прычынах. Так, у пачатку студзеня на пажары жылога дома ў Любжыне Вяркудскага сельсавета загінула адзінокапражываючая пенсіянерка. Характарызавалася яна станоўча, жанчыну даглядаў сацработнік, печ і электраправодка былі спраўнымі, прычынай здарэння стала няспраўнасць электраабсталявання. У канцы лютага на пажары ў сваім доме ў Азаранках Жарскага сельсавета загінуў адзінокапражываючы пенсіянер. Незадоўга да здарэння домаўладанне правяралася работнікамі РАНС і сацслужбы, спіртнымі напіткамі мужчына не злоўжываў.

Сёлета 10 чалавек атрымалі штрафы за выпальванне сухой расліннасці, аднак жадаючых падпаліць сухую траву менш не стала. У Якаўках па гэтай прычыне згарэў хлеў, у Наваселлі пашкоджана надворная пабудова, у Слабодцы, дзе агонь падыходзіў да вёскі па неўзараных палях “Райаграсэрвіса”, знішчана два закінутыя дамы, пяць надворных пабудоў, 4 дачныя дамы і столькі ж пабудоў вёскі ўдалося выратаваць. У асобныя дні пажарная тэхніка нават не паспявала вяртацца ў гаражы, а ўвесь час выязджала на падобныя трывожныя званкі.

У правядзенні прафілактычнай работы з насельніцтвам задзейнічаны ўвесь асабовы склад аддзела па надзвычайных сітуацыях. З пачатку года абследавана 1699 домаўладанняў грамадзян, аб мерах пажарнай бяспекі праінструктавана 3 тысячы чалавек, праведзена 68 сельскіх сходаў. Так, асноўнай задачай выратавальнікаў з’яўляецца абарона насельніцтва ад надзвычайных сітуацый, прыняцце эфектыўных папераджальных мер па зніжэнні колькасці пажараў і гібелі людзей. Але толькі пры ўзаемадзеянні з іншымі суб’ектамі можна паўплываць на прычыны і ўмовы ўзнікнення пажараў, гібелі людзей на іх.

Пазаштатнымі пажарнымі фарміраваннямі раёна з пачатку года праверана 1060 домаўладанняў (за аналагічны перыяд 2014 – 288). Адзначана недастатковая работа аглядавых камісій Глыбачанскага і Кубліцкага сельсаветаў, дзе праверана 38 і 35 домаўладанняў адпаведна, у той час як у Жарскім сельсавеце – 430.

Існуюць праблемы і непасрэдна ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Штогод прымаецца рашэнне аб прывядзенні супрацьпажарнага водазабеспячэння на тэрыторыі раёна да дзеючых нормаў, аднак яно поўнасцю так і не выканана. Актуальнай застаецца праблема абсталявання воданапорных вежаў прыстасаваннямі для забору вады пажарнай тэхнікай.

Асобна было разгледжана пытанне стану пажарнай бяспекі на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета. З пачатку года тут адбылася найбольшая колькасць пажараў – 4, загінуў 1 чалавек. Старшыня Вяркудскага сельскага Савета дэпутатаў В.М.Маслак вельмі занепакоена такой трывожнай абстаноўкай:

– З пачатку года абследавана 266 памяшканняў грамадзян, за мінулы год жылы фонд быў абследаваны стопрацэнтна, налічваецца 17 пазаштатных пажарных інспектараў. Летась устаноўлены 138 пажарных апавяшчальнікаў грамадзянам. Па меры магчымасці рашаем праблемы з пустуючымі дамамі, якія ўяўляюць патэнцыяльную небяспеку. Сёлета праведзена 32 сельскія сходы. Але колькасць пажараў не змяншаецца – за 2010-2014 гады на тэрыторыі сельсавета іх адбылося 19, загінула 3 чалавекі. Прычым 3 пажары за гэты час адбылося ў вёсцы Залужэнне, а зусім нядаўна там зарэгістраваны і яшчэ адзін пажар. Будзем працягваць прафілактычную работу, але справіцца з гэтай праблемай можна толькі агульнымі сіламі, – адзначыла ў сваім выступленні Вера Міхайлаўна.

Пастановай прэзідыума прынята рашэнне сельвыканкамам сумесна з зацікаўленымі службамі правесці праверку адзінокапражываючых грамадзян, мнагадзетных сямей, інвалідаў; абследаванне населеных пунктаў на прадмет неабходнасці заворвання іх ад прылягаючых палёў і дарог. Арганізаваць работу дабравольных пажарных дружын і іншае.

Пасяджэнне ўключала ў сябе і практычную частку. У прыватнасці, усе прысутныя мелі магчымасць азнаёміцца з пажарна-выратавальным абмундзіраваннем, адчуць сябе ў ролі пажарнага і справіцца з пажарным рукавом, а таксама праверыць навыкі карыстання вогнетушыцелем (на здымку).

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *