Ботанический сад на шести сотках.Семья Маркович с Ушач любит работать на земле и благоустраивать свой участок

Благоустройство

І рыдлёўка  ў зямлі прарасце

– Дождж пачынаецца толькі тады, калі ён работу заканчвае, усміхаецца Тамара Мікалаеўна Марковіч, калі з трымерам у руках паяўляецца муж. Над галавой тым часам  і сапраўды згушчаюцца хмары.

– Ды і я з прыродай ў ладзе: бялізну вывешваць – значыць абавязкова сонейка. Ну а наконт агародніны знаёмыя смяюцца, што варта рыдлёўку ў зямлю ­ўсунуць, і яна прарасце.

З гэтым я, дарэчы, поўнасцю згодная, бо за парадкамі на ўчастку Тамары Мікалаеўны назіраю не адзін год і не магу  прыгадаць, каб нешта зачахла ў пустазеллі, не прарасло ці не ўрадзіла. Наадварот, парнікі ломяцца ад буйных, пад дах, таматаў, у два сантыметры таўшчынёй тарчыць з зямлі зялёны яшчэ часнок, поўным ходам наліваюцца і чырванеюць клубніцы.

– Клубніцы перац мяне любяць. Напэўна, у кожнай гаспадыні ёсць свае любімыя культуры, якія родзяць, дык вось гэта мае. Гігантэла і Кулон ужо адыходзяць, а на Рэд Гонд Літ і Вента, як бачыце, яшчэ дасць ураджай. Перцы таксама розных сартоў – ранняга і позняга. Не першы год саджу іх у цяпліцу разам з агуркамі і пераканалася, што выдатныя суседзі – абодва любяць цяпло і прыпарку. За шмат гадоў вырошчвання агуркоў, перавагу надаю іх высеву менавіта ў парнік. Першага чэрвеня ўжо заўсёды смакуем. Вунь у мяне і на вуліцы градка, аднак не параўнаць ураджай. Лета сёлета халоднае, у цяпліцы ж падвязваю плеці і на тры сям’і хапае.

Некалі прачытала, што каб не было каларадскага жука, трэба ў кожную лунку сыпаць попел – так і раблю. Не ведаю, што дапамагло, але сёлета ў нас няма ніводнага жука, хоць ва ўсіх суседзяў ёсць бульба. Гэты ўніверсальны сродак уваходзіць у мяне ў сумесі падкормкі, летам настойваю ў бочцы крапіву, дзьмухавец і попел, яно пераброджвае і паліваю. Ад шкоднікаў попелам пасыпаю і кветкі, і кусты – усё.

Пад каралевай нашых участкаў – бульбачкай у Марковічаў засаджана, між тым, толькі адна сотка. Даўно адмовіліся ад участка за межамі дома, хоць ён і побач, бо пераканаліся, лепей пасадзіць меней і дагледзець як след. І з соткі ля дома выкопваюць 16 мяхоў. Пад кожным кустом па 12­15 бульбін. Сарты розныя, але не скажаш, што нейкія экзатычныя – скарб, молі. Садзяць, праўда, заўсёды рана, перыядычна мяняючы ўчастак.

640 кілаграмаў з соткі – гэта канечне, рэкордны ўраджай, можна нават сказаць набліжаны да ўмоў эксперыментальных станцый, дзе эліту новых сартоў выпрабоўваюць з максімальным доглядам і атрымоўваюць па 700­800, тэарэтычна нават да тысячы.

Між іншым, у Марковічаў догляд, як  у батанічным садзе. Клубні сёлета падтачылі мышы, яны паправальваліся ў хады і таму Тамара Мікалаеўна наноў пераварочвала кожную бульбінку. Некалькі ўсё ж не дастала – і цяпер там дзесяць квадратных дэцыметраў пустой зямлі.

Так можна падумаць, і, канечне, памыліцца. Пад голай зямлёй таксама клубні фарміруюцца, хоць і без адзінага парастку над зямлёй. Самі здзівіліся, што гэта магчыма. Але факт. Жартуюць, што новы сорт “вывелі”.

На ўчастку дома №3 па завулку Ленінскім запрацаваны кожны сантыметр, незалежна ад таго, пад кронай дрэва ён ці ў закутку на шляху на гаспадарчы двор. Нават там, дзе зусім нядаўна праводзіліся сур’ёзныя зямельныя работы, ужо заквітнеў гарох.

Агульны інтарэс

– Сем гадоў у Мінску пражылі, вельмі добра зараблялі, я на МАЗе, Тамара – на “Інтэграле”, паспелі нават атрымаць паведамленне на ўзнос на кааператыў трохпакаёвай кватэры. Але пераехалі ва Ушачы і ні дня не пашкадавалі, – гаворыць Анатоль Ягоравіч, па­гаспадарску аглядаючы сваю сядзібу.

У свой час, 17 год таму, яны спецыяльна памянялі кватэру ва Ушачы на дом, паколькі любяць і ўмеюць працаваць на зямлі. Хоць добра вядома, што ў сваім доме работа не заканчваецца ніколі.

– Мы ж з сялян, выраслі на вёсцы, вельмі працавітымі былі што мужавы, што мае бацькі, – дадае гаспадыня. – І сёння мы з раніцы да вечара на нагах, хоць і гаспадаркі няма, толькі сабака ды агарод. Вельмі складаны гэты засушлівы год, – расказвае Тамара Мікалаеўна, праводзячы мяне па ўчастку, дзе ўсё прадумана і наколькі магчыма механізавана. Ваду катаюць у ёмістасці з саджалкі. Іх вадаём – гэта дадатковая гордасць. Заўсёды чысты, абкошаны, з елкай над вадой, быццам на карціне. Тут гаспадар разам з унукамі ловіць карасёў, якім не даюць задрамаць тры запушчаныя шчупакі.

Іх абавязкі размеркаваны. Анатоль Ягоравіч уласнымі рукамі робіць будаўнічыя работы, без пабочнай дапамогі зашыў сайдынгам дом, у планах замяніць канёк і бетонныя дарожкі. А літаральна днямі на варотах з’явілася новенькая паштовая скрыня. Тамара Мікалаеўна занята жаночымі клопатамі, аднак усё тут абмеркавана і па адзіным плане.

– Без гаспадара я б адна нічога не зрабіла, – падкрэслівае жанчына. – Вельмі важна, каб у мужа і жонкі былі агульныя інтарэсы. І, канечне, зямлю любіць трэба.

“Люблю эксперыменты і вясковы стыль”

Тамара Мікалаеўна выпісвае і чытае многа спецыяльнай літаратуры. Любіць апробаваць парады, аднак дае толькі правераныя.

– Ды і далёка не ўсё пераймаю сама. Прачытала нядаўна пра барацьбу з мядзведкай – кавалачкі ежы абмакнуць у ядзе, раскласці ля хадоў. Гэта настолькі працаёмка. Я сёлета сабрала больш 40 шкоднікаў, якія эфектыўна гінуць ад гатовага прэпарату “Рубіт фінаксін плюс”, які прадаецца на рынку. Варта толькі пакласці ля хадоў. Паспрабавала абрэзаць маліну пасля першага году росту – не спадабалася. Я люблю стыль палісадніку міксбордыр – калі адна кветка жоўкне а распускаецца другая – вясковы тып, які быў раней на сялянскіх падворках. І ў мамы кветкі былі, ну а ў мяне каталог нават складзены – 150 назваў.

У ім, як на палісадніку – усяго, ад рамонкаў да гібіскуса, клемаціса, родадэндрона. Гэты капрызны кусцік сёлета квітнеў 27 шапкамі: “Каму не давала парасткі, кажуць не прыжылі, у мяне ж ніякага клопату з ім. Кіслую глебу любіць, таму перыядычна паліваю разведзеным воцатам. 15 год на адным месцы буйнакветкавы клемаціс, розным колерам квітнеюць сартавыя лілеі, ружы, мноства адналетнікаў. Любую пажоўклую кветку Тамара Мікалаеўна абразае, паколькі пераканалася, што гэта павялічвае ў будучым колькасць кветканосаў. Датычыцца гэта і пладовых кустоў.

Яна ведае пра асаблівасці росту любой кветкі, любой пасаджанай расліны, якіх тут безліч. Прыцягнулі ўвагу і пачарнеўшыя плады санберры. А Тамара Мікалаеўна тут жа дадала, якое смачнае варэнне атрымоўваецца з іх, а каб знік пасленавы прысмак, варта абдаць кіпенем.

І так – пра кожную, прычым з усмешкай, з лёгкасцю: “Зямлю любіць трэба і яна абавязкова аддзячыць”. Так, тады нават такі невялікі ўчастачак зямлі (12 сотак – гэта з усімі пабудовамі, вялізным гаспадарчым дваром, гаражом) прынясе не толькі задавальненне, эстэтычнае афармленне, а яшчэ і прыбытак (сёлета толькі радыскі прадалі на паўмільёна). Тамара Мікалаеўна дзеліцца з такімі ж руплівымі гаспадынямі расадай, саджанцамі,  вельмі часта на яе агародзе можна заўважыць экскурсіі – перадае сяброўкам сакрэты атрымання ўраджаю. Сурочыць яго не баіцца ведаеце чаму? Таму што сакрэт вельмі просты – трэба вельмі многа працаваць, працаваць з любоўю да зямлі. А гэта не пазычыш і не  перадасі. З гэтым трэба нарадзіцца.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *