Ушаччина за пятилетку: очевидные изменения к лучшему

Общество

Як і абяцалі ў папярэдніх нумарах, сёння вяртаемся да аналізу выканання Праграмы развіцця Ушацкага раёна на 2011-­2015 гады. Спынімся на дасягнутым, прыгадаем тое, што стала звыклай рэчаіснасцю, хоць учора здавалася далёкай марай.

Прамысловасць

Агароднінасушыльны завод, прамкамбінат, УП ЖКГ, філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” – усяго чатыры прадпрыемствы Ушаччыны складаюць аснову прамысловасці. За год імі (на вытворчасці занята 410 чалавек), выпускаецца прадукцыі на 50 мільярдаў рублёў. У параўнанні з 2010 годам вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічылася ў 4,4 раза. Найбольшы паказчык на філіяле “Ушацкі” – 8,5 раза, агароднінасушыльным заводзе – 7,4, прамкамбінаце – 3,5. За гэтымі высокімі лічбамі – выпуск новай прадукцыі, а таксама павышэнне цэн. Штогод на 5­7 працэнтаў зніжаецца матэрыялаёмістасць прадукцыі. Сярэдняя зарплата ў прамысловасці склала 4 мільёны 16 тысяч рублёў, што на 11 працэнтаў больш мінулага года.

Рэкордны ўраджай

Хоць па выніках пяцігодкі сельскагаспадарчымі арганізацыямі тэмп росту склаў толькі 65,7 працэнта пры заданні 160,9, аднак ёсць гаспадаркі, якія перасягнулі планавы рубеж. Так, ААТ “Дземенец” перастае быць маленькай гаспадаркай і па памерах, і па вазе. Тэмп росту за пяцігодку дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву ды­рэктара А.В.Шарыпенкі – 247,5 працэнта. У “Ільюшынскім” гэты паказчык 121,8, а ў “Вялікадолецкім” 121,4, 106,5 – у “Глыбачанах”. Не пазнаць машынна­трактарны парк нашых сельгаспрадпрыемстваў, з 2011 года ён папоўніўся на 164 адзінкі тэхнікі на 51 мільярд рублёў. Сёлета мы атрымалі рэкордны намалот збожжа – 33,2 тысячы тон. Асноўнай прычынай недаатрымання валавой прадукцыі жывёлагадоўлі – прыпыненне дзейнасці УП “Сарочына”, на якім зараз аднаўляецца пагалоўе.

Ахова здароўя

Няма нічога больш важнага, чым здароўе. А калі ўзрост. Калі самастойна не можаш ужо дагледзець сябе. Таму ўдвая патрэбны бальніцы сястрынскага догляду, у якія ў 2011­2015 гадах рэарганізаваны Вялікадолецкая і Дубраўская ўчастковыя бальніцы. Тут можна не толькі падлячыцца, як у кожнай звычайнай, аднак і пажыць побач з равеснікамі ў сацыяльных палатах, каб праз пэўны час вярнуцца дадому. Па такім жа прынцыпе працуе і Глыбачанская бальніца. Зусім нядаўна яна тулілася ў прыстасаваных памяшканнях без выгод, а пасля капітальнага рамонту (2011­2012), на які было патрачана 828,4 мільёна рублёў, тут усё створана для камфортнай работы персаналу і знаходжання пацыентаў.

Зразумела, нічога добрага, калі хварэе малое дзіцё. Аднак ёсць вялікая розніца, дзе ляжаць менавіта дзіцяці. Замест сіняй маслянай фарбы на сценах цяпер усё дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы ў мяккіх сонечных танах, а якая прасторная з мноствам цацак гульнявая. У такіх умовах лечацца малыя ўшачане з 2012 года, калі на рамонт дзіцячага аддзялення было зрасходавана 540 мільёнаў рублёў.

У 2012­1013 гадах адрамантаваны Касарскі фельчарска­акушэрскі пункт, праведзена мадэрнізацыя даху паліклінікі і галоўнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы, якая была пабудавана ў 1972 годзе і нічога акрамя касметычнага рамонту не бачыла. У 2013 годзе адрамантаваны першы корпус тэрапеўтычнага аддзялення, у мінулым – інфекцыйнага, а зараз будаўнікі рамантуюць другое аддзяленне тэрапіі. Устаноўлены новы ліфт. І самае галоўнае, што ў гэтыя ж гады ў бальніцу паступіла абсталявання амаль на 2 мільярды рублёў, якое галоўным чынам (ад пульмаскана да лабараторыі) накіравана на паляпшэнне дыягностыкі і ранняга выяўлення захворвання. Як пра нерэальную мару для Ушач гаварылі пра пратэзаванне металакерамічных зубоў, і вось набыта сучасная печ і не трэба ехаць у Полацк ці Віцебск.

Перспектыва
прыватнаму бізнесу

Летась у калоне працоўных калектываў прыгожа глядзелася чырвона­сіняя форма “Твестубы”. Так жа годна выглядае і былы ткацкі цэх, дзе на месцы разрухі зноў стаяць станкі, толькі ўжо іншага профілю. Навіўныя тубы з Ушаччыны накіроўваюцца не толькі па ўсёй Беларусі, а з сёлетняга года ўпершыню пайшлі і за межы краіны. Гэта ўдалы прыклад, як прыватнікамі была знойдзена незанятая ніша, стаўка зроблена на патрэбны і да гэтага практычна поўнасцю імпартны тавар. І менавіта на развіццё прадпрымальніцтва робіцца стаўка ў краіне, якое пакуль што ў аб’ёме выручкі складае 19,2 працэнта. Заданне Праграмы па гэтым паказчыку, дарэчы, перавыканана і па колькасці занятых: прадугледжвалася павелічэнне на 59 чалавек, фактычна – на 62, а ўдзельная вага складае 14,6 працэнта, у 2010 годзе – 11,6.

У 2011­2012 гадах “ПрамБудЛід” асвоіла выпуск сталярных вырабаў з ПВХ, “Малах­Плюс” – драўляных канструкцый, а выгоду заказу на месцы, а значыць і з гарантыяй якасці, адчулі не толькі мноства ўшачан, але і прадпрыемстваў. Мы ў рэдакцыі таксама любуемся новымі шафамі ўшацкіх прадпрымальнікаў.

Сёлета зборку спецыяльнага абсталявання, здольнага забяспечваць электраэнергіяй невялікі пасёлак, пачало прыватнае прадпрыемства “Кват”. Яно пастаўляецца ў паўночныя рэгіёны Расіі.

На сённяшні дзень у раёне працуе 74 мікра і малых арганізацыі, а таксама 228 індывідуальных прадпрымальнікаў. За 2011­2015 гады суб’ектамі малога бізнесу на стварэнне новых прадпрыемстваў накіравана 6 мільярдаў рублёў.

Па вуліцы
з усімі выгодамі

На гэтым тыдні малады чалавек Валерый Сакалоў падаў заяву на рэгістрацыю яго прыватнага дома па вуліцы Е.Лабанка. Там яшчэ многа недаробак, аднак сям’я, якая скарысталася льготным крэдытам, а таксама выбрала ўчастак у гэтым завідным мікрараёне з усімі выгодамі, будзе абжывацца паралельна. Затое ім не давядзецца чакаць тратуараў і асфальтавага пакрыцця, усё гэта, а таксама гульнявая пляцоўка – прадугледжаны і ўстаноўлены за кошт дзяржавы. Шкада, што такі праект па развіцці новых жылых мікрараёнаў толькі адзін, затое гэта не першы дом са шчаслівымі навасёламі. Усёго за пяцігодку ўведзена 19,1 тысяча квадратных метраў жылля.

Споўнілася даўняя мара жыхароў мікрараёна Е.Лось, Дуброўскага – пячное ацяпленне ў 2012 годзе заменена на прыродны газ, “абуўся” мікрараён і ў асфальт, таксама як Камсамольская, Школьная. Жыхары Полацкай і Каранеўскага нарэшце змаглі падключыць у сваіх дамах пральныя машыны – з мінулага года за вадой не трэба хадзіць у калонкі.

Газіфікаваны таксама дамы жыхароў аграгарадкоў Арэхаўна і Ільюшына. Праведзены капітальны рамонт па Фрунзе, 30, Камсамольскай, 4 .

Распачата рэканструкцыя мемарыяльннага комплексу “Прарыў”, вядзецца будаўніцтва фізкультурна­аздараўленчага комплексу, заменены тратуары і бардзюры па вуліцах Ленінскай, Камсамольскай, Школьнай, Фрунзе. Адрэстаўрыраваны помнік салдату і надгробныя пліты ў скверы гарпасёлка і помнік Леніну. Пабудавана новае памяшканне суда, мадэрнізаваны агароднінасушыльны завод, пабудаваны адкормачныя цэхі на УП “Сарочына”, а ў Казімірове на беразе возера (кампанія “Азёрны рай”) з’явіліся лазня і ўтульныя гасцявыя домікі.

Наша прадукцыя
ў Літве і Індыі

За мінулыя 4,5 года колькасць экспарцёраў практычна не змянілася. Гэта “Харчгандаль”, “Форэстгандаль”, “Алекс­Нутта”. На жаль, у 2015 годзе апошняе прадпрыемства не пастаўляла зрубы ў Нарвегію, затое дабавіўся новы ўдзельнік знешнеэканамічнай дзейнасці. Калі раней “Твестуба” толькі імпарціравала сыравіну, неабходную на вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі, то з 2014 года стала пастаўляць прадукцыю ў Літву. ААТ “Ушачы” і ТАА “Лес” таксама прадаюць свае тавары на экспарт, але паколькі прыбягаюць да паслуг спецэкспарцёраў, то не ідуць у залік раёну, у якім з 2010 года экспарт тавараў павялічыўся на 83,8 працэнта (заданне па Праграме 27,5). Таксама па выніках 2015 года чакаецца атрыманне станоўчага сальда знешняга гандлю ў памеры 161,9 тысячы долараў.

У перыяд з 2011 па 2015 гады знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляліся з 10 краінамі свету, прадукцыя раёна пастаўлялася на рынкі 8 краін. Асноўныя з іх Расія (50 працэнтаў), Літва (15,6), Казахстан 3,8, Польшча – 3,0. Новыя – Аўстрыя, Індыя, Італія.

Каб стала болей ушачан

Спыніць натуральнае змяншэнне насельніцтва, пераадолець негатыўныя дэмаграфічныя з’явы – гэта можна было б лічыць асноўнай задачай раёна, якая напрамую звязана з выкананнем усіх астатніх праграм. На жаль, колькасць жыхароў Ушаччыны кожны год менее. Калі ў 2010 годзе мы мелі 15,8 тысячы чалавек, то на канец 2014 – 14, мінус 1800. Асноўная прычына – натуральная смяротнасць насельніцтва, трэцюю частку якога складаюць пенсіянеры. Хоць з 2005 года павялічваецца каэфіцыент нараджальнасці (6,8 у 2005, 8,2 – 2010, 9,4 – у 2014 ), аднак смяротнасць значна вышэй (адпаведна 22,9, 24,9, 24,6). Летась, напрыклад, у раёне нарадзілася 128 чалавек, а памерла 343, натуральнае змяншэнне склала 198 чалавек. Акрамя гэтага негатыўна ўплываюць міграцыйныя працэсы: за 2011­2015 гады ў раён прыехала 2223 чалавекі, а выехала 2867, працягваецца адток з сельскай мясцовасці і на сёння з 254 населеных пунктаў у 9 ніхто не пражывае.

Спыніліся толькі на асобных сферах Праграмы развіцця Ушацкага раёна. Пра гандаль і сферу жыллёва­камунальнай гаспадаркі зусім нядаўна прыгадвалі на тэматычнай старонцы “Ушаччына за пяцігодку”, пра дасягненні ў адукацыі і культуры пастаянна расказваем нашым чытачам. І спыніліся на гэты раз не столькі на лічбах пяцігодкі, колькі на прыкладах, пераважна станоўчых. Паколькі менавіта стваральны настрой рухае нас наперад. А наперадзе – новыя планы і яшчэ больш камфортнае жыццё ўшачан.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *