Как поздравляли маленьких ушачан во время акции «Наши дети»

Наши дети

Ад дабрыні стаміцца нельга

Убачыўшы Дзеда Мароза са Снягуркай, якія з пустым мехам выходзілі з дзіцячага сацыяльнага прытулку, засмуцілася, што не паспела сфатаграфаваць іх “за справай”. Але ж зімовыя персанажы, якія пры бліжэйшым знаёмстве аказаліся работнікамі райспажыўтаварыства, запэўнілі: “Без здымка не застаняцеся! Там ужо нашы “калегі” з райбальніцы дзетак віншуюць!” І сапраўды, у апошнія дні перад галоўным зімовым святам дзверы сацыяльнай установы літаральна не зачыняліся. Пры гэтым многія госці прыходзілі не толькі з карыснымі рэчамі, цацкамі ды пачастункамі, але і са спецыяльна падрыхтаванай забаўляльнай праграмай. Аднак на пытанне, ці не надакучыла маленькім выхаванцам прымаць візіцёраў, дырэктар прытулку Алена Іванаўна Клімашэўская ўсміхаецца: “Хіба ж можна стаміцца слухаць добрыя словы ды атрымліваць падарункі? Тым больш што яны гэтым зусім не спешчаныя…” Нібы ілюструючы яе словы, апранутыя ў карнавальныя касцюмчыкі малышы бойка расказвалі Дзеду Марозу назубок вывучаныя вершыкі, з цікавасцю разглядвалі падарункі, якія прынёс старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Іванавіч Бухалка.

У гэтыя дні выхавальнікі прытулку таксама прымалі віншаванні ад работнікаў “Беларусбанка”, дзякуючы якім у вялікім пакоі ўстановы з’явіўся прыгожы дыван. У абноўлены інтэр’ер выдатна ўпішуцца і прыгожыя шторы, набытыя за сродкі абкама прафсаюза работнікаў культуры. З’явіцца ў прытулку і новая гардэробная – сродкі на яе выдзеліў рэспубліканскі дабрачынны фонд “Водгук”. А вядучае беларускае абутковае прадпрыемства “Марка” падарыла кожнаму з дзяцей пару зімовых боцікаў. Традыцыйна не пакінулі ўстанову без увагі раённая арганізацыя Беларускага фонду міру, ушацкія выратавальнікі, супрацоўнікі райаддзела міліцыі, вучні з Кубліцкай і Плінскай школ.

Трэба сказаць, што ўсе дзеткі, з якімі давялося пазнаёміцца ў прытулку, ахвотна расказвалі пра сябе. Шасцігадовы Максім з нецярплівасцю чакае наступнага верасня і збіраецца вучыцца толькі на “выдатна”. Ніколі не крыўдзіць свайго гарэзлівага малодшага браціка Стаса самы дарослы сярод выхаванцаў – 12-гадовы Вася. Наперабой імкнуліся завалодаць агульнай увагай тры сястрычкі, якія прыехалі ў прытулак з Наваселля: некалькі год “для важнасці” накінула сабе пры знаёмстве трохгадовая Света, з гонарам паведала, што стала сёлета першакласніцай, старэйшая Паліна, а сярэдняя Саша, апраўдваючы свой касцюмчык лісічкі, юрка скокнула да мяне на рукі і раптам прамовіла: “Я цябе люблю!”… Як жа хочацца, каб і гэтая малышка, і ўсе дзеткі, што сустрэлі сёлета самае сямейнае свята ў цёплых, утульных, ды ўсё ж казённых сценах, абавязкова пачулі ў надышоўшым годзе такія словы ад самых блізкіх сваіх людзей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дом, што поўніцца цяплом

Шматлікіх гасцей напярэдадні Новага года сустракалі юныя выхаванцы адзінага ва Ушацкім раёне дома сямейнага тыпу. У рамках акцый “Нашы дзеці” і “Бяспечны Новы год” з віншаваннямі да іх завіталі актывісты пярвічнай агранізацыі БРСМ з Ушацкай школы і супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Дзед Мароз, прывітаўшыся з дзецьмі, тут жа прапанаваў павесяліць яго, Снягурку і іншых гасцей. Выдатна ведаў ён, што хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтаваліся да навагодняга свята: развучвалі вершы, песні. Пачуў ён ад матулі малых, што дзеці – здольныя і актыўныя, добра вучацца ў школе, ды і па гаспадарцы дапамагаюць – адным словам, цалкам заслужылі навагоднія падарункі.

У той дзень ля ёлкі атрымаўся сапраўдны канцэрт. Па настроі выхаванцаў сям’і Залатых, іх адносінах адзін да аднаго было зразумела, што жывуць яны весела і дружна. Госці выказалі словы ўдзячнасці гаспадарам дома, якія ўсклалі на сябе няпростую ношу – выхаванне сваіх і тых дзетак, што засталіся без бацькоўскай апекі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Каб спраўдзіліся мары

У апошнія дні адыходзячага года сцены раённага Дома культуры поўніліся дзіцячымі звонкімі галасамі. На дабрачынныя навагоднія ранішнікі былі запрошаны дзеці з розных куточкаў нашага раёна – пераможцы алімпіяд і конкурсаў, выдатнікі вучобы, дзеці-інваліды, дзеці з мнагадзетных сямей, а таксама тыя, каго лёс абдзяліў бацькоўскай пяшчотай і цеплынёй – выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулка гарпасёлка, хлопчыкі і дзяўчынкі з прыёмных і апякунскіх сямей. Усе яны сталі гледачамі навагодняй казкі “Тайна чароўнай шкатулкі”, удзельнікамі разнастайных гульняў і конкурсаў, падрыхтаваных культработнікамі, спецыялістамі раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Мнагадзетная маці Наталля Кулік з аграгарадка Глыбачка з хваляваннем глядзіць, каб не згубіць з поля зроку сваіх непаседлівых дзетак, якія з радасцю бегаюць вакол упрыгожанай ёлкі і водзяць карагоды з Дзедам Марозам. “Гэта мае Саша, Яна і Дзяніс”, – паказвае жанчына на дзетак, якія перыядычна падбягаюць да яе, і старанна папраўляе іх навагоднія касцюмы і прыгожыя сукенкі. На самой жа справе двое з іх – прыёмныя дзеці, усяго ў мамы трое ўласных і столькі ж прыёмных, але не дзеляцца ў сям’і яны на сваіх і чужых, усіх іх яна стараецца акружыць аднолькавым клопатам і ўвагай. Каб побач заўсёды былі тата і мама – мара многіх дзетак. Гэтае і шмат іншых пажаданняў прагучала для хлопчыкаў і дзяўчынак у навагоднія святы. Прывітаць і павіншаваць дзяцей на ранішнік прыйшла старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, якая таксама пажадала ім усяго толькі самага лепшага ў новым годзе. Дзеці ў сваю чаргу падарылі Вользе Мікалаеўне карціну. Ну а самым чаканым момантам свята стала ўручэнне падарункаў, якіх у Дзеда Мароза хапіла, канечне, для ўсіх.

Вельмі хочацца, каб мары гэтых маленькіх ушачан абавязкова здзейсніліся і ў жыцці ўсё склалася так, як у паказанай ім на ранішніках казцы – дабро перамагло зло, адмоўныя героі пашкадавалі аб сваіх учынках і ператварыліся ў добрых.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *