На Мосорщине в «Альтаире»

Наши дети

Стала ўжо традыцыяй у летні перыяд арганізоўваць работу кругласутачнага турыстычнага лагера “Альтаір”. Вось і ў гэтым годзе палатачны гарадок “Альтаір-2010” размясціўся на тэрыторыі Мосарскай сярэдняй школы.
Галоўная мэта работы лагера – аздараўленне дзяцей, арганізацыя цікавага адпачынку, далучэнне школьнікаў да масавага турызму.
Увогуле, праграма лагера была даволі насычанай. Гэта паходы і экскурсіі, заняткі па турысцкай тэхніцы, спартыўныя спаборніцтвы і культурна-масавыя мерапрыемствы. Ініцыятарам і непасрэдным арганізатарам з’яўляўся вопытны турыст Валерый Уладзіміравіч Корань, а дапамагалі яму наладзіць спаборніцтвы яго выхаванцы, якіх па праву можна назваць інструктарамі школьнага турызму Андрэй Бараніч і Пётр Казакоў. Хлопцы займаліся ў турыстычным гуртку на працягу пяці гадоў і неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі турыстычных спаборніцтваў і злётаў не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.
Заняткі па турысцкай тэхніцы ў лагеры праводзіліся кожны дзень. Дзеці змаглі паспрабаваць свае сілы на турыстычнай паласе перашкод, а таксама праверыць свае здольнасці ў арыентаванні на мясцовасці. А вынікам набытых ведаў, уменняў і навыкаў стаў традыцыйны турыстычны злёт.
Спартыўныя спаборніцтвы таксама займалі шмат часу. Былі вызначаны мацнейшыя сярод хлопцаў і дзяўчат па агульнафізічнай падрыхтоўцы, праведзены спаборніцтвы па настольным тэнісе і валейболе, цікава і весела праходзіла спартландыя, разнастайныя культурна-масавыя мерапрыемствы, якія наладжвалі выхавацелі Марына Аляксандраўна Стэльмах і Таццяна Васільеўна Шасцярэнь. Уся праграма была насычана гульнявымі і творчымі конкурсамі. Выхаванцы паспелі пабываць у ролях рэжысёраў і артыстаў падчас інсцэніроўкі народных казак, інтэлектуальныя віктарыны дапамаглі вызначыць самага эрудзіраванага турыста, былі абраны містэр і міс лагера і нават ідэальная пара “Альтаіра – 2010”. А якім смачным здаваўся смажаны хлеб і печаная бульба падчас вячэрніх пасядзелак ля вогнішча! Усё гэта садзейнічала цудоўнаму настрою і наладжванню цесных сяброўскіх адносін.
Хутка праляцелі цікавыя і насычаныя падзеямі дзевяць дзён у палатачным гарадку. З заўважаным сумам дзеці ад’язджалі з месца, якое ў памяці кожнага пакінула прыемныя ўспаміны.
Т.КЛІМАШЭЎСКАЯ,
метадыст цэнтра пазашкольнай работы.
На здымку: заняткі па тэхніцы пераадолення перашкод.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *