В Витебске чествовали 100 лучших труженников региона

Общество

Прызнанне працоўных заслуг умацоўвае людзей у іх памкненнях, дае стымул для новых дасягненняў. Вось і сёлета 5 лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” сабраліся тыя, хто ўнёс у 2015 годзе найбольш важкі ўклад у прымнажэнне здзяйсненняў Прыдзвінскага краю.

Віншуючы герояў урачыстасці “Чалавек года Віцебшчыны”, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў агучыў найбольш важкія дасягненні рэгіёну. Так, летась у вобласці быў сабраны рэкордны ўраджай зерня – 1 мільён 372 тысячы тон, упершыню сярэдняя ўраджайнасць дасягнула 36,6 цэнтнера з гектара. Арганізацыямі вобласці летась атрымана больш двух трыльёнаў рублёў чыстага прыбытку. Выкананы заданні ўраду па будаўніцтве жылля, экспарце тавараў, створана больш 150 новых вытворчасцяў. І за кожнай падзеяй, кожным дасягненнем стаяць працавітыя і таленавітыя людзі. “Ваш прыклад паказвае, які вялікі патэнцыял у чалавека ў кожнай сферы і наколькі вялікія рэзервы для яго развіцця”, – зазначыў, звяртаючыся да лаўрэатаў, губернатар вобласці.

Пра кожнага, хто ўзнімаўся ў гэты дзень на сцэну, можна сказаць шмат добрых слоў. Рэкордны ўраджай бульбы – 535 цэнтнераў з гектара – вырасціла галоўны аграном Талачынскага кансервавага завода Таццяна Капранава, а аператар свінакомплексу СГВК “Маяк Браслаўскі” Ядвіга Вашкевіч не толькі на працягу 40 гадоў атрымлівае высокія прывагі, але і выгадавала сямёра дзяцей. Пад авацыі гледачоў узнімаліся на сцэну хірург Аляксандр Сяткоўскі, які першым у вобласці стаў рабіць аперацыі па трансплантацыі ныркі, і галоўны ўрач віцебскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера Анжэла Томчына: дзякуючы ўкараненню ва ўстанове новых тэхналогій лячэння смяротнасць ад анкалогіі ў вобласці знізілася летась на 24 працэнты! Шэсць вучняў выкладчыка біялогіі віцебскай гімназіі №1 Алы Маралінай сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. 15 парушальнікаў граніцы затрымаў у 2015 годзе начальнік аддзялення пагранзаставы “Плюсы” Дзмітрый Музыка. Уладальнікам Кубка свету і сярэбраным прызёрам сусветнага першынства па скачках на батуце стаў Уладзіслаў Ганчароў. На жаль, не было сёлета сярод лаўрэатаў прадстаўнікоў нашага раёна – вядома ж, гэта не значыць, што на Ушаччыне няма дастойных працаўнікоў: проста так склалася, што ў намінацыях, дзе бралі ўдзел нашы кандыдаты, была надзвычай вялікая і моцная канкурэнцыя. Што ж, тым большай будзе матывацыя ўшачан адзначыцца сярод лепшых у наступным годзе.

Зрэшты, усё ж і сёлета без нашых землякоў на сцэне не абышлося: у намінацыі “Энергетыка, транспарт, камунікацыі” званне лаўрэата атрымаў намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” Сяргей Рэентовіч – так адзначаны яго заслугі ў тым, што на прадпрыемстве да 147 працэнтаў узрасла вытворчасць і ўдвая – рэнтабельнасць продажу. Мы ж маем усе падставы ганарыцца Сяргеем Віктаравічам, бо менавіта ў нашым раёне прайшло не толькі яго дзяцінства, але і прафесійнае станаўленне.

Цалкам адпавядалі ўзроўню ўрачыстасці разгорнутая ў фае выстава дасягненняў рэгіёна і вялікі святочны канцэрт, падрыхтаваны творчымі калектывамі Віцебшчыны. Распачаў яго паказ народных касцюмаў усіх раёнаў вобласці, на якім спецыяльна распрацаваны нашымі майстрамі стылізаваны ўбор, асновай каляровай гамы якога стаў блакіт ушацкіх азёр, выклікаў самыя ўзнёслыя водгукі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: М.Шарснёў уручае ўзнагароду С.Рэентовічу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *