Усадьба семьи Федоренко из Кублищено признана лучшей по благоустройству в Сорочинском сельсовете

Благоустройство

Сядзібу Мікалая Во­сіпавіча і Ніны Філіпаўны Федарэнкаў у вёсцы Кублішчына знайсці лягчэй лёгкага – нават калі выпадкова абмінеш іх прыгожы дагледжаны дом у самым пачатку вёскі, любы тутэйшы жыхар з гатоўнасцю пакажа, дзе жывуць гэтыя паважаныя людзі.

Пацвярджэннем высокага аўтарытэту Мікалая Восіпавіча з’яўляецца і той факт, што ён – дэпутат Сарочынскага сельскага Савета, аднавяскоўцы ж на працягу многіх год абіраюць яго сваім старэйшынам. І мужчына цалкам апраўдвае такі давер. У жыхароў Кублішчына, напрыклад, ніколі не бывае праблем з абмалотам участкаў – Мікалай Восіпавіч на прамую дамаўляецца з кіраўніцтвам “Дземенца”. Калі ж сёлета сітуацыю ўскладніла нечаканая паломка камбайна гэтай гаспадаркі, па просьбе старэйшыны дапамогу вяскоўцам аказала тэхніка “Райаграсэрвіса”. Пастаянна на кантролі ў абранніка вёскі пытанні добраўпарадкавання і вулічнага асвятлення, летась з дапамогай сродкаў самаабкладання была вырашана балючая праблема бадзяжных сабак. У невялікім Кублішчыне (тут зараз пастаянна жывуць каля 25 чалавек) няма ніякага грамадскага памяшкання, таму ўсе сходы, прыёмы, святы, чаяпіцці ладзяцца ў гасціннай хаце Федарэнкаў. Калі ж камусьці з аднавяскоўцаў патрэбна дапамога – Мікалай Восіпавіч і Ніна Філіпаўна ніколі не адмовяць. Зімой і снег на падворку ў пажылых суседак пачысцяць, і за электрычнасць заплацяць, і прадуктаў у краме купяць. Калі ж прыходзіць час праводзіць кагосьці ў апошні шлях, жыхары збіраюць сродкі, каб дапамагчы родным у пахаванні – вяскоўцы адзначаюць, што гэтую традыцыю ўвёў менавіта цяперашні старэйшына.

Займаць актыўную грамадскую пазіцыю, вырашаць розныя гаспадарчыя пытанні для М.В.Федарэнкі – справа прывычная. Амаль уся яго кар’ера звязана з Ушацкай райсельгасхіміяй (райаграсэрвісам), дзе ён прайшоў працоўны шлях ад токара і вадзіцеля да начальніка вытворчасці і першага намесніка дырэктара прадпрыемства. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак гэты працавіты чалавек усе сілы і час аддае вялікай падсобнай гаспадарцы. У гэтай няпростай справе яму вельмі дапамагае Ніна Філіпаўна. Бухгалтар па спецыяльнасці, яна шмат год адпрацавала ў райспажыўтаварыстве, вучэбным камбінаце райсельгасхарча, а зараз, хоць і мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, ні ў якім разе не хоча сядзець склаўшы рукі. “Жывёлы мы трымалі заўсёды шмат. Вось і зараз маем на падворку карову, цялушку, свіней, курэй. Садзім зерневыя, 40 сотак бульбы, шмат агародніны. Хоць і няпроста спраўляцца, затое амаль усе прадукты – свае. Ды і дзецям дапамагчы можам”, – расказваюць Мікалай Восіпавіч і Ніна Філіпаўна.

Яны, дарэчы, разам ужо 47­мы год. “Сваю любоў я ў лесе знайшоў!” – жартам кажа мужчына, маючы на ўвазе тое, што Ніна родам з маленькай лясной вёсачкі Крыскавічы. Перш чым ажаніцца, сябравалі аж 4 гады. Так атрымалася, што вяселле згулялі ў жніўні, афіцыйна ж зарэгістравалі шлюб 13 студзеня 1970 года. Паставіўшы пад сумненне “нешчаслівасць” гэтай лічбы, пражылі ў каханні і згодзе амаль паўвека. Выхавалі трох прыгажунь­дачок, адна з якіх жыве ў райцэнтры, астатнія – у сталіцы. Падрастаюць ужо і пяцёра ўнукаў. “Калі ў нашай хаце збіраюцца разам усе родныя – ужо і за самым вялікім сталом не змяшчаемся!” – кажуць гаспадары. А прыязджаюць да іх госці вельмі часта. Не толькі адпачываць, але і працаваць. Сенакос, пасадка і ўборка бульбы – справа сямейная і абавязковая для ўсіх: з касой ды граблямі, лапатамі ды вёдрамі ў поле выходзяць не менш 13 чалавек (усё тая ж любімая лічба!). У склад “зводнай брыгады” трапляюць часам і сваты. “Філіпаўна, ты толькі пакліч – мігам прыедзем! У вас у Кублішчыне такое паветра гаючае – нават мая астма праходзіць!” – з усмешкай прыводзіць гаспадыня словы сваёй брэсцкай свацці. Яны ж заўсёды рады гасцям, бо лічаць, што дом не павінен быць пустым. Напэўна, прывыклі да гэтага з маленства, бо абое жылі ў мнагадзетных сем’ях. “Нас у бацькоў было васьмёра, – прыгадвае Мікалай Восіпавіч. – У пасляваенны час у вёсцы было голадна. Памятаю, якім ласункам здавалася нам, малым, манная каша – гэтыя крупы іншы раз прыносіла цётка Каця. Колькі год прайшло, а і зараз я ўдзячны ёй за тую самую смачную ў маім жыцці страву…”

Цёткі ўжо даўно няма, а вось яе муж, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Іванавіч Севярын, зараз жыве ў доме Федарэнкаў. Пажылому чалавеку цяжка стала спраўляцца аднаму ў сваёй хаце ў гарпасёлку, вось і ўзялі пляменнік з жонкай на сябе абавязкі па доглядзе за ім. Дапамагаюць яны і адзінокаму састарэламу брату Ніны Філіпаўны: амаль штодня ездзяць да яго ў Крыскавічы. Нават дзіву даешся, як толькі ўсё паспяваюць гэтыя людзі? А яшчэ ж і дом ужо не першы год “да розуму даводзяць”. “Пачалася наша перабудова, калі малодшая дачка Таня, збіраючыся замуж, сказала: “Цеснавата ў нас, тата. Куды я сваю сям’ю прывозіць буду?!” – расказвае гаспадар, які, дарэчы, усе рамонтныя работы робіць уласнымі рукамі. Неўзабаве ў доме замест гарышча з’явіўся другі паверх – цяпер пакояў для ўсіх гасцей хапае. Вельмі ўпрыгожылі будынак і сядзібу новы сучасны дах і агароджа. Ну а як жа абысціся без шматлікіх кветнікаў, дэкаратыўных кустоў, арыгінальных элементаў дызайну! Іх падворак прывабна і акуратна выглядае нават зараз, а якая ж прыгажосць пануе тут улетку! Натуральна, што ў мінулым годзе сям’я Федарэнкаў перамагла ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні – іх сядзіба стала лепшым ветэранскім падворкам Сарочынскага сельсавета.

Гаспадары прызнаюцца, што ні за якія грошы і выгоды не прамянялі б сваю вёску, дом, гаспадарку на гарадское жыццё. “Добра і цікава жыць на свеце! І ёсць дзеля чаго нястомна працаваць. А сядзець і нічога не рабіць – сумна”, – так проста і лаканічна выказала сваю жыццёвую філасофію гаспадыня гэтага ўтульнага дома. Мне ж было нескладана зразумець крыніцу іх духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту: яна ў дабрыні і любові, з якой яны ставяцца да ўсяго навакольнага – да людзей, да працы, да роднай зямлі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: Н.Федарэнка, М.Севярын, М.Федарэнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *