30 лет с болью Чернобыля

Общество

26 красавіка споўніцца 30 год з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая стала самай буйной тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Чарнобыль у 600 разоў пераўзышоў Хірасіму па магутнасці забруджвання навакольнага асяроддзя.

Самая буйная катастрофа

Збой у рабоце атамнага рэактара адбыўся з­за шэрагу прычын. Па­першае, ён не быў аснашчаны сучаснай сістэмай бяспекі, меў нізкі ўзровень аўтаматычнага кантролю і шэраг канструкцыйных недахопаў. Як пазней стала вядома, на станцыі ў тую ноч праводзіўся эксперымент па вымярэнні інерцыйнага кручэння турбагенератара. А палове другой гадзіны з­за перагрэву паліва разбурылася паверхня генератараў. На думку некаторых экспертаў, не хапіла літаральна пары секунд да ўключэння сістэмы бяспекі, што б папярэдзіла аварыю. У выніку двух моцных цеплавых выбухаў быў разбураны 1000­тонны дах рэактара, а трапіўшае ў яго паветра ўступіла ў рэакцыю з парай і часціцамі плаўленага графіту. Паўплываў на катастрофу і чалавечы фактар – у прыватнасці, памылкі персаналу АЭС.

Пасля аварыі

Першым этапам ліквідацыі аварыі стала тушэнне пажару – гэтым займаўся спецаддзел пажарнай аховы станцыі і пажарныя суседніх гарадоў. Першыя разлікі прыбылі на станцыю праз 7 хвілін пасля сігналу трывогі. Людзі не ведалі, што здзяйсняюць подзвіг: любой цаной трэба было патушыць пажар, каб ён не перакінуўся на іншыя энергаблокі. За некалькі гадзін пажарныя залілі вадой разбураны рэактар, аднак у яго цэнтры працягваў гарэць графіт. Каб прыпыніць выкіды радыяцыі, рэактар быў засыпаны з верталётаў пяццю тысячамі тон бору, даламіту, пяску, гліны і свінцовых сумесяў. Праз два тыдні пачалося будаўніцтва саркафага над разбураным энергаблокам.

Радыеактыўныя выкіды з ветрам распаўсюдзіліся на тэрыторыю ўсёй Еўропы, аднак найбольш пацярпелі Беларусь і Украіна, частка тэрыторыі якіх стала непрыдатнай для пражывання.

Ахвяры трагедыі

Даныя аб колькасці пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС адрозніваюцца. Канечне, галоўны ўдар прынялі на сябе работнікі станцыі і пажарныя, якія атрымалі смяротныя дозы радыяцыі. Большасць з іх пахаваны на Міцінскіх могілках у Маскве: кожнае цела было загерметызавана бетонам, паколькі выпраменьвала моцны радыяцыйны фон. Найбольшы ўрон радыяцыйнае воблака нанесла 50­тысячнаму гораду Прыпяць, пабудаванаму для работнікаў станцыі ў трох кіламетрах ад яе. У дзень аварыі чыноўнікі вырашылі не паведамляць жыхарам пра смяротную небяспеку: раніцай людзі ішлі на работу, а дзеці – у школу па вуліцах, дзе ўзровень радыяцыі перавышаў норму ў 1000 разоў. Эвакуацыя гараджан пачалася толькі на наступны дзень, калі яны атрымалі высокія дозы выпраменьвання. Чыноўнікі не спяшаліся расказваць людзям пра сапраўдныя маштабы катастрофы: не была адменена нават першамайская дэманстрацыя ў Кіеве.

Па афіцыйных даных Чарнобыльская катастрофа забрала жыцці каля 100 чалавек. Большую частку ахвяр складаюць ліквідатары – выратавальнікі, пажарныя, ваенныя, што ўхілялі наступствы аварыі. Некаторыя людзі загінулі пазней ад хвароб, абумоўленых уздзеяннем радыяцыі. Больш 115 тысяч чалавек былі адселены з забруджаных тэрыторый Беларусі, Украіны, Расіі. Для многіх сямей новым месцам пражывання стаў Ушацкі раён, дзе былыя жыхары чарнобыльскай зоны атрымалі жыллё, работу, падтрымку, знайшлі сяброў. Але чарнобыльскі след ніколі не сатрэцца з іх памяці і біяграфіі. Назаўсёды пакінуў ён адбітак і ў жыцці ўшачан­ліквідатараў. І колькі б не прайшло часу, слова Чарнобыль аддаецца болем у сэрцы кожнага беларуса.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *