Ушаччина старательно готовится к открытию обновленного после реконструкции мемориального комплекса «Прорыв»

Общество

Добры гаспадар у чаканні гасцей заўсёды наводзіць парадак у доме. Так і Ушаччына старанна рыхтуецца да адкрыцця адноўленага пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, аднаго з самых значных твораў манументальнага мастацтва БССР, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ужо зараз праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, вытворчых тэрыторый, камунальнікі кожны дзень шчыруюць над чысцінёй вуліц і дваровых тэрыторый, сельвыканкамы і замацаваныя арганізацыі прыбіраюць могілкі, помнікі і абеліскі, а “Прарыў” наогул стаў сапраўднай народнай будоўляй.
Знакавы аб’ект Віцебшчыны

Журналісты Белтэлерадыёкампаніі, якія ў сераду наведалі мемарыяльны комплекс, спачатку нават не паверылі, што за такія сціслыя тэрміны можна было выканаць такі аб’ём работ. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка патлумачыла, што гэта стала магчымым дзякуючы выпрацоўцы дзейснай схемы арганізацыі работ па рэканструкцыі з самага яе пачатку. Кожны дзень старшынярайвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч непасрэдна на аб’екце праводзіць штабы з удзелам прадстаўнікоў генпадрадчыка, кіраўнікоў усіх раённых і іншых службаў, якія задзейнічаны на будоўлі. Мінімум раз у тыдзень абмяркоўваецца яе ход і на абласным узроўні. У аблвыканкаме таксама створаны штаб па рэканструкцыі “Прарыву”, які ўзначальвае старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў – мемарыял з’яўляецца знакавым для ўсёй Віцебшчыны, і тэма аб яго захаванні была ўзнята асабіста губернатарам Мікалаем Мікалаевічам Шарснёвым. Старшыня аблвыканкама курыруе работы на мемарыяле, разам з У.У.Цярэнцьевым неаднойчы наведваў аб’ект. Дзякуючы такой увазе і падтрымцы кіраўніцтва вобласці станоўча вырашаюцца пытанні шматлікіх узгадненняў, падрыхтоўкі неабходнай дакументацыі, выдзяляюцца немалыя фінансавыя сродкі.

Звязаць гісторыю з сучаснасцю

З моманту стварэння “Прарыву” ўдасканаліліся тэхналогіі будаўніцтва, матэрыялы, не стаіць на месцы і дызайнерская думка. Змены на мемарыяльным комплексе будуць: падсветка, дадатковая паркоўка, гранітная плітка замест бетону, новае аздабленне сілумінавых пліт, выгляд Вечнага агню і многае іншае. Але пры гэтым аблічча аднаго з самых велічных помнікаў Віцебшчыны захаваецца прыбліжаным да арыгіналу – усе карэкціроўкі ўзгадняюцца з аўтарам мемарыялу Юрыем Міхайлавічам Градавым, які актыўна ўдзельнічае ў правядзенні штабоў. У гэтым яшчэ адна ўнікальнасць нашага мемарыяла – і стварэннем, і аднаўленнем займаецца аўтар! Таму “Прарыў”, які з прымяненнем навейшых тэхналогій арыентуецца на моладзь, усё роўна будзе перадаваць атмасферу, настрой таго, у імя чаго ён ўзводзіўся больш сарака гадоў таму.

Зараз тэрыторыя мемарыяльнага комплексу мае ўсе прыкметы ажыўленай будоўлі, каб укласціся ў сціслыя тэрміны, задзейнічаны дадатковыя арганізацыі. А пачыналася яна сіламі генпадрадчыка, якім выступае “Віцебскгандальбуд”, з нябачных на першы погляд этапаў. У сцяне, расколатай на дзве часткі, расшылі бетонныя швы і злучылі іх спецыяльным растворам, зрэзалі і адрамантавалі зношаныя апорныя канструкцыі або замянілі, а глыбы апранулі ў новую бетонную шубу, правялі гідраізаляцыю і афарбоўку. Потым абрасла будаўнічымі лясамі фігура партызана. Яе ўзмацнілі, правялі ўнутры антыкаразійную апрацоўку, зрабілі дрэнаж і вентыляцыю. Абнавіўся і знешні выгляд – манумент пачысцілі з дапамогай пескаструйнага абсталявання і правялі ўсе неабходныя работы пад афарбоўку, якая хутка будзе выканана.

Асабліваму аб’екту і ўвага асаблівая

Зараз на аб’екце ідзе трэці этап рэканструкцыі – маштабнае добраўпарадкаванне не толькі комплексу а і тэрыторыі ля яго. Усе работнікі, рукамі якіх “Прарыў” набудзе другую маладосць, разумеюць адказнасць і адносяцца да аб’екта як да надзвычайнага і нягледзячы на сціслыя тэрміны імкнуцца выконваць работы якасна.

Асаблівасць “Прарыву” неаднойчы падкрэслівалі як работнікі “Віцебскгандальбуду”, так і нашых арганізацый, якіх на субпадрадных работах задзейнічана шмат і якім не трэба лішні раз напамінаць аб гістарычнай значнасці мемарыяла – аднаўленне святых для кожнага ўшачаніна мясцін, як абарона Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны – стала задачай агульнай і без перабольшвання той, якая яднае грамадства, паказвае карысць і плён сумеснай дзейнасці соцень людзей, аб’яднаных агульнай мэтай. Укладзена каля 40 працэнтаў ад патрэбнага аб’ёму пліткі, заканчваецца афарбоўка пліт, амаль скончана абліцоўка пастаменту пад карту, на стадыі паловы гатоўнасці абсталяванне пешаходных дарожак і новай пляцоўкі для стаянкі аўтамабіляў. Экскаватары прадпрыемства меліярацыйных сістэм няспынна пашыраюць і паглыбляюць другі па ліку вадаём, а тэрыторыя ля берагоў першага спланавана і ўжо яўна бачны контуры будучай зоны адпачынку. Побач працуюць дарожнікі з ДРБУ-105 і іх глыбоцкія калегі, электрыкі з абласнога цэнтра, якія пракладаюць кабель і ўсталёўваюць ліхтары.

Справа гонару кожнага ўшачаніна

Кожны дзень на “Прарыў” выязджаюць работнікі працоўных калектываў Ушаччыны. Канечне, выканаць спецыфічныя работы яны не могуць, але ў добраўпарадкаванне комплексу ўжо ўнеслі свой уклад працаўнікі розных устаноў і структурных падраздзяленняў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, райбальніцы, райспажыўтаварыства, лясгаса.

Для нас, жыхароў раёна, гэта свяшчэнны доўг і справа гонару. Кожны ўшачанін у гэтай справе можа дапамагчы не толькі працай, але і фінансава. Сродкі на рэканструкцыю мемарыяла ахвяравалі працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні і прафсаюзы, грамадзяне, прычым і тут, як у гады ваеннага ліхалецця, у першых радах ветэраны – Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, якая на ўвекавечанне памяці загінуўшых таварышаў унесла адзін мільён рублёў. Усяго на адкрыты дабрачынны рахунак пералічана ўжо больш 320 мільёнаў, але дапамога любога будзе дарэчы, бо работы яшчэ не скончаны. Нагадаем, што ахвяраванні на рэканструкцыю “Прарыву” можна пералічыць на р/р 3132430190015 разліковакасавага цэнтра № 37 г.п.Ушачы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” – Віцебскае абласное ўпраўленне г.Віцебска, МФО 150801424, УНП 300006937, атрымальнік – Дзяржаўнае прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна”.

Усёй вобласцю

На працягу некалькіх тыдняў было людна і ля трасы да мемарыяла. Больш 100 прычэпаў вецця за некалькі дзён вывезлі з прылягаючых да дарогі ўчасткаў работнікі раённага вузла электрычнай сувязі, парадак не толькі пад сваімі лініямі, але і на прылягаючай тэрыторыі наводзілі энергетыкі. Вялікі аб’ём работы выканалі камунальнікі – іх бензапілы таксама не адзін дзень звінелі ўздоўж дарогі. Вельмі гарачая пара ў апошні час і ў Васіля Іванавіча Шнітко, старшыні Ушацкага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзіцца аб’ект усебаковай увагі. Але важнасць справы разумее не толькі мясцовая ўлада – жыхары навакольных вёсак правялі не адзін суботнік, адгукаюцца на заклікі да навядзення парадку і работнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Іншая справа, што не ва ўсіх вёсках можна арганізаваць суботнік, бо ў некаторых колькасць жыхароў зусім невялікая – тады на дапамогу прыходзяць шэфы. “Мы ў вашым раёне год 10 працуем на добраўпарадкаванні”, – расказвалі работнікі Полацкага паліграфічнага прадпрыемства “Спадчына Ф.Скарыны”, якія нягледзячы на слотнае халоднае надвор’е выціралі пот з ілба, працуючы на ўездзе у Новае Сяло. Але калі раней, па словах мужчын, яны ў асноўным дапамагалі на добраўпарадкаванні населеных пунктаў Вяркудскага сельсавета, то зараз заразіліся агульным імкненнем навесці прыгажосць ля “Прарыву”, таму вялізнае вогнішча не паспявала “з’ядаць” карчы і кустоўе, якое працаўнікі друкарні выдалялі з закінутага ўчастка на ўездзе ў вёску. Дарэчы, кожны з пяці жыхароў суседняга раёна, бываў на мемарыяле раней, а аднаго з іх тут нават прымалі ў піянеры!

Можна сказаць, што сёння практычна ўся вобласць, ад простага рабочага да губернатара, працуе калі не на “Прарыве”, то на яго – пасля адлічэння неабходнай часткі ў рэспубліканскі бюджэт усе астатнія сродкі, якія заробіць падчас рэспубліканскага суботніка Віцебшчына, пойдуць на заканчэнне работ на мемарыяльным комплексе.

Вось так, па намечаным плане, ідзе завяршаючы этап аднаўлення “Прарыву”, каб нашы паслядоўнікі як мага пазней вярнуліся да рэстаўрацыі аднаго з самых вядомых помнікаў Віцебшчыны. Няпроста зараз, у тым ліку і з фінансамі, але, як справядліва зазначыла В.М.Захарэнка, нашы цяжкасці ніякім чынам нельга параўнаць з тым, што вынеслі падчас апошняй вайны людзі, якія ішлі на прарыў і памяць якіх мы сёння стараемся годна несці. А яшчэ некалькі пакаленняў ушачан, іншых жыхароў Прыдзвіння і краіны будуць мець выдатную магчымасць наведаць легендарныя мясціны, ушанаваць памяць вызваліцеляў і, што немалаважна, вучыцца беражлівым адносінам да помнікаў гераічнага мінулага сваёй краіны.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *