Новый 40-квартирный дом строится в Ушачах

Общество

Жыхары мікрараёна па вуліцы Віцебскай ўжо прывыклі да таго, што тэхніка будаўнічых арганізацый працуе тут амаль без выхадных. Не заціхаюць работы на фізкультурна­аздараўленчым комплексе, камунальнікі вядуць планавую замену цеплатрасы, не менш ажыўлена і за агароджанай тэрыторыяй будучага 40­кватэрнага жылога дома. Вынік працы будаўнікоў хутка можна будзе ўбачыць здалёк – у чацвер муляры Ушацкай ПМК­-66 прыступілі да кладкі сцен.

У нашым раёне гэта першы дом долевага будаўніцтва з падтрымкай дзяржавы. Усе дольшчыкі, якія маюць патрэбу ў жыллі ці паляпшэнні ўмоў, атрымаюць ільготны крэдыт на будаўніцтва кватэры ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта краіны №13 ад 6 студзеня 2012 года і пры неабходнасці будуць уносіць уласныя сродкі. У цяперашні час з упраўленнем капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна, якое выступае заказчыкам, заключана 26 дагавораў долевага будаўніцтва, у спісы на атрыманне льготнага крэдыту рашэннем райвыканкама ўнесена 15 дольшчыкаў.

Першымі да працы на аб’екце са снежня мінулага года прыступілі цесляры­бетоншчыкі.

– Завяршылі так званую “падземную” частку будоўлі, – праводзіць мяне па тэрыторыі галоўны інжынер ПМК­66 Аляксандр Уладзіміравіч Клопаў. – Скончаны работы па ўкладцы сетак водаправоду і каналізацыі, устаноўцы фундамента і пліт перакрыцця, асновы пад кладку. Зараз далучыцца да работ і наш генпадрадчык – Шумілінская ПМК­70: адзін пад’езд будзем будаваць мы, адзін – яны. Па праекце тэрмінам здачы аб’екта значыцца снежань бягучага года, калі не ўзнікне праблем з фінансаваннем.

Цеслярам­бетоншчыкам хапае работы і зараз – паралельна з закладкай сцен дома вядзецца і добраўпарадкаванне. Замінаць будоўлі, падвозу матэрыялаў гэта не будзе – кран устаноўлены з другога боку. Брыгада зладжана працавала над абсталяваннем аўтамабільнай стаянкі. Экскаватар выбіраў гліністы грунт, які заменяць гравіем пад асфальтаванне, а рабочыя абазначалі контур пляцоўкі бардзюрным каменем.

– Вельмі добра, што строіцца новы дом, – гаворыць брыгадзір Дзмітрый Пецкалёў. – Людзі вырашаць кватэрнае пытанне, а ў нас ёсць аб’ёмы, зарплата. Будуем для землякоў, стараемся. Адзін са старажылаў нашай арганізацыі, Мікалай Пятровіч Коршун – асабліва, бо ў спіс будучых навасёлаў трапіў яго сын!

Муляры, рыхтуючыся да кладкі, вязалі з арматуры сетку, малады прараб Мікалай Грыневіч схіліўся над праектам будынка.

Складаней тут прыйдзецца, чым на апошніх дамах гарпасёлка, – зазначае ветэран ПМК­66 Віктар Шайтар, які будаваў усю Віцебскую. – Іншая планіроўка, кватэры розных памераў. Але справімся, паколькі не меней за будучых уладальнікаў кватэр радуемся закладцы дома, які для нас гарантуе наяўнасць работы на месцы і практычна на год. Не было б перабояў з матэрыяламі, фінансаваннем.

Гэта ўжо залежыць ад будучых уладальнікаў жылля, дольшчыкаў, бо дзяржава ўзятыя на сябе абавязкі выконвае. У мэтах своечасовай здачы жылога дома ўсім дольшчыкам неабходна ў максімальна сціслыя тэрміны аформіць усе неабходныя дакументы. Пасля ўводу аб’екта ў эксплуатацыю кватэры перададуцца жыльцам пры ўмове аплаты кошту долевага будаўніцтва, а агульная маёмасць будзе належыць створанаму таварыству ўласнікаў.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *