На сессии районного Совета депутатов. Созданы все условия для ведения бизнеса

Общество

Перад краінай стаіць задача адкрыцця новых вытворчасцей, прадукцыя якіх будзе запатрабавана і ў краіне, і за мяжой. На прадпрыемствах адбываецца аптымізацыя штата, непазбежная як з­за ўкаранення сучасных тэхналогій, так і для павышэння прадукцыйнасці працы. І таму ў кожным раёне Беларусі першачарговай стала задача адкрыцця новых прадпрыемстваў, стварэння працоўных месцаў. Стаўка робіцца на павышэнне дзелавой актыўнасці грамадзян і прыцягненне інвестыцый.

Доля малога і сярэдняга бізнесу да 2020 года павінна складаць 40 працэнтаў. Такая лічба акрэслена ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бягучую пяцігодку. І ва ўнісон гэтым важным дзяржаўным задачам і былі вынесены пытанні на чарговую сесію раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання. Развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванне дзелавой актыўнасці, занятасць насельніцтва, выкананне раённай комплекснай праграмы “Кадры” – гэтыя тры тэмы павесткі дня былі вельмі цесна ўзаемазвязаны.

Станоўчыя прыклады – побач

А пачалася сесія на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства “Твестуба”. Прыклад яго развіцця – самы што ні паказальны для пачатку ўласнай справы. Усяго сем гадоў таму мінскія прадпрымальнікі зарэгістравалі ва Ушачы сваё прадпрыемства і атрымалі пад развіццё інвестыцыйнага праекта пустуючыя памяшканні гаражоў і былога ткацкага цэха камбіната бытавога абслугоўвання. Адрамантавалі іх і ўстанавілі першыя станкі. Прычым на старт сваёй справы затрацілі спачатку зусім невялікія сродкі – першае абсталяванне (а гэта восем станкоў пад поўны цыкл выпуску прадукцыі) каштавала каля 62 тысяч долараў. Меней чым праз год, у сакавіку 2010, былі нарэзаны першыя навіўныя кардонныя гільзы.

“Такая малая ніша, а аказалася так запатрабавана”, – з цікавасцю аглядала вытворчасць дэпутат, дырэктар “Прамкамбіната” Галіна Анатольеўна Грыдзюшка. Яна, як вытворца, ведае, наколькі складана прадаць тавар пры вялікай канкурэнцыі. Часта швейнікі працуюць з нулявой рэнтабельнасцю, каб толькі ўтрымаць заказчыка. “Твестуба” ж атрымала такі ўдалы старт, бо трапіла ў “дзясятку” пры выбары накірунку дзейнасці. Кардонныя гільзы для намоткі прадукцыі. Вельмі спецыфічны тавар, вельмі вузкая ніша. Аднак запатрабаваная, і менавіта пра гэта ведалі заснавальнікі, паколькі да адкрыцця гэтай справы займаліся перавозкамі. А вазілі з­за мяжы ў тым ліку кардонныя гільзы, бо на той час у Беларусі іх выраблялі толькі на адным прадпрыемстве. Сёння ж імпартазамяшчальная прадукцыя “вырасла з пашытай кашулі” і пачала прыносіць “Твестубе”, а значыць раёну і краіне валюту, паспяхова канкурыруючы з замежнымі вытворцамі.

Гісторыя развіцця гэтага малога прадпрыемства – узор яшчэ і таго, як імгненна даводзіцца перабудоўвацца, каб утрымацца на адкрытым – сусветным рынку вытворцаў. Хоць і трывала стаяць на нагах, аднак усё роўна асвойваюць новыя віды гільз, шукаюць новых пакупнікоў і вядуць мадэрнізацыю. Заменена тая, першая лінія, ды і падчас семінару намеснік дырэктара па вытворчасці М.Д. Апёнак зазначыў, што ёсць абсталяванне новага пакалення, а гэта азначае выпуск прадукцыі з меншымі затратамі пры лепшай якасці. Гэтыя складнікі павінны стаяць у аснове эканомікі любога прадпрыемства.

Дарэчы, новае прадпрыемства паспяхова стартавала яшчэ і таму, што мела шэраг ільгот: 139 мільёнаў субсідый пад адкрыццё новых працоўных месцаў, бясплатныя плошчы, мела і да гэтага часу карыстаецца льготамі ў падаткаабкладанні. Ды і штат работнікаў, які за гэтыя гады трамаецца ў межах трыццаці чалавек, таксама набралі без турбот нават пры невысокай заработнай плаце пад 3­4 мільёны. І сёння пры неабходнасці калектыў працуе ў тры змены.

Усё гэта пачулі і пабачылі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў на практычнай частцы сесіі, якую падмацавалі дадатковай інфармацыяй намесніка старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак, іншых выступаючых, каб потым інфармаваць сваіх выбаршчыкаў, што адкрыццё сваёй справы – гэта рэальна. Што такой жа паспяховай можа быць ваша справа.

Прадпрымальніцтва
ў раёне

Па стане на 1 чэрвеня на тэрыторыі раёна зарэгістравана 162 суб’екты гаспадарання ўсіх форм уласнасці, з якіх 73 (45,1%) адносяцца да малога бізнесу. Адносна 2010 года колькасць малых і мікраарганізацый павялічылася на 15 (67,7 працэнта з іх знаходзяцца ў гарпасёлку), а індывідуальных прадпрымальнікаў на 29 і складае 187. Большасць малых прадпрыемстваў (34,6%) займаецца гандлем і аказаннем паслуг у сферы грамадскага харчавання, 23,7% – у прамысловасці, 17,3 – будаўніцтве, 15,4 – у сельскай гаспадарцы.

У сферы малога бізнесу, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, занята 1,1 тысяча чалавек або 18 працэнтаў ад эканамічна актыўнага насельніцтва раёна. І павялічылася ў параўнанні з 2010 годам на 8 працэнтаў.

Усяго ад мікра і малых прадпрыемстваў і ІП за 2015 год у бюджэт паступіла 15,6 мільярда рублёў падаткаў – на 11,1 мільярда рублёў ці ў 3,5 раза больш, чым у 2011 годзе.

У нашым раёне працяглы час паспяхова працуюць такія прыватныя прамысловыя прадпрыемствы, як ААТ “Ушачы”, ТАА “Лес”, “Твестуба”, “Форэстгандаль”, адносна нядаўна – “Кват”. Імі за 2015 год выпушчана прамысловай прадукцыі на 277,6 мільярда рублёў, што амаль у 5 разоў больш за афіцыйна ўлічваемыя прамысловыя прадпрыемствы: агароднінасушыльны завод, прамкамбінат, УП ЖКГ і філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. А ў экспарце тавараў доля прыватных прадпрыемстваў складае 65 працэнтаў.

Не ўсе прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу спрацавалі за мінулы год прыбыткова, 30 працэнтаў атрымалі страты, але агульная рэнтабельнасць склала 0,7 працэнта. Аднак станоўчых прыкладаў, нават у такі складаны эканамічны час, усё ж дастаткова.

Пазыкі, памяшканні…

Перад раёнам пастаўлена задача аб адкрыцці 30 новых працоўных месцаў. На сённяшні час адкрыта 15. Гэта новая гандлёвая кропка “Тытунь”, прадпрыемства па вырабе зрубаў “Лясная губернія”, дадатковыя працоўныя месцы на “Твестубе” і іншыя.

Таму стаўка – на прыцягненне інвестыцый і на дзелавую актыўнасць насельніцтва. У раёне многа пустуючых памяшканняў, некаторыя з якіх прадаюцца за адну базавую велічыню. Азнаёміцца з гэтымі аб’ектамі можна на сайце Ушацкага райвыканкама. Сярод іх як будынкі зачыненых школ – прасторныя памяшканні ў добрым стане, так і жывёлагадоўчыя аб’екты, магазіны.

Калі патрэбны першапачатковы капітал – яго выдадуць, прычым нават новым арганізацыям без гісторыі ў нашых аддзяленнях “Беларусбанка”, пад стаўку рэфінансавання ад мінус 3 да плюс 1 працэнта (на сённяшні дзень ад 17 да 21 працэнта гадавых). Акрамя таго цэнтральным апаратам апошняга сумесна з “Белтэлекампаніяй” не першы год ажыццяўляецца праект, калі вам выдадуць пазыку пад уласную справу, дапамогуць з бізнеспланам і раскруткай. Ад вас – толькі ідэя.

І калі крэдыты наша насельніцтва бярэ неахвотна, то вось бюджэтнай пазыкай для адкрыцця сваёй справы карыстаюцца. У перыяд з 2011 года і па май 2016 56 індывідуальным прадпрымальнікам для адкрыцця ўласнай справы была выдадзена бюджэтная пазыка на суму 496,2 мільёна рублёў.

Ільготную пазыку пад адкрыццё аграэкасядзібы акажа “Белаграпрамбанк”. Дарэчы, такой скарысталася 4 чалавекі. і льготы… гарантуюцца

Статыстыка мінулых пяці гадоў, а менавіта павелічэнне колькасці прадпрыемстваў (зарэгістравана 65, а ліквідавана 29) і індывідуальных прадпрымальнікаў (236 супраць 219) сведчыць аб паляпшэнні ўмоў для адкрыцця сваёй справы. У рэспубліцы было прынята 194 нарматыўныя прававыя акты, якія спрыяюць дзелавой актыўнасці і спрашчаюць вядзенне сваёй справы. Напрыклад, з 2014 года прадугледжана і дзейнічае электронная рэгістрацыя. У 2012­2013 гадах быў дазволены бяспошлінны ўвоз тэхнікі, менавіта на гэтыя гады даводзіцца найбольшы рост новых прадпрыемстваў.

Дэкрэтам № 6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.05. 2012 года “Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў, сельскай мясцовасці” камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, размешчаныя ў сярэдніх і малых гарадскіх пасяленнях маюць ільготы па падатку на прыбытак і нерухомасць, падаходным з фізічных асоб, атрыманых ад рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці, для іх прадугледжана паніжаная плата за атрыманне ліцэнзій. Данымі льготамі ў 2012­2015 гадах скарысталіся ТАА “Твестуба”, прыватныя прадпрыемствы “ПрамБудЛід”, “УН­ГандальРэфлекс», СФГ «Бацьяр». Агульная сума прадстаўленых ільгот за перыяд з 2012 па 2015 год склала 870,7 млн. рублёў.

Больш 60 працэнтаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў выкарыстоўваюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

Прымяненне адзінай тарыфнай сеткі стала насіць рэкамендуючы характар, а прадпрымальнікі самастойна абіраюць сістэму аплаты, якая рэгулюе асабісты ўклад кожнага работніка.

Арандатары маюць пераважнае права пры пакупцы памяшкання.

Прадпрымальнікі маюць права наймаць на работу не толькі родных. На сёння 10 ІП маюць 21 наёмнага работніка.

Рамеснікам быць проста

Канечне, страшнавата нашым людзям рызыкаваць уласным капіталам ці яшчэ горш, браць пазыку. Далёка не ўсе здольны на адкрыццё ўласнага прадпрыемства, паколькі тут трэба мець арганізатарскія якасці, валодаць маркетынгам, лагістыкай, эканомікай, ведаць законы ў рэшце рэшт. Намнога прасцей быць рамеснікам.Калі ў цябе, як кажуць рукі на месцы і ты імі можаш… ну хоць што­небудзь, але добра. Вязаць, плесці, быць кавалём, сталяром або рабіць мыла. Так, нават такі від рамесніцтва зарэгістраваны ва Ушацкім раёне. А наогул жа ў нас 36 чалавек маюць гэты статус, дарэчы самы вялікі рост у апошні год менавіта ў гэтым відзе прадпрымальніцтва, а таксама ў мікраарганізацыях – на 20 у параўнанні з 2011 годам. Пераважна рамеснікі дапамагаюць рамантаваць і ўстанаўліваць дзверы, вокны, агароджы – гэтым відам занята 18 чалавек, займаюцца дэкаратыўна­прыкладнымі вырабамі – робяць і прадаюць свае карціны, вырабы з саломкі, дрэва, гіпсу – 17. Сямёра вышываюць і плятуць з бісеру, а двое нават займаюцца пераплётнай справай. Калі нядаўна быў толькі адзін каваль, то зараз іх тры. І прыемна, што вырабы Генадзя Карэйшы стаяць не толькі ва ўшачан і санаторыі “Лясныя азёры”, а і далёка за межамі раёна. Дарэчы, гэта якраз той выпадак, калі твой жа тавар і становіцца найлепшай рэкламай. Вось і мыла Таццяны Жалязновай таксама можа стаць брэндавым для Ушач таварам.

Да нядаўняга часу рамеснікі зусім не плацілі падаткаў, патрэбна была толькі рэгістрацыя. Цяпер жа плацяць адзіны, прычым, вельмі сімвалічны, 33 рамеснікамі за мінулы год было ўплачана 6,2 мільёна рублёў.

Замест эпілога

У Праграме сацыяльна­эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку закладзены дзейсныя стымулюючыя палажэнні, якія спрыяюць ажыўленню дзелавой ініцыятывы, прыцягненню інвестыцый і больш хуткаму адкрыццю сваёй справы. У прыватнасці, зноў захаваюцца льготы для тых, хто стварае новыя прадпрыемствы ў невялікіх населеных пунктах, як наш: яны на два гады будуць пазбаўлены выплат падаткаў на прыбытак і на нерухомасць.

Будзе аказвацца бюджэтная падтрымка і льготныя крэдыты тым, хто выпускае інавацыйную прадукцыю (усяго1/2 стаўкі рэфінансавання ў “Беларусбанку”). Прадугледжана сфарміраваць пакет базавых паслуг, якія будуць бязвыплатна перадавацца бізнесу, скараціць колькасць ліцэнзійных відаў дзейнасці, радыкальна спрасціць і зменшыць колькасць і формы справаздачнасці. Значна зменшацца санкцыі за нязначныя парушэнні і яшчэ многа канкрэтных мер, якія будуць спрыяць росту эканомікі і, канечне, павышэнню якасці жыцця беларусаў.

І напэўна не трэба шукаць нейкіх энергаёмістых суперпрыбытковых праектаў. Мабыць выпуск зубачыстак ці таго ж мыла стане пачаткам вашай вялікай сямейнай справы, прынясе новыя працоўныя месцы землякам і вядомасць Ушачам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *