Татьяна Железнова занимается мыловарением и удивляет ушачан своими оригинальными изделиями

Мир увлечений

Калі набліжаецца тое ці іншае свята, мы пачынаем задумвацца над падарункамі для родных і сяброў. І так хочацца падарыць нешта незвычайнае, здзівіць іх нестандартным прэзентам. Да такой катэгорыі можна смела аднесці арыгінальнае самаробнае мыла. У гэтым давялося ўпэўніцца, пазнаёміўшыся з Таццянай Жалязновай, якую можна смела лічыць вопытным мылаварам.

Усё пачалося з таго, як некалькі гадоў таму родныя прывезлі Таццяне ў падарунак мыла ручной работы. Спачатку ёй было шкада псаваць прыгожы выраб – змываць яго, а потым стала цікава, як жа адбываецца працэс вытворчасці. Прачытаўшы ў інтэрнэце мноства цікавай інфармацыі пра мылаварэнне, захацела паспрабаваць і зрабіць нешта падобнае. Праз інтэрнэт­магазін заказала пробны набор для пачынаючых мылавараў. І справа зацягнула – хацелася паспрабаваць штосьці новае, больш складанае, арыгінальнае.

– Паступова дома назбіралася ўжо шмат вырабленага мыла. “Што ты з ім будзеш рабіць?” – зазначала мая мама. Дарыла яго сваім родным, сябрам і знаёмым, якія былі ў захапленні ад маіх работ і потым пачалі прасіць рабіць для іх мыла на заказ. Таму, калі даведалася, што мылаварэнне ўнесена ў спіс рамёстваў, зарэгістравалася ў падатковай інспекцыі. Але для мяне гэта хутчэй не спосаб дадатковага заробку, а справа для душы, тым больш што мая асноўная работа – заняткі з вучнямі харавымі дысцыплінамі ў дзіцячай школе мастацтваў – забірае шмат часу, – расказвае Таццяна.

Трэба сказаць, што рамяство гэтае патрабуе і пэўных затрат. У першую чаргу Таццяна запасаецца спецыяльнай асновай, якую выкарыстоўваюць для мылаварэння. Прычым, заўсёды купляе англійскую – яна не ўтрымлівае лаўрыл сульфат натрыя, які сушыць твар, і іншай шкоднай хіміі. Таксама не абысціся і без эфірных касметычных масел і аддушак. У нас усіх гэтых патрэбных інгрэдыентаў не знойдзеш, за выключэннем хіба што некаторых масел у аптэцы. Усе неабходныя кампаненты заказвае праз інтэрнэт ці купляе ў спецыялізаваных магазінах.

– Калі ўбачу дзе-­небудзь у продажы патрэбны мне кампанент, адразу хочацца купіць. У мяне іх ужо вельмі шмат. А ў Маскве ёсць вялікі спецыялізаваны магазін для мылавараў. Дык мой муж жартуе, што калі мяне туды пусціць, то я разару ўсю сям’ю! – гаворыць Т.Жалязнова.

Для вырабу абавязкова патрэбны і спецыяльныя формачкі. Іх у Таццяны назбіралася столькі, што і не злічыць. Аснову мыла растоплівае ў мікрахвалевай печы – прычым, важна не даводзіць яе да кіпення, бо мыла будзе няякасным. Затым дабаўляе патрэбныя фарбавальнікі, масла і вылівае ў формы. Каб атрымаўся не проста прымітыўны духмяны кавалак мыла, дае волю фантазіі. Чаго толькі няма ў скарбонцы вырабаў Таццяны! Як сапраўдныя выглядаюць і пахнуць фрукты – долькі лімона, персіка, кавуна, кожнаму спадабаюцца і ружы, мядовыя соты, мішкі, цукеркі, ракушкі, дэльфіны, футбольны мячык і машынкі. Напярэдадні Новага года пачынае дамінаваць адпаведная тэматыка – мыла ў форме мандарынаў, ёлак, рукавічак. Дарэчы, здзіўляе сваімі вырабамі Таццяна не толькі жанчын. Для моцнага полу прызначана мыла ў выглядзе прапаршчыка, бутэлькі каньяку, медаля “Сапраўдны мужчына”. Шмат эксперыментуе і фантазіруе з наразным кавалкавым мылам, дабаўляючы разнастайнае масла. Не адразу паверыш, што гэта мыла, убачыўшы кавалачак торціка з ягадкамі, кубачак з кавай, гарбатай. Выглядае эфектна, а водар проста заварожвае. Здаецца, паспрабаваў бы на смак, а не мыў рукі! У “калекцыі” і мыла з надпісам унутры, напрыклад, “Любімай маме”. Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная растваральная папера, якая змыецца разам з мылам. Дарэчы, вырабляе Т.Жалязнова і разнастайнае мыла­скраб – з цукрам, кавай, аўсянкай, глінай і іншым. Адным словам, складае і свае рэцэпты мылаварэння, зыходзячы з накопленага вопыту. На выраб адной адзінкі затрачваецца 1­2 гадзіны.

Адрозненне паміж гэтым мылам і звычайным магазінным не толькі ў тым, што яно зроблена ўручную, а і ў тым, што ў склад мыла, якое вырабляе Таццяна, уваходзяць натуральныя прадукты, якія неабходны нашай скуры. Дзякуючы камбінаванню інгрэдыентаў для кожнага яе тыпу можна падабраць свой сорт. Таксама ў мыле ручной работы ўтрымліваюцца дабаўкі і маслы, якія аказваюць змякчальнае, пажыўнае, бактэрыцыднае дзеянне. Такое мыла падыходзіць не толькі для мыцця рук і цела, а і для твару, замяняючы прывычныя тонікі і ласьёны. Напрыклад, лавандавае масла аказвае супакойваючае дзеянне, цытрусавае – танізуе, масла шы ідэальнае для праблемнай скуры.

Таццяна ўжо мае сваіх пастаянных кліентаў не толькі ва Ушачах, а і Полацку, Мінску. Таксама рэкламуе свае вырабы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ў адмысловай групе “HandMade”. Кожны выраб, асабліва калі ён прызначаны для падарунка, Т.Жалязнова імкнецца прыгожа аформіць. Адзначу, што і кошт на мыла прымальны – ад трох рублёў.

Спрабуе жанчына рабіць і спецыяльныя “бомбачкі” для ваннаў, а таксама араматызаваныя гелевыя свечкі.

Вось так кожны чалавек можа знайсці сабе творчы занятак для душы, які прынясе і задавальненне, і дадатковы заробак. Упэўнена, што вось гэта прыгажосць, якую Таццяна стварае сваімі рукамі, парадуе і прынясе карысць многім ўшачанам. Тым больш што ў яе яшчэ мноства задум і нерэалізаваных фантазій.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *