Персики, абрикосы, арбузы и многое другое выращивает на своём участке Валерий Багрец

Мир увлечений

У адным з папярэдніх нумароў садавод з Глыбачкі выказаў меркаванне, што экзатычныя персікі і абрыкосы ў нашых умовах вырошчваць нявыгадна – маўляў, на тыя грошы, што патраціш на іх догляд, лепш купіць фруктаў. Менавіта гэтыя словы падштурхнулі да тэлефанавання ў рэдакцыю Валерыя Сцяпанавіча Баграца: “Не згодзен і магу паказаць, што на Віцебшчыне выспяваюць персікі – у мяне аж галіны ломяцца! Прыязджайце, пачастую”. Грэх было адказацца, тым больш што паглядзець сапраўды было на што.

Заўзятым садаводам Валерый Сцяпанавіч стаў пасля выхаду на заслужаны адпачынак. А да гэтага на занятак, да якога ляжала душа, проста не хапала часу – ад цёмнага да цёмнага жыхар Селішча працаваў у мясцовай гаспадарцы вадзіцелем, пры неабходнасці садзіўся і за руль трактара.

Персік дае плады ўжо чацвёрты год. За гэты час дрэўца акрэпла, разраслося і добра дзякуе гаспадару, які беражліва даглядае пасаджаны сваімі рукамі сад. У ім чаго толькі няма, нават абрыкосы і грэцкія арэхі, не кажучы пра менш экзатычныя яблыкі і грушы. Апошніх у В.С.Баграца 12 сартоў і спыняцца на гэтым Валерый Сцяпанавіч не збіраецца. “Навошта столькі?” – пытаюся ў гаспадара.

– Падабаецца мне гэта справа, ды і цэны на фрукты вельмі “кусаюцца”, – тлумачыць мужчына. – А адкуль у вясковага чалавека лішняя капейка? У мяне трое ўнукаў, дзяўчынка і два хлопчыкі, сын і дачка жывуць і працуюць у Наваполацку – прыязджаюць і забіраюць ураджай, не трэба купляць. Ды і самі з жонкай заўсёды маем свежыя фрукты.

Гэты год выдаўся вельмі ўраджайным. Валерый Сцяпанавіч праводзіць экскурсію па сваіх уладаннях, і пацвярджэнне яго слоў, што на асобных дрэўцах з­за пладоў не відаць лісця, бачу на ўласныя вочы, асабліва на яблынях і грушах позніх сартоў, дзе плады яшчэ не паспелі абваліцца. Ёсць тут і вялікія дрэвы, якім не адзін дзясятак гадоў – сад В.С.Багрэц разбіў на ўчастку продкаў. “Адрэстаўрыраваў” бабулін дом і зараз з гаспадыняй амаль увесь час праводзяць у клопатах аб ім, хаця маюць і кватэру з выгодамі ў двухпавярхоўках.

Нават і не ведаў, якія прыдумаць віды садавіны і ягад, каб іх не аказалася ў Валерыя Сцяпанавіча. “Вішня? А вось тут расце! Гэта слівы прывіваў, вясной буду прышчэпы рабіць. Тут чарнасліў, два віды фундуку, ажыны, шыпшына, а вось алыча не прыжылася, вымерзла”, – бачыўшы маё здзіўленне, задаволена ўсміхаўся гаспадар, паказваючы ўсё новыя і новыя дрэвы і кусты. Ёсць сярод іх такі, што мужчына нават сам не ведае, што за дзіўны плод вырас на ім: “Казалі, як садзіў, але потым забыўся, можа ты ведаеш?” Нічым гаспадару не дапамог, бо раней бачыць нічога падобнага не даводзілася.

Акрамя ўсяго прыгаданага, унукі могуць паласавацца ў дзядулі некалькімі відамі вінаграду, асобныя гронкі маюць вагу каля 2 кілаграмаў! У спецыяльным парніку грэюць паласатыя бакі і наліваюцца сокам спрытныя кавуны, значны ўчастак адведзены пад клубніцы розных сартоў. “Гэта ўжо вотчына Яўгеніі Іванаўны –хадзем, пакажу, што яна навырошчвала!” – Валерый Сцяпанавіч займаецца садам, а вось што датычыцца агародніны, то тут “галоўнакамандуючым” з’яўляецца жонка. У яе вотчыне больш традыцыйныя культуры, але розныя сарты памідораў, агуркоў і іншай агародніны вылучаюцца значнымі памерамі – асабліва галандская цыбуля­сеянка і салодкія перцы грамаў пад 200.

Садзяць руплівыя гаспадары і даволі вялікі ўчастак бульбы, мае Валерый Сцяпанавіч уласны трактарок і мотаблок. Зараз з жыўнасці засталіся толькі куры, але некалькі год таму было і дзве каровы. “Адзін час, калі трэба было вучыць дачку, працаваў у гарпасёлку, а Яўгенія і зараз яшчэ туды ездзіць. А кароў трэба было ў абед падаіць, жывёла патрабуе належных адносін, таму прадалі яе”, – расказвае Валерый Сцяпанавіч.

На момант візіту гаспадар скончыў апрацоўку капусты ад вусеняў. На неабходнасць гэтай справы яму ўказаў сусед, таксама заўзяты садавод Уладзімір Антонавіч Крывапушчанка. “Мы з Антонавічам сябруем, раімся адзін з адным, калі­небудзь сапраўдны “штаб” у нас – як і дзе бульбу пасадзіць, па іншых пытаннях,” – Валерый Сцяпанавіч згодзен з народным выразам, што іншы раз добры сусед лепш далёкай радні.

Яго ж сялянскай мудрасці, загартаванасці і працавітасці хапае на належны догляд і добраўпарадкаванне вялікай тэрыторыі ля сядзібы. А персікі ў Валерыя Сцяпанавіча аказаліся буйнымі, сакавітымі і смачнымі. Як і іншыя плады цудоўнага сада, у якім маладзенькія дрэўцы гаспадар незалежна ад сорту ласкава называе “прыгажунямі” – і, зразумела, адносіцца да іх адпаведна.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *