Не все хозяйства Ушаччины подготовили животноводческие объекты к зимнему периоду

Сельское хозяйство

Падрыхтоўка сельгасаб’ектаў да зімовага стойлавага перыяду з’яўляецца гэтым часам не менш надзённай задачай, чым шматлікія работы земляробчага цыклу. Сёлета ж на прадукцыю жывёлагадоўлі стаўка асаблівая, бо палеткі не парадавалі багатым ураджаем, а таму перад усімі зацікаўленымі службамі раёна была пастаўлена задача ўжо да пачатку восені завяршыць асноўныя работы па падрыхтоўцы ферм: ачыстку, дэзінфекцыю, пабелку памяшканняў, афарбоўку абсталявання. Але аб’езд ферм і комплексаў, які на пачатку верасня правёў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч разам з прадстаўнікамі райсельгасхарча і зааветслужбаў, паказаў, што пра поўную гатоўнасць сельгасаб’ектаў да пастаноўкі жывёлы гаварыць не прыходзіцца.

Не з надоямі, а з праблемамі

Пачаўся ж рэйд з завячэльскага комплексу, які, у прынцыпе, не патрабуе сезонных падрыхтоўчых работ, бо функцыянуе круглы год, аднак пастаянны кантроль тут жыццёва неабходны. Апошнім часам, нягледзячы на вялікія ўкладзеныя сродкі, ён славіцца не надоямі (зараз яны складаюць 6,6 кг на карову), а праблемамі – у тым ліку парушэннямі працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Вось і ў час візіту на комплекс кіраўніка раёна тут хапала хібаў. У прыватнасці, не быў захаваны рацыён кармлення, кармавы стол быў у соку, а каровы стаялі ў гноі (на здымку). Было бачна, што яны з ночы галодныя, бо вельмі актыўна лезлі за кормам.

Шмат нараканняў выклікала і тэрыторыя комплексу – рэшткі кармоў у траншэях, пакінутыя дзенідзе сметнікі, зламаныя дзверы на пляцоўцы для выгулу – усё гэта вельмі проста было б ухіліць пры гаспадарчым падыходзе, якога на комплексе няма.

Гадуюць і быкоў, і павукоў

Кожны гаспадар, перш чым пабяліць ці пафарбаваць памяшканне, ачышчае яго ад бруду. Але ж на комплексе КУСГП “Глыбачаны” такое відавочнае правіла праігнаравалі: правялі пабелку і дэзінфекцыю кароўніка без папярэдняй механічнай ачысткі: у выніку пад слоем пабелкі застаўся засохлы корм і нават бытавое смецце (на здымку). У суседнім памяшканні да падрыхтоўкі ўвогуле не прыступілі: замест свежай пабелкі яго сцены ўпрыгожвала павуцінне. Неахайна выглядала і тэрыторыя з няскошанай травой і нявывезенай арганікай. Па словах спецыялістаў ветстанцыі і райсельгасхарча, прадпісанні і нават спагнанні кіраўніцтву гаспадаркі асаблівага ўплыву на становішча не аказалі. Ну а дырэктар прадпрыемства тлумачыць недапрацоўкі недахопам работнікаў. Гэта, вядома, важкая прычына, аднак дадаць да яе варта і іншыя – недастатковы кантроль і патрабавальнасць з боку кіраўніцтва гаспадаркі, а таксама замацаваных спецыялістаў раённых службаў (па глыбачанскім комплексе гэта начальнік райплемстанцыі А.Э.Шараг), слабая дапамога арганізацыйшэфаў (у апошні час толькі аднойчы работнікі мясцовага ўчастка ЖКГ былі прыцягнуты для абкосу тэрыторыі).

Вы шуміце, бярозы, я хвілінку пасплю

Не задаволіла ўдзельнікаў рэйду і ўбачанае на ферме Слабада КУСГП “Арэхаўна”. Уражанне псуе ўжо сам пад’езд да аб’екта, які складаецца з брудных лужын (на здымку). Гэты недахоп можна назваць “хранічным”, бо нават калі дарогу перыядычна раўняюць, яна вельмі хутка размываецца, а таму да ўхілення праблемы варта падысці грунтоўна.

Гэта, канечне, добра, калі ўваход у кароўнік упрыгожваюць дрэўцы, але ж расці яны павінны на зямлі, а не на даху, як на слабадской ферме. Нельга назваць бездакорнай і падрыхтоўку да дэзінфекцыі ў тутэйшых памяшканнях. Недабудаваны плёначнік для цялят. Хоць даволі шмат зроблена па навядзенні парадку на тэрыторыі, аднак работы тут яшчэ хапае. Галоўным жа непрыемным уражаннем стаў… мясцовы слесар, які замест таго, каб рамантаваць працяканне водаправода, мірна адпачываў, зранку прыняўшы на грудзі. Каментарыі, як кажуць, залішнія…

* * *

Як паведаміў нам начальнік райсельгасхарча Л.А.Лісоўскі, ідэальнага становішча ў плане падрыхтоўкі аб’ектаў да зімовага сезона пакуль няма нідзе: найлепш абстаяць справы ў “Вялікадолецкім”, “Ільюшынскім” і “Дземенцы”, больш далёкія да поўнай гатоўнасці аб’екты ў “Агра-Селішчы” і “Райаграсэрвісе”. У “Глыбачанах” жа за час, які прайшоў з моманту рэйду, сітуацыя прыкметна змянілася: на комплексе зараз кіпіць работа, праводзіцца ўборка і пабелка памяшканняў, рамантуецца транспарцёр для выдалення гною. Наводзіцца парадак і звонку: абкошваецца тэрыторыя, набывае прывабны выгляд участак паміж кароўнікамі, які плануецца засыпаць боем цэглы і гравіем.

Пра тое, што большасці ўшацкіх гаспадарак менавіта на жывёлаводчую галіну прыйдзецца разлічваць гэтай зімой у плане прыбыткаў, гаворана ўжо неаднойчы. Вось толькі адказнасць і першачарговасць справы падрыхтоўкі аб’ектаў усведамляюць не ўсе. Магчыма, расслабляе аграрыяў нязвыклае вераснёўскае сонейка, але яго лагодныя прамені не павінны асляпляць: старт пастаноўкі статкаў на стойлавае ўтрыманне – справа літаральна некалькіх тыдняў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *