Валентина Лисичёнок из Ушач любит заниматься подсобным хозяйством: «Кто-то мечтает о Турции, а я про корову»

Личное подсобное хозяйство

Азёрная, 10 у гарпасёлку. Гэта прасторны функцыянальны дом і вялікі двор з жыўнасцю. Сад і палісаднік з кветнікамі. Усё прадумана і “роўна столькі – колькі трэба”, гаворыць яго абаяльная гаспадыня Валянціна Васільеўна Лісічонак. Пяць яблынь, дзве алычы, некалькі кустоў маліны і вінаграду. Прычым, мала што яна купляла – дом штогод прырастае з яе лёгкай рукі.

“Абразалі ружы восенню ля адміністрацыйнага будынка, выкінулі, я пасадзіла і яны прыжыліся. Вунь фларысбунда, чайная… Зараз зноў падрыхтавала чаранкі. Яны любяць паўночна-­заходнія “падаконнікі” і халаднаватае месца”.

Пачаставалі зялёным вінаградам, спадабаўся. Захавала на зіму чаранкі, а хутка ён створыць арку ля дома. Паколькі Валянціна Васільеўна – страхавы агент, то ўвесь час мае справу з рознымі людзьмі, а значыць і магчымасць вучыцца, пераймаць тое, што падабаецца. Многа ля дома розных кветак, а было яшчэ больш. “Аднагадовыя вельмі многа часу адымаюць”, а яго няма, паколькі асноўнае захапленне Валянціны ўсё ж не раслінаводства, а жывёлагадоўля.

Жывёла ўсё адчувае

Напэўна, сельскагаспадарчая акадэмія, куды паступіла пасля школы выдатніца з адной чацвёркай у атэстаце, была невыпадковым выбарам. Хоць і пакінула Валянціна інстытут (рана памерла маці, у дзевятнаццаць стварыла сваю сям’ю), усё ж жывёлу яна не проста любіць, а ў ёй разбіраецца і адчувае. Адносіцца як да роўнай, жывой істоты. Па гэтай прычыне і не дае мянушак. Не разумее, як можна клікаць цялё ці парсюка Боркам, а потым нажом па горле. Любіць назіраць за ростам і радавацца, калі ўсё добра. Але імкнецца не прывязвацца да гадаванцаў. Ведае, наколькі “няправільны” ў яе характар.

“Здавалі кароў свекрыві – плакала яна, карова і я. Памятаю, як мама казала, што карова добра разумее настрой чалавека, і калі ёй было дрэнна на душы, у каровы таксама каціліся слёзы. У бацькоў у Ляснеўшчыне была вельмі вялікая гаспадарка, трымалі кароў, трусоў, птушку, парсюкоў. Таму зразумела, што дзеці былі занятыя ўвесь час. “Праполеш буракі – пойдзеш у кіно”. Маці­настаўніца вярталася са школы пазней, таму абедзенная дойка была на плячах Валянціны, якая спасцігла гэту справу гадоў з шасці. Кароўка была выдатная, за раз давала літраў 10, якія малое дзяўчо з цяжкасцю цягнула з пашы.

“І галоўнае, усё паспявалі. Умелі не толькі працаваць, але і адпачываць, – прыгадвае жыццё ў бацькоўскім доме Валянціна. – І ўзахлёб чыталі. Каб набыць “Залатое цяля”, трэба было здаць 25 кілаграмаў макулатуры. І маці ва Ушачы цягнула гэты груз, каб купіць Ільфа і Пятрова, а потым чыталі па чарзе. “Анжаліку”, зацёртую да дзірак, пад запіс выдавала аднавяскоўцам”.

Нехта марыць аб Турцыі, а я пра кароўку

– У мінулым годзе я працавала па Глыбачанскім сельсавеце, памятаю, людзі неяк масава здавалі кароў. Не разумею, як можна жыць на вёсцы і не трымаць карову. Як можна галадаць, а на зямлі пладзіць пустазелле. Як можна не разумець, што буронка, як і зямля, – гэта карміцелька, якая акупляецца за паўгода. Сена сёння не можа накасіць толькі лянівы. Не бяру ў разлік людзей сталага ўзросту. Мука будзе – добра, не – не абавязкова. Дванаццаць мільёнаў закончацца мігам, а карова гарантуе штодзённую ежу плюс грошы на хлеб. І паверце, нехта марыць пра Турцыю, а я марыла пра карову. І год таму набыла. Раней таксама трымала, потым не атрымлівалася глядзець з­за работы. І вось цяпер у мяне Ластаўка.

Шкада, што не перадаць словамі інтанацыю, з якой Валянціна паведаміла пра мянушку сваёй карміцелькі. Паважліва і пяшчотна. Кароўка – каралева яе вялікага жывёльнага двара.

Набуду хлебапечку – забудуся, дзе магазін

– Паспрабуйце, узважце, гэта толькі з віду яны падманліва­невялікія, – Валянціна паказвае на індычку, якая павольна сунулася за астатнімі да карыта. – Гэта верная прыкмета, што пара біць, – ногі ўжо не трымаюць уласнай вагі. Хоць індычка і менш за самца, а кілаграмаў 10 ужо ёсць. 5­6 –толькі грудка, якая, дарэчы каштуе па 130 тысяч за кілаграм. Я не прадаю, дзялюся з роднымі, хоць аднойчы вельмі ўпрошвалі прадаць. Мяса ж дыетычнае, вырашчанае на чыстых кармах. З курыцы сваёй булён які духмяны, а з куплёнай…

Індыкоў­бройлераў Валянціна гадуе не першы год, і за гэты час не расчаравалася ў птушцы, лічыць адной з самых выгадных і смачных. Паколькі індычаняты вельмі кволыя да месяца, вось ужо другі год спецыяльна ездзіць у Астравец Гродзенскай вобласці на птушкафабрыку, дзе прадаюць месячных індычанят. Сёлета ўвялі абмежаванне па палавой прыкмеце, прадаюць 50 на 50. Здараецца, і хварэюць, таму апрабавала метранідазол, таблеткі на асобіну хапае, каб зноў стала бадзёрай. Валянціна да многага даходзіць сама, або раіцца з такімі ж апантанымі аматарамі жыўнасці. Індыкі, напрыклад, дрэнна пераносяць хваробы печані, разносчыкамі якіх з’яўляюцца куры, таму пажадана іх трымаць асобна.

Ходзяць па двары і звычайныя індычкі – жывы інкубатар, хоць ёсць штучны. Добра вядома, што гэта птушка – выдатная маці, якая выхадзіць і качак, і куранят – любыя падкладзеныя яйкі. А ў такіх месцах, як на вуліцы Азёрнай, дзе побач балота і лес, проста незаменная ў гаспадарцы, паколькі здалёк бачыць і нават адчувае небяспеку. Па яе сігнале хаваюцца потым і куры. Сірэнай заліваецца пры набліжэнні лісы ці каршуна і цацаркі. Гэта птушка нясе дыетычныя яйкі, якія захоўваюцца 6 месяцаў і іх можна даваць нават дзецям, у якіх алергія на жаўток.

Выгаднымі лічыць Валянціна Васільеўна і в’етнамцаў, што, як і індыкі, вельмі любяць расліннасць, якой так многа навокал, асабліва сёлета. Напрыклад, “стравай дня” было вотруб’е з цёртымі яблыкамі. Можна далучыць і вараную бульбу. У ход ідзе ўсё, што расце на агародзе і побач, а таксама тое, што застаецца ад стала.

Трусы таксама выгадная жывёла: трава, вада – і ніколі не паскардзяцца, што галодныя, аднак яны моцна хварэюць. Хто хоць аднойчы закапаў іх дзясяткамі, той ведае. Нават клеткі Валянціна загадала мужу разабраць, каб не было спакусы зноў завесці, а набывала ж вялізных, пародзістых, з піпеткі выпойвала малых. Падабаюцца ёй гусі, асабліва белыя, для якіх пажадана прастора для выгулу. А вось качак лічыць нявыгаднымі, у адрозненні ад усіх парасят. “В’етнамцаў трэба трымаць некалькі, а сярод астатніх лепш за ўсё нашы звычайныя белыя свінні. На ландары, у мяне зараз менавіта такая беконная свінка, сала не наросціш. А наогул поўная маразільная камера і мноства тушонак. Хапае сабе і дзецям. Вось хутка набуду яшчэ хлебапечку і магазін буду наведваць толькі раз у месяц. Навошта, у мяне ж усё сваё, гарантавана выдатнай якасці, я імкнуся не выкарыстоўваць у рацыёне камбікорм.

Маразілка Валянціны сапраўды ўнушальная – пяць адсекаў былі забіты не грыбамі ды ягадамі, а толькі мясам, сярод якога індычына і свініна, калі засекі апусцеюць, зноў папоўняць запасамі. З грыбамі, дарэчы, таксама ўсё ў парадку – сушаныя, мочаныя, марожаныя і марынаваныя – Валянціна ўмудраецца вылучыць гадзіну і для лесу.

Сплю крэпка і лёгка

Гэтай фразай Валянціна Васільеўна пераконвала ў карысці дамашняга малака – куплёнае яна не п’е. Аднак думаецца, што сакрэт трывалага сну не толькі ў малацэ, а і ў тым, што цэлы дзень гаспадыня на нагах, ён разбіты па хвілінах і толькі догляд за жывёлай займае ўвечары дзве гадзіны. І гэта пры тым, што работа па гаспадарцы з’яўляецца агульным клопатам сям’і Лісічонкаў. Уся мужчынская справа на Уладзіміры Іванавічу – выратавальніку, які за 25 год работы ў МНС атрымаў медаль за бездакорную службу. Ім ніхто не дапамагаў абжывацца, будавацца. Літаральна ўсё самі, удваіх: і фундамент, і падлога, толькі зруб паставілі з пабочнай дапамогай. У крэдыт набылі мотаблок, які дапамагае ва ўсёй справе па гаспадарцы. Ёсць траварэзка і іншыя прылады, што спрашчаюць сялянскую працу і значна дапамагаюць папоўніць сямейны бюджэт. Яны заўсёды разлічвалі толькі на сябе, і менавіта таму, каб вырасціць дзяцей і пабудаваць дом, і заводзілі вялікую гаспадарку. Дзве дочкі ўжо выраслі – старэйшая працуе і мае ўласную сям’ю, малодшая сёлета паступіла ў медыцынскі каледж. А яшчэ яны – прыёмная сям’я, у якой вось ужо пяты год расце пляменнік Ваня.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *