Что изменилось в назначении пенсий за работу с особыми условиями?

Правовая консультация

Закон “Аб прафесійным пенсійным страхаванні” дзейнічае ў Беларусі з 1 студзеня 2009 года. Тым не менш, далёка не ўсе грамадзяне дагэтуль разабраліся ў яго нюансах, у выніку чаго пазбавіліся некаторых магчымых бонусаў. Каб засцерагчы ад гэтага ўшачан, мы звярнуліся ў раённы аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, які займаецца прызначэннем і выплатай прафесійных пенсій, і папрасілі яго начальніка Алену Васільеўну Пашковіч спыніцца на важнейшых момантах дакумента.
– Закон закліканы паступова замяніць сістэму датэрміновых пенсій прафесійнымі. На прызначэнне апошніх могуць разлічваць работнікі з асаблівымі ўмовамі працы. Да такіх адносяцца настаўнікі, урачы і медыцынскія сёстры, работнікі сельскагаспадарчай вытворчасці (напрыклад, трактарысты-машыністы, аператары машыннага даення, жывёлаводы), вадзіцелі пасажырскага транспарту, артысты, спартсмены і інш. Поўны пералік адзначаных катэгорый работнікаў утрымлівае артыкул 5 дакумента.
– Што з’яўляецца галоўнай умовай фарміравання прафесійнага стажу?
– Выплата наймальнікам узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Зрэшты, такая ўмова павінна выконвацца і пры назначэнні працоўнай пенсіі па ўзросце, калі ўзнікае неабходнасць пацвердзіць перыяд працоўнага стажу адпаведным перыядам выплаты абавязковых страхавых узносаў. На сённяшні дзень такі перыяд складае 15 гадоў і 6 месяцаў. А пачынаючы з 1 студзеня 2017-га стаж работы з выплатай узносаў будзе павялічвацца на 6 месяцаў штогод, да дасягнення 20 гадоў.
Законам “Аб прафесійным пенсійным страхаванні”, наколькі я ведаю, прадугледжаны два віды прафесійных пенсій…
– Сапраўды, гэта датэрміновая (да дасягнення агульнапрынятага пенсійнага ўзросту) і дадатковая (па яго дасягненні) пенсіі. Спынюся падрабязней на першай. Прызначаецца яна пры ўмове накаплення неабходнага прафесійнага стажу. Адзначу, што для розных катэгорый работнікаў – у залежнасці ад складанасці і напружанасці працоўнага працэсу – ён свой. Так, для грамадзян, занятых поўны працоўны дзень на работах з асабліва шкоднымі і асабліва цяжкімі ўмовамі (Спіс №1), законам прадугледжаны прафесійны стаж для жанчын – не менш 7 гадоў і 6 месяцаў, для мужчын – не менш 10 гадоў, – пры яго наяўнасці ўзнікае магчымасць афармлення прафесійнай пенсіі да дасягнення агульнапрынятага пенсійнага ўзросту на 10 гадоў. Для грамадзян, занятых поўны працоўны дзень на работах са шкоднымі і цяжкімі ўмовамі (Спіс №2), прадугледжаны прафесійны стаж для жанчын – не менш 10 гадоў, для мужчын – не менш 12 гадоў і 6 месяцаў, – у такім разе можна да дасягнення агульнапрынятага пенсійнага ўзросту аформіць прафесійную пенсію на 5 гадоў. На такі ж яе тэрмін могуць разлічваць мужчыны, якія працуюць не менш 20 гадоў трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама жанчыны, якія аддалі не менш 20 гадоў рабоце ў якасці аператараў жывёлагадоўчых і свінагадоўчых комплексаў, аператараў машыннага даення. Гэтак жа і з іншымі катэгорыямі работнікаў.
У перыяд атрымання датэрміновай прафесійнай пенсіі чалавек можа працягваць працаваць на пасадзе з асаблівымі ўмовамі працы?
– Не. У такім выпадку работнік павінен або звольніцца, або ажыццяўляць працоўную дзейнасць у звычайных умовах.
– Хто можа разлічваць на атрыманне дадатковай прафесійнай пенсіі?
– Работнікі, якія не скарысталіся правам на прызначэнне датэрміновай прафесійнай пенсіі і ўжо дасягнулі агульнапрынятага пенсійнага ўзросту (да 1 студзеня 2017 года для жанчын – гэта 55 гадоў, для мужчын – 60). Штомесячная сума выплат такой пенсіі складае бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае ў месяцы, за які яна выплачваецца (у снежні – 174,52 руб.)
– На працягу якога часу выплачваецца дадатковая прафесійная пенсія?
– Гэта залежыць ад часу занятасці работніка ў асаблівых умовах працы, за які наймальнік ажыццяўляў выплату ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне ў органы Фонду. У сярэднім па статыстыцы, перыяд выплаты дадатковай прафесійнай пенсіі складае ад 1 да 20 месяцаў.
Датэрміновая і дадатковая прафесійныя пенсіі прызначаюцца спецыялістамі Фонду. А што наконт грамадзян, якія аформілі і атрымліваюць працоўную пенсію за работу ў асаблівых умовах (па Спісах №1 і №2) ці за выслугу гадоў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па Законе “Аб пенсійным забеспячэнні”?
– Яны ўжо не змогуць скарыстацца правам на прызначэнне датэрміновай прафесійнай пенсіі ў органах Фонду. Справа ў тым, што ўсе пенсійныя зберажэнні, назапашаныя на асабовым рахунку работніка за кошт аплачаных наймальнікам страхавых узносаў, перадаюцца ў такім разе ў органы па працы для кампенсавання выдаткаў па выплаце працоўнай пенсіі.
– На Ушаччыне хто-небудзь скарыстаўся правам на прафесійную пенсію?
– Безумоўна. З 2009 года дадатковую прафесійную пенсію ў нашым раёне аформілі ўжо 202 чалавекі.
– Дзякуй за тлумачэнні.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *