Какие последствия могут быть из-за зарплаты «в конверте»

Правовая консультация

У адпаведнасці з артыкулам 56 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь грамадзяне нашай краіны абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Большасць з нас робіць гэта сумленна, аднак ні для каго не сакрэт, што некаторыя работнікі атрымліваюць заработную плату “ў канверце”, з якой не ўтрымліваецца і не пералічаецца ў бюджэт падаходны падатак, адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

З юрыдычнага пункту гледжання адказнасць за выплату зарплаты “ў канверце” нясе наймальнік: з яго спаганяюцца падаткі, зборы, іншыя абавязковыя плацяжы ў бюджэт і пеня за несвоечасовую іх выплату. Адзначу, што за падобныя правапарушэнні прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. У той жа час заработная плата “ў канверце” мае шэраг негатыўных наступстваў і для фізічных асоб, якія яе атрымліваюць. У першую чаргу праблемы могуць узнікнуць пры дэклараванні грамадзянамі прыбыткаў і маёмасці. Так, пры выяўленні фактаў перавышэння расходаў фізічнай асобы над прыбыткамі, а таксама выпадкаў ухілення ад выплаты падаходнага падатку падатковыя органы маюць права запатрабаваць дэкларацыю аб даходах і маёмасці. Зразумела, што грамадзянін не зможа пацвердзіць крыніцу атрымання прыбыткаў, адпаведна яму будзе налічаны падатак з сум перавышэння расходаў над прыбыткамі. Акрамя гэтага ў адносінах чалавека можа быць прыменена мера адміністрацыйнай адказнасці – штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.

У дадатак да ўсяго ценявая заработная плата пазбаўляе чалавека сацыяльнай абароненасці. Найперш гэта датычыцца пенсіі, бо пры яе налічэнні ўлічваецца толькі тая заработная плата, якую работнік атрымліваў афіцыйна. У выпадку захворвання работнік атрымае аплату бальнічнага ліста толькі з разліку афіцыйна налічанай зарплаты. Тое ж чакае работніка пры налічэнні сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку і іншых прадугледжаных заканадаўствам сацыяльных выплат.

Атрыманне заработнай платы ў “канверце” без заключэння працоўнага дагавору з наймальнікам нясе наступныя рызыкі: магчымасць неатрымання заработнай платы ў выпадку любога канфлікту з наймальнікам; поўнае пазбаўленне сацыяльных гарантый, звязаных са скарачэннем, навучаннем, нараджэннем дзіцяці, страхавых выплат і сацыяльных льгот пры атрыманні вытворчых траўмаў. Акрамя гэтага чалавеку могуць адмовіць у выдачы крэдыту, бо ў даведцы з месца работы будзе значыцца ў лепшым выпадку памер мінімальнай заработнай платы.

У вы­ніку падману дзяржавы і недаплаты падаткаў у бюджэт сёння­заўтра недаатрымаюць заработную плату настаўнікі, урачы, а пенсію – грамадзяне пажылога ўзросту. А ўжо паслязаўтра ахвярай такога падману станеце і вы самі, атрымаўшы зусім малую пенсію.

В.ЛАТОЧКА, галоўны юрысконсульт інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ушацкім раёне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *