Сергей Захарович Яскевич — и мастер, и маэстро

Экономика и малый бизнес

У далёкім 1968 годзе тагачасны загадчык раённага аддзела адукацыі Іван Сямёнавіч Кулага знаёміўся ў сваім кабінеце з прыбыўшымі на Ушаччыну па размеркаванні маладымі педагогамі. “Хто з вас іграе на якім-небудзь музычным інструменце?” – нечакана запытаў ён. “Я крыху на баяне ўмею”, – падаў голас адзін з юнакоў. “Вось і выдатна! Пойдзеш у Плінскую школу. Там якраз настаўніка спеваў у армію забралі, будзеш акрамя ўрокаў працы весці і гэты прадмет”, – мовіў загадчык, нават не ведаючы, што ў гэты момант вызначае ўвесь далейшы лёс Сяргея Яскевіча.

Зрэшты, вёска Двор Пліна з першага знаёмства ўраджэнца Аршанскага раёна ніяк не ўразіла: бездараж, старая школа з пячным ацяпленнем… І ён бы, напэўна, зусім засумаваў, каб не калегі па рабоце і дырэктар Варвара Сцяпанаўна Мірановіч, якія вельмі цёпла сустрэлі маладога спецыяліста. Адпрацаваўшы нядоўгі час, ён быў прызваны ў армію, а калі праз два гады вярнуўся ў Двор Пліна – вёску было не пазнаць: асфальтаваная дарога, новая школа, а неўзабаве побач разгарнулася вялікая будоўля мемарыяла “Прарыў”. “Вокны класа выходзілі на дарогу і мы з цікавасцю назіралі, як грузавікі везлі на комплекс вялізныя дэталі будучай фігуры партызана: ногі, галаву і корпус”, – прыгадвае Сяргей Захаравіч. Будавалася і сама вёска, пачалі ўзводзіцца жылыя дамы, у адным з якіх пры садзейнічанні новага дырэктара школы – дачкі легендарнага камбрыга Ніны Фёдараўны Дуброўскай – Сяргей Яскевіч атрымаў уласнае жыллё.

Насычаным у вёсцы было і музычнае жыццё. У той час па ўсёй краіне набылі незвычайную папулярнасць вакальна-інструментальныя ансамблі, быў такі калектыў і ў Двор Пліне. У 1973-м тры Сяргеі – Яскевіч, Хамёнак і Парашкін, а таксама Аляксандр Ярмош і Генадзь Ланцунцэвіч стварылі ВІА “Ліра”. Сканструяваная ўласнымі рукамі апаратура, пераробленыя з акустычных электрагітары, прыроджаныя музычныя здольнасці, модны рэпертуар і бязмежны юнацкі энтузіязм – што яшчэ трэба для поспеху? І ён да ансамбля прыйшоў вельмі хутка. Танцавальныя вечары, на якіх іграла “Ліра”, былі папулярнымі на ўвесь раён: у школьнай спартыўнай зале, дзе яны ладзіліся, недзе было яблыку ўпасці, моладзь прыязджала нават з Ушач. “Ліру” запрашалі на канцэрты ў розныя кропкі раёна, было на іх рахунку і выступленне на абласным аглядзе творчых калектываў.

Адным з самых запамінальных стала выступленне ў РДК у Дзень Перамогі. Група планавала спець некалькі песень, ключавой з якіх быў нумар “На брацкіх магілах”. Аднак выконваць на канцэрце песню Высоцкага, творчасць якога ў той час савецкай ідэалогіяй не віталася, музыкантам забаранілі, яны ж паставілі ўльтыматум: альбо пяём гэты хіт, альбо ўвогуле не выходзім на сцэну. І трэба сказаць добрыя словы ў адрас тагачаснага загадчыка аддзела культуры Аліны Фёдараўны Пашуты, якая ўзяла на сябе рызыку дазволіць выканаць нумар, аб’явіўшы яго проста як патрыятычную песню аб вайне. Падчас выступлення ВІА многія гледачы ў зале плакалі.

Здараліся ў Сяргея і іншыя казусныя сітуацыі. У падабенства набыўшым папулярнасць у савецкай моладзі бітлам, ён насіў доўгія валасы. І вось заехаў неяк у іх школу інспектар з абласнога аддзела адукацыі, і трэба ж было маладому настаўніку трапіцца яму на вочы! “Хто гэта?!” – з абурэннем запытаў правяраючы ў дырэктара. “Гэта… лабарант”. “Звольніць!” Аднак Іван Сямёнавіч Кулага маладога настаўніка шанаваў, таму, выклікаўшы яго ў кабінет, загадаў: “Зараз жа ідзі ў цырульню – я буду за табой праз вакно сачыць!” Зайшоў Сяргей у КБА, ды так шкада яму стала сваёй моднай прычоскі, што збег ён адтуль праз чорны ход. А вечарам сябра па ансамблі Сяргей Хамёнак крыху “акультурыў” яго галаву, састрыгшы самыя неахайныя пасмы. Так і застаўся настаўнік у школе.

Напэўна, вельмі здзівіўся б той інспектар, каб тады яму сказалі, што педагагічная кар’ера “лабаранта” будзе ў Плінскай школе доўгай і паспяховай, што стане ён адным з самых паважаных настаўнікаў у раёне. Сяргей Захаравіч аказаўся педагогам ад Бога, увесь час ён імкнуўся развівацца, удасканальваць свае веды. Увогуле, вельмі рэдка бывае, каб адзін чалавек меў столькі розных талентаў: а С.Яскевіч – і Майстар, і Маэстра. Акрамя працы і спеваў давялося яму весці ўрокі чарчэння і нават фізікі, а калі ў 1999 годзе ў Плінскай школе з’явіўся першы камп’ютар, дырэктар установы Мікалай Нікіфаравіч Асташонак прапанаваў мужчыну рыхтавацца да выкладання інфарматыкі. “Згадзіўся я не адразу, – прызнаецца настаўнік. – На той момант мне ўжо было 50, вось і палічыў сябе стараватым для такой сучаснай справы. Аднак паназіраў за ўрокамі настаўніцы, якую прыслалі з горада, і зразумеў, што гэта справа будучага! А потым сам папрасіўся на курсы”.

Вось ужо 16 год настаўнік выкладае ў школе інфарматыку. І менавіта гэты прадмет называе самым любімым. Як і да ўсяго, за што бярэцца, ён падыходзіць да інфарматыкі творча – напрыклад, распрацаваў уласны электронны даведнік па вядзенні кожнага ўрока. Камп’ютарныя праграмы дапамагаюць Сяргею Захаравічу і ў выкладанні працы. Дарэчы, па гэтым прадмеце яго вучні пастаянна ў ліку пераможцаў раённай алімпіяды. У час нашага візіту ў Плінскую школу засталі Сяргея Захаравіча менавіта ў майстэрні: ён паказваў васьмікласніку Андрэю Бутоўскаму, як вырабіць драўляную загатоўку. А ў час перапынку ў майстэрню зазірнулі дзяўчаты: “Сяргей Захаравіч, а можна мы і сёння прыйдзем паспяваць?” Ужо шмат год настаўнік вядзе гурток “Вясёлыя ноткі”, і хоць па распарадку ён двойчы на тыдзень, школьнікі прыходзяць штодня – ну як жа ім адмовіш?

Дарэчы, менавіта пастаяннае жаданне дапамагчы ўсім і кожнаму, а таксама бязмежнае імкненне да самаразвіцця называе ключавымі рысамі характару гэтага чалавека цяперашні дырэктар навучальнай установы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч. І сапраўды, трэба было чуць, з якім імпэтам настаўнік інфарматыкі пачаў расказваць мне пра новую сістэму праграміравання “Скрэтч”, якую плануюць з наступнага года ўводзіць у школах. Пры гэтым тлумачыў яе асаблівасці так даступна, што і дылетанту ўсё было зразумела: вось што значыць – сапраўдны педагог. Каб быць у тэме, Сяргей Захаравіч пастаянна сочыць за новымі распрацоўкамі, напрыклад, запісаўся на дыстанцыйныя курсы па стварэнні вучэбных інтэрнэт-блогаў. Адным словам, гэты чалавек, які без аднаго года паўвека прысвяціў адзінай роднай школе, проста ўнікальны, і пасля знаёмства з ім я па-добраму пазайздросціла яго калегам і вучням.

Ёсць у Сяргея Захаравіча і яшчэ адзін найважнейшы здабытак – цудоўная сям’я: нязменная спадарожніца жыцця Вольга Мікалаеўна і пяцёра ўжо дарослых дзяцей. Людміла, Марыя і Насця атрымалі спецыяльнасці прадаўца, медработніка і будаўніка, а малодшая Люба – паспяховы візажыст і зорка тэлебачання – летась многія ўшачане з цікавасцю сачылі за яе ўдзелам у папулярнай праграме “Давай ажэнімся!” Творчую прафесію абраў і сын Аляксандр: ён галоўны гукарэжысёр мюзіклаў, якія ставіць на сцэнах Мінска расійскі кампазітар Кім Брэйтбург. Такім чынам, дзеці не падводзяць свайго тату і, канечне, вельмі яго любяць. А ў вольны час заўсёды прыязджаюць у Двор Пліна дапамагаць бацькам па гаспадарцы – каб выгадаваць дзяцей і даць ім дастойную адукацыю, Яскевічы заўсёды трымалі шмат жывёлы, апрацоўвалі вялікі ўчастак. “Сыны і дочкі раз’ехаліся, а мы з жонкай, нібы па звычцы, і зараз трымаем дзвюх кароў – пашкадавалі збываць”, – расказвае Сяргей Захаравіч і дадае, што праца на сядзібе заўсёды прыносіла яму задавальненне, была “разгрузкай” пасля разумовай дзейнасці. І яму вельмі шкада, што зараз у гаспадароў на іх Паркавай вуліцы засталося толькі тры каровы, тады як некалі было 30. Але ж гэта агульная тэндэнцыя… Канечне, не такая вялікая і мнагалюдная зараз ужо і іх вёска, але мужчына яе па-ранейшаму вельмі любіць. І з усмешкай кажа, што вельмі ўдзячны баяну, які адыграў такую значную ролю ў яго лёсе…

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *