Где нужно навести порядок? Совместный рейд редакции и районной инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды

Экология

Навядзенне парадку на зямлі заўсёды сярод прыярытэтных напрамкаў у Беларусі, сёлета ж добраўпарадкаванне стала ключавой тэмай, застацца ўбаку ад якой немагчыма. Усе рэгіёны краіны далучыліся да экалагічнай кампаніі “Уладкуем малую радзіму”, якая мае на мэце зрабіць яшчэ больш чыстымі і прывабнымі нашы родныя мясціны. Тым не менш некаторыя землекарыстальнікі не спяшаюцца наводзіць парадак на сваіх тэрыторыях. Каб падштурхнуць іх да дзеяння, раённая прыродаахоўная інспекцыя і рэдакцыя “Патрыёта” ладзяць сумесныя рэйды, падчас якіх выяўляюць тэрыторыі, дзе неабходна навесці парадак.

Асобныя кропкі маршруту, па якім мы разам з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаілам Аляксандравічам Шуком рухаліся ў панядзелак, падказалі сігналы грамадзян. Так, дачнікі вёскі Замошша наракалі на тое, што прадпрыемства “Маяк-Ушацкі” восенню заклала сіласную траншэю занадта блізка ад вёскі, і вясной пры вывазцы кармоў жыхарам перашкаджаў непрыемны пах. Як высветлілася, на момант нашага аб’езду сілас ужо быў вывезены. А вось пра ўборку пасля сябе аграрыі не паклапаціліся, пакінуўшы кавалкі плёнкі і рэшткі кармоў.

Не спяшаюцца наводзіць парадак на забруджанай тэрыторыі ля былых майстэрань у Матырыне работнікі прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Малах Плюс”. “Пабудовы з вырабленых тут драўляных зрубаў хутка ўпрыгожаць іншыя населеныя пункты, а выгляд свайго вытворцы псуюць неахайнымі кучамі пілавання”, – пракаменціраваў убачанае М.Шук і дадаў, што дырэктар прадпрыемства раней ужо быў прыцягнуты інспекцыяй да адміністрацыйнай адказнасці, але становішча не выправіў, таму на гэты раз меры будуць больш жорсткімі.

Вельмі псуюць прыгажосць ушацкіх краявідаў трухлявыя пабудовы – такія, напрыклад, як рэшткі дома №18 у Старым Сяле Ушацкага сельсавета. Нягледзячы на штогадовыя бюджэтныя ўкладанні і пастаянны кантроль за выкананнем мерапрыемстваў па рэалізацыі Указа №100, колькасць такіх будынкаў змяншаецца марудна. Да таго ж сельвыканкамы як правіла адкладваюць гэту работу на восень, тады як правільна было б весці яе планамерна, пачынаючы з вясны.

Трапілі ў наша поле зроку і прыватныя сядзібы. “Усё наваколле загрувасціў сваім металаломам”, – паскардзіліся ў інспекцыю вяскоўцы на аднаго з жыхароў Ваўча. І сапраўды, на прылеглай да свайго двара і нават больш аддаленай тэрыторыі населенага пункта гэты гаспадар расставіў вялікія металічныя ёмістасці, бетонныя пліты і іншыя прадметы, што зусім не ўпрыгожваюць мясцовасць. Зрэшты, атрымаўшы заўвагу, ён даў абяцанне ў бліжэйшы час навесці парадак ля сядзібы. Факт яго выканання будзе правераны падчас наступных сумесных рэйдаў, як і наяўнасць іншых парушэнняў заканадаўства ў плане навядзення парадку на зямлі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *