За музейными кулисами. Как в музее хранят и ухаживают за экспонатами?

Общество

Музей народнай славы імя У.Е.Лабанка – гэта сапраўдны храм памяці пра гераічнае мінулае нашага краю. Наяўнасць такой багатай экспазіцыі ў невялікім пасёлку – выпадак унікальны. Ва ўшацкіх фондах захоўваецца больш 20 тысяч музейных прадметаў: дакументы, здымкі, зброя, узнагароды, асабістыя рэчы партызан і шмат чаго іншага. Як усе гэтыя прадметы на працягу многіх дзесяцігоддзяў не губляюць свой выгляд? Нават руплівыя гаспадыні раз-пораз з непрыемнасцю заўважаюць, што ў шафе пасялілася моль, а ў буфеце з’явілася цвіль. У музейных жа сховішчах безліч натуральных рэчаў, якія патрабуюць пастаяннага догляду. Дырэктар установы Наталля Пятроўна Бугай згадзілася прыадчыніць для нас музейныя кулісы.

”Не толькі раскажу, а зараз і пакажу! – так сустрэла яна пытанне пра захаванне экспанатаў і прапанавала мне прайсці… на дах будынка, дзе якраз быў вывешаны на прасушку шынель. – У свой час гэтае адзенне сагравала нашага слаўнага земляка Васіля Мацвеевіча Хілу. Ён прайшоў ваеннымі шляхамі ад Масквы, дзе ў 41-м навучаў апалчэнцаў, да Кёнігсберга – там вясной 45-га разгарнулася легендарная штурмавая аперацыя. Калі адкрыўся наш музей, Васіль Мацвеевіч здаў у яго цэлы комплекс матэрыялаў. Заслужаны настаўнік БССР, шматгадовы дырэктар Вялікадолецкай школы пайшоў з жыцця ў 1974-м годзе, а вось шынель на доўгі час застанецца рэальным напамінам пра свайго гераічнага гаспадара”.

Наколькі доўгі – залежыць ад прафілактычных мерапрыемстваў па захаванні фондаў. У музейных экспанатаў нямала ворагаў: час, які састарвае не толькі людзей, але і рэчы, перапад тэмператур і павышаная вільготнасць, што правакуюць з’яўленне цвілі, шкоднікі. “Плесневыя грыбкі асабліва ахвотна селяцца на экспанатах са скуры, дэрмаціну, каленкору – а таму рамяні, партупеі, боты, іншыя рэчы рэгулярна праціраем спіртам, – пасвячае ў акалічнасці музейнай кухні Наталля Пятроўна. – А яшчэ вялікая небяспека для іх – жук-скураед, пазбавіцца ад якога можна толькі хімічным спосабам. Для гэтага апошнім часам знайшлі даволі дзейсны прэпарат пад назвай “Чысты дом”, які набываем у спецыялізаванай краме “Хімрэактывы” ў Мінску. Ён у комплексе з рэгулярнай прасушкай на сонцы дапамагае абараніць ад молі шынялі, гімнасцёркі, галіфэ. Страшны вораг для многіх музеяў, асабліва этнаграфічнага профілю, – шашаль, вывесці якога практычна немагчыма. Гэты жук аддае перавагу дрэву, але можа спакусіцца і на паперу. Уяўляеце, якая гэта небяспека для каштоўных дакументаў, кніг, здымкаў!”

Прынамсі, некаторыя экспанаты з паперы таксама ў гэты дзень былі выкладзены для прасушкі ў адным з кабінетаў – як патлумачылі супрацоўнікі, выносіць іх на сонца нельга. Разглядаючы раскладзеныя на сталах пажоўклыя здымкі, пасведчанні аб прысваенні ўзнагарод, падпісаныя партызанскімі камандзірамі даведкі, падумала, якая гэта годная і важная справа – захоўваць артэфакты нашага гераічнага мінулага. Прычым, як у агульнагістарычным разрэзе, так і для канкрэтных нашчадкаў герояў. Памятаю, як хвалююча для мяне было ўбачыць асабістую анкету, запоўненую рукой майго дзядулі – камісара атрада “КІМ” Аляксандра Вярбіцкага. Нават не ведала, што ў фондах нашага музея ёсць такі дакумент. “Апошнім часам назіраецца ўсплёск цікавасці да экспанатных прадметаў, звязаных з асобамі воінаў і партызан: да нас пастаянна звяртаюцца іх родныя не толькі з Беларусі, а і з Расіі, іншых краін. Думаецца, што ў немалым гэта ўплыў папулярнасці руху “Бессмяротны полк”, – адзначае Н.Бугай. – Часцей за ўсё шукаюць здымкі. І бывае вельмі прыемна, калі ўдаецца з гэтым дапамагчы. Так, нядаўна родныя нашага славутага земляка Генадзя Гарбука звярнуліся ў музей з просьбай знайсці фота бацькі народнага артыста. Трэба сказаць, што Міхаіл Ануфрыевіч Гарбук быў прыкметнай асобай: удзельнікам калектывізацыі, партызанскага руху – камандзірам рэзервовага атрада брыгады Чапаева, пасля вайны займаў пасаду народнага суддзі Ушацкага раёна. Так здарылася, што ў сям’і не засталося ніводнага здымка, у нашых жа архівах фота захавалася”.

Героі мінулых пакаленняў з намі, пакуль мы іх помнім, пакуль беражліва захоўваем тое, што нагадвае пра іх.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *