Борщевник Сосновского называли гераклиумом

Общество

Многія краіны, у тым ліку і Беларусь, сутыкнуліся з небяспечнымі для прыроды і чалавека заноснымі відамі раслін. Сярод іх – баршчэўнік Сасноўскага. На барацьбу з ім трацяцца немалыя сродкі. Аб сітуацыі ва Ушацкім раёне, мерах барацьбы з гэтым пустазеллем мы папрасілі расказаць начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.М.ПАДГОЛА.

Такую назву баршчэўніку даў яшчэ Пліній у гонар старажытнагрэчаскага героя Геракла, які згодна легендзе валодаў незвычайнай сілай. Рускую назву “баршчэўнік” расліна атрымала з-за таго, што ў многіх раёнах былога СССР некаторыя яго віды насельніцтвам часта выкарыстоўваліся ў якасці прыправы для баршчу.

У баршчэўніку ўтрымліваецца каля 17 працэнтаў цукру і столькі ж пратэіну, ён добра сіласуецца, прычым, дае высокі ўраджай зялёнай масы. Таму з пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя баршчэўнік Сасноўскага выпрабоўваўся ў Беларусі як кармавая сіласная расліна. З 1973 года ў Віцебскай вобласці ён з’явіўся на палетках саўгаса “Глыбачаны” Ушацкага і “Сялюты” Віцебскага раёнаў. А ў 1979 годзе пачалося яго масавае рассяленне – кожная з 18 гаспадарак раёна заклала насеннікі.

Праз некаторы час вырошчваць баршчэўнік як кармавую культуру перасталі, расліна выйшла з-пад кантролю. Валодаючы хуткім ростам, устойлівасцю да маразоў, шкоднікаў і хвароб, выключна высокай насеннай прадукцыйнасцю, гэты “прышэлец” выцясняе мясцовыя віды травяністых раслін абапал дарог, ліній электраперадач, па берагах рэк, азёр і каналаў, на закінутых землях, у парках і месцах масавага адпачынку людзей. Асаблівую вастрыню праблеме распаўсюджвання баршчэўніку надае тое, што ён утрымлівае фотадынамічна актыўныя злучэнні, якія, трапляючы разам з сокам раслін на адкрытыя часткі цела і наступным апрамяненнем сонечным святлом, здольныя выклікаць запаленні скуры, якія працякаюць як апёкі 1-й, 2-й і нават 3-й ступені.

Згодна з “Матэрыяламі сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі па распаўсюджанні баршчэўніку Сасноўскага ва Ушацкім раёне”, мы ўваходзім у лік 12 раёнаў рэспублікі, дзе склалася крытычная сітуацыя. Усяго на тэрыторыі раёна выяўлена 225 месцаў яго росту агульнай плошчай 600,2 гектара. Найбольшая канцэнтрацыя баршчэўніку у наваколлях вёсак Малінаўка, Крыжы, Сорзава, прычым, ля апошняй (каля 90 гектараў) адна з найбольшых у Беларусі. Распрацаваны мерапрыемствы па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку, у іх канкрэтна, нават на картах і схемах указаны каардынаты росту расліны, плошчы зарастання, спосабы барацьбы, тэрміны і нават адказныя за правядзенне работ.

На падставе гэтых матэрыялаў прынята адпаведнае рашэнне раённага выканаўчага камітэта.

Вучоныя сярод мер барацьбы з гэтым пустазеллем на першае месца, улічваючы высокую насенную прадукцыйнасць, ставяць знішчэнне кветканосаў. Лепш рабіць гэта тады, калі па краі парасонаў з’яўляюцца першыя кветкі. Баршчэўнік – расліна монакарпічная, яна памірае пасля таго як дасць насенне.

Яго можна выкапаць, падрэзаўшы сцеблакорань звычайнай рыдлёўкай на глыбіню 7-10 сантыметраў, каб не засталіся пупышкі, якія дадуць парасткі.

З хімічных спосабаў барацьбы самым распаўсюджаным з’яўляецца прымяненне гербіцыдаў, якія ўтрымліваюць гліфасат у максімальнай дозе (раундап, шторм, ураган, тарнада). Гэты спосаб можа быць эфектыўным, калі апырскванне праводзіць ранняй вясной у перыяд распускання лістоў, а калі дадаткова правесці глыбокае ворыва трыма тыднямі пазней, то эфект будзе найбольш выніковым.

Ну і вядома ж, добры вынік дае скошванне баршчэўніку 2-3 разы за сезон, каб не даць яму зацвісці.

У раёне многае робіцца для абмежавання распаўсюджвання баршчэўніку. Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пастаянна кантралюе сітуацыю. Таму ў наступным годзе барацьба будзе ісці на ўсіх напрамках, усімі пералічанымі спосабамі. Для гэтага прадугледжваецца стварэнне звяна па хімічнай апрацоўцы на базе прадпрыемства меліярацыйных сістэм, многае іншае. Аднак галоўнае, каб не перакладвалася гэта работа толькі на прадпрыемствы і арганізацыі – разам, каля хат, на прысядзібных участках змагацца з гэтым пустазеллем можна і патрэбна.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *